— Затое вось і пакутуе між нас, — задумліва ўздыхнуў Рэц.
Прычоска ў яе была прыгожая і элегантная, не тое, што ў мужчын — нічога не паробіш, вопыт, жанчына ёсць жанчына! — і вусны яна фарбавала далікатна і з вялікім густам. Гэта адразу кідалася ў вочы нават тут, у тлуме, духаце і мыльных выпарэннях пральні.
— А ў нас нават мужчына ёсць, які застаўся мужчынам, — гледзячы ў сваю балею, пахваліўся Рэцаў сусед і патлумачыў: — Не раздоены.
— Я хачу яго пабачыць. Пакажыце, дзе ён?
— Не можам.
— Чаму?
— Ён у турме.
Пачуўшы пра гэта, Радзім вырашыў для сябе, што і сам не дасца на глум і здзек брыгаталовым. У пральні працаваць ён, канечне, будзе, бо нідзе не дзенешся, але рабіць з сябе жанчыну, фарбаваць вусны і гадаваць жаночыя грудзі не дазволіць. Няхай лепей і яго, як таго непакорнага мужнага мужчыну, садзяць у турму.
Радзім разумеў, што ўсё тое, што робіцца на Другім Паўшар'і, разлічана на самазабойства. Мужчына, колькі б яго ні раздойвалі, не народзіць дзіця. Ды і жанчына, якая пахваляецца, што яна — мужчына, таксама не для жыцця. Значыць, нехта свядома запланаваў іх на звод. Хто і навошта?
Ішлі дні за днямі. Усе яны былі занятыя працаю — ад цямна да цямна ў пральні, і толькі ночы аставаліся вольныя.
Начавалі ў стагах сена, што шчодра панастаўляны вакол пральні: іх, мусіць, і складалі тут толькі для начлегу.
Сена было свежае і духмянае, і Радзіму, народжанаму ў вёсцы, гэта падабалася — спаў ён у стагах як забіты.
Некалькі разоў асабіста да яго прыходзіла наглядчыца, маўчала, прыглядалася, але пакуль што нікуды не клікала, нічога ад яго не патрабавала.
Ён жа чакаў. Чакаў, калі і з яго пачнуць рабіць жанчыну.
І не прайшло і тыдня, як яго паклікалі. Вялі доўга. Пераходзілі вуліцы, чакалі на скрыжаваннях, прапускаючы транспарт, міналі плошчы. Нарэшце, спыніліся перад нейкім нязграбным будынкам, які звонку нічым асабліва не вылучаўся між іншымі,— быў абшарпаны і недагледжаны. Аднак усярэдзіне ўсё блішчэла і зіхацела. Чысціня і парадак зусім не адпавядалі знешняму выгляду, а далікатнасць і ўмеранасць ва ўсім гаварылі пра бездакорны густ таго, хто тут жыў. Праўда, яму здалося, што ўсюды завельмі многа розных вышываных дробязяў — яны, акуратненька разасланыя, ляжалі і на сталах, і на ложках, і на крэслах, — але гэтыя пелярушкі не заміналі агульнай чысціні і парадку, а наадварот падкрэслівалі іх.
Непрыемнае ўражанне на яго рабілі мужчыны, якія, здавалася, без усялякай патрэбы сноўдаліся па калідорах — усе нейкія ахайныя, дагледжаныя, не падобныя на раздоеных, але ўсё ж апранутыя з лёгкай жаночай вытанчанасцю — банцікі, каснічкі, кветачкі…
У пакоі ж, куды яго прывялі, усяго гэтага не было. Ён быў абстаўлены без усялякіх упрыгажэнняў, празмернасцяў, нават крыху аскетычна. У глыбіні пакоя, каля самага акна стаяла невялікая, акуратненькая канапа, а на ёй хтосьці сядзеў — здаецца, брытагаловая.
Калі Радзім зайшоў, яна не пачула і не ўбачыла — глядзела ў другі бок і нешта шаптала сама сабе. Хлопец прыслухаўся.
— Запалю я свечку, — разабраў ён, у начной цемры, пакланюся ёй тройчы аддана і скажу словы замоўныя: «Ой вы, духі замоўныя, вялікія, светлыя, злыбяду ад кахання адводзячыя, вы пачуеце мяне, вас упрошваючую, не тушыце свечку, мной запаленую, я паліла яе з чыстай душою: не чужога мужа прыманьвала, не чужога жаніха прыхаджвала. Запаліла дзеля каханага, мне самім лёсам суджанага. І малю я вас, духі светлыя, надзяліце агонь вашай сілаю, сілай добраю, усепранікальнаю, ад пагібелі кахання абараняючай. Запаліце агонь у сэрцы любага, асвятліце ў ім усе злучыны, пасвяціце да самага донейка — чую, там ляжыць ільдзіна стылая — рэўнасць лютая злой разлучніцы. Растапіце тую льдзінку калючую, ёй слязой вярніце гаручаю».
Скончыўшы замову, брытагаловая заўважыла Радзіма, сумелася, падхапілася з канапы і, спяшаючыся, накіравалася да яго — худая, невысокая, з голаю галавою.
Брытагаловая падышла бліжэй, узяла яго за рукі.
— Дзень добры, Радзім, — сказала яна, і толькі тады хлопец пазнаў яе — гэта была Оя.
Дзяўчына радавалася сустрэчы, а ён яшчэ пакуль што не разабраўся ў пачуццях — нязвычна было бачыць яе без валасоў.
Оя, не выпускаючы ягоныя рукі са сваіх, павяла Радзіма да канапы, села сама і пасадзіла яго побач з сабою. Радзім маўчаў — нешта зламалася ў ім, і ён ужо не мог размаўляць з Ояй так нязмушана і шчыра, як раней.
Хлопец моўчкі абвёў пакой вачыма. Яна перахапіла гэты позірк, сказала:
— Я тут жыву.