Выбрать главу

Які разумны ўсё ж быў дурбуд — ён вылічыў і зразумеў седаўку. Дзе ён цяпер? Можа, як і яны, скаціўся куды, жывы і здаровы, а можа, ляжыць дзе між абломкаў, стаптаны абвалам.

А можа, жыхары абодвух паўшар'яў і самі прадчувалі гэты канец, бо калі думаць пра жыццё, хто ж будзе рабіць усе тыя глупствы, якія чыніліся і ў Дурбудзіі, і тут, у краіне жанчын?!

Да яго толькі цяпер дайшло, што раптоўна знікла цэлая папуляцыя людзей, што жылі тут, бо на седаўцы хутчэй за ўсё ніхто не ўтрымаўся. І вось тыя, хто застаўся жывы пасля такога землятрусу, апынуліся на чужой зямлі голыя і босыя. Як пачынаць жыццё, з чаго?

І хто, скажыце, упэўнены, што і гэтая зямля не акажацца яшчэ адною, чарговаю седаўкай? Значыць, усё ў свеце часовае, ненадзейнае. Адсюль і абсурд жыцця. Яшчэ раз будавацца, каб неўзабаве з'ехаць, зваліцца зноў? І так увесь век? Век чалавека і век жыцця? Век зямлі і век неба?

Дык і само ж жыццё тады абсурд, калі яно залежыць ад такой дробязі: заварушыцца ці не заварушыцца седаўка.

Ён стаяў і ўслухоўваўся, як усё яшчэ сунуліся і шамацелі апошнія друзачкі, што затрымаліся сама даўжэй, і думаў, які ж мізэрны і бездапаможны чалавек, калі яго можна абразіць спачатку дурнотаю, а потым і вось такім землятрусам.

Адчуваў, што ў яго думкі ўслухоўваецца і Оя.

Іншае вымярэнне

Было дзве зямлі. Адна ціхамірна ляжала пад нагамі, а другая, якая толькі што перанесла землятрасенне, строма ўздымалася перад ім. Радзім падняў вочы ўгору, але колькі ні глядзеў, нідзе не ўбачыў канца гэтай глухой сцяне.

Ногі яшчэ дрыжэлі ад страху, яму хацелася да чаго-небудзь прысланіцца, каб супакоіцца і сабрацца з думкамі, але прысланяцца да ўздыбленай зямлі ён не стаў — штосьці незразумелае стрымлівала яго.

І Радзім не здзівіўся, калі сцяна раптам заварушылася, пайшла ўся хвалямі і пачала паволі адсоўвацца, — значыць, землятрус яшчэ не закончыўся, ён усяго толькі заціх на нейкую хвіліну. Аднак, крыху адсунуўшыся, зямля зноў спынілася і супакоілася.

І хоць сцяна ўжо не варушылася, Радзім усё роўна падсвядома разумеў, што стаяць тут небяспечна. Ён падышоў да Оі, узяў яе за руку і, нічога не гаворачы, павёў у другі бок — як можна далей ад падазронага месца.

Яны ішлі між рознага друзу, што ссунуўся, з'ехаў з уздыбленай зямлі, і яму было дзіўна, што нават далекавата ад землятрусу ім усё яшчэ сустракаліся сляды яго разбурэння: зламаныя дрэвы, высаджаныя вокны, кавалкі асфальтаванай дарогі.

Але людзей нідзе не было. Відаць, людзі за доўгі час жыцця і існавання на седаўцы навучыліся адчуваць, калі адбываюцца такія землятрусы, і ўжо ведалі, як ад іх ратавацца: куды хавацца, за што трымацца, каб не ўпасці, не ссунуцца ў прадонне, як ссунуліся яны, новенькія і нявопытныя.

Ішлі доўга і цяжка. Пераходзілі нейкія ўпадзіны, падымаліся на нейкія ўзгоркі і гарушкі, зноў спускаліся ў лагчыны… Ішлі ўцэла, без усялякіх дарог і сцяжынак і таму здавалася, што канца гэтаму шляху ніколі не будзе.

— А куды мы ідзём? — нарэшце спынілася Оя. — І навошта?

Ён і сам разумеў, што, калі няма нейкай канкрэтнай мэты, увесь гэты іхні рух — бязглуздзіца. Але што рабіць? Сядзець і чакаць? Але навошта сядзець і чаго чакаць? Гэта ж яшчэ большая бязглуздзіца! Трэба варушыцца, трэба нешта шукаць. А раптам ім трапяцца людзі, якія абжылі і гэтую зямлю — не можа ж быць, каб такая прастора ды была нежылою, неачалавечанаю.

— Ідзём наперад, — адказаў дзяўчыне Радзім. — І не задумвайся — толькі рух уратуе нас.

Аднак людзей так яны пакуль што і не сустрэлі. Нават слядоў іхняга існавання нідзе не было відаць.

Неўзабаве падышлі да вялікага блакітнага возера. Абагнулі яго з левага боку — тут было зручней ісці — і ўзняліся на стромы, высокі, абрывісты бераг. Прадраліся праз зараснікі дзіўных дрэў,— яны, вялікія, тоўстыя, слаліся да зямлі, былі, як трава, прамыя і зусім не мелі лістоў,— і выйшлі на самы край абрыва.

Якая прыгажосць адкрылася перад імі! Возера здавалася яшчэ больш вабным: светлыя, бялёсыя колеры каля самага берага, далей — блакітныя-блакітныя, з вясёлкавымі разводамі, а якраз пасярэдзіне цямнела глыбокая, як вір, круглая пляма. Відаць, там была самая глыбіня, самая яма, і таму вада над ёю выдавала цёмнаю і бяздоннаю.

Возера і праўда было незвычайнае — як усё роўна нехта заслаў яго слюдою. Ветру не было, але дрэвы самі сабою варушыліся.