— А ведаеш, па чым мы толькі што ішлі? — спяшалася расказваць яна. — Па твары велікана! Ён на той час спаў. І ніякія гэта не азёры былі, а сапраўдныя веліканавы вочы! І абрывісты бераг, зарослы лесам, гэта ўсяго толькі яго бровы. А равы, з якімі ў нас было столькі клопатаў,— гэта маршчакі. Звычайныя валасы нам здаліся лесам. На валасінах мы з табою і віселі…
— Што ты выдумляеш?
— Разумееш, нехта мне дапамог атрымаць энергетычны злепак гэтых мясцін і людзей, што жывуць тут. У вельмі паменшаным выглядзе. Мы шукаем людзей, а знайсці нікога не можам. Бо ходзім якраз па чалавеку. Людзі вакол нас ёсць, але ў іх іншыя маштабы.
— А дзе мы знаходзімся цяпер?
— Пачакай, дай я разбяруся, — адказала Оя і ўгледзелася, як яму здавалася, у пустату. — Ведаеш дзе? На чаравіку велікана! Непадалёк ад дзірачак, куды ўцягваюцца шнуркі.
Дык вось куды ён, аказваецца, упаў! У дзірачку ад шнуркоў! І, чапляючыся за шнурок, выбіраўся адтуль.
— А ты нас бачыш?
— Ага. Але мы маленечкія-маленечкія — як казяўкі. Хацеў і ён уявіць той энергетычны злепак, які бачыла Оя, але ў яго гэта не атрымлівалася.
Няўжо і праўда вось гэтая шырокая прастора, вось гэтае несхадзімае поле — усяго толькі паверхня чаравіка? І куды ты толькі не пойдзеш, і колькі ні стомішся ісці — усё будзе ён: велікан, велікан, велікан? Яго ногі, яго рукі, яго плечы, яго галава? Яго валасы, урэшце?
— Значыць, дурбуд казаў праўду, — задумаўся Радзім.
— Пра што ты? — зіркнула на яго Оя.
— А пра тое, што яны і на самой справе жывуць на седаўцы… Цікава, ці ссунулася Дурбудзія ўніз? Ці, можа, і там навучыліся выжываць у землятрусы? Як твае брытагаловыя? — ён усё яшчэ злаваўся на Ою, што яна прыняла абсурд Другога Паўшар'я і ўжо збіралася кіраваць нават ім.
Памаўчаў, падумаў.
— А што робіць наш велікан?
— Здаецца, бэз ламае.
Радзім ужо даўно заўважыў, што зверху нешта сыплецца — як вялізныя пялёсткі,— але не далятае да іх, падае зводдаль, і таму быў спакойны: ніякай небяспекі ў гэтым не было.
— А велікан адзін?
— Ты што! Іх многа. Яны ходзяць, стаяць, сядзяць на лавачках.
— Сядзяць на лавачках? Дзе?
— Каля хат.
— І хаты ёсць?
— Ага. І іх шмат. Усе яны двума радамі ідуць удалячынь.
— А між імі вуліца?
— Ага. Нейкая дарога…
— Дык гэта ж маё Дабрынёва!
— Веліканы і веліканшы з кветкамі ў руках ідуць да нейкай прыгожай двухпавярховай будыніны пад ліпамі…
— Дык гэта ж мая школа! — нарэшце закрычаў ён. — Наша школа! А насупроць яе вялікая хата з бляшаным, пафарбаваным у зялёны колер дахам?
— Ага. І студня каля яе.
— Дык гэта ж наша хата і наш калодзеж! А веліканы і веліканшы, што ідуць з кветкамі ў руках, — мае аднакласнікі. Мусіць, у нас сёння выпускны вечар! Я хачу туды, да іх!
Оя разрагаталася — яна смяялася доўга і шчыра.
— Супакойся, — усё яшчэ смеючыся, нарэшце, загаварыла яна. — Супакойся. Ты проста забыўся пра розныя вымярэнні. Вы ніколі не зможаце не толькі паразумецца, але нават і пагаварыць. Яны проста цябе не заўважаць. А ты іх таксама не зможаш убачыць, ахапіць цалкам. Падумай, як ты гэта зробіш, калі нават чаравік велікана табе здаецца несхадзімаю зямлёю? І каб толькі дайсці, напрыклад, да яго наска, ведаеш, колькі часу трэба? А каб дабрацца да вёскі? А потым — да тваёй школы?
Ён і сам бачыў усю сваю безнадзейнасць, безвыходнасць, але ж яму вельмі хацелася да аднакласнікаў, у родную школу. Тым болей што ўсё гэта, як кажуць, было пад рукою — ён быў у сваёй вёсцы і заставалася ўсяго толькі дробязь: зраўняцца з імі, зрабіць адпаведным, выправіць маштаб.
— А я ўсё ж пайду.
— Куды?
— Да іх.
— Не смяшы мяне. Ты разумееш, што пакуль ты туды дойдзеш, не толькі выпускны скончыцца, але і аднакласнікі састарацца, а то і ўвогуле паўміраюць.
— Я ўсё роўна пайду!
— А як ты збіраешся з чаравіка саскочыць? Вось дойдзеш да края, а тады што?.. Такая ж вышыня…
— Неяк будзе. Скажы мне, у які бок трэба ісці, каб трапіць да школы.
— Якраз да наска чаравіка, — растлумачыла Оя, а тады ўспомніла, што ў яго няма энергетычнага злепка і ён не бачыць, дзе тая пятка, дзе той насок, паказала яму рукою: — Вось сюды ідзі.
І тут велікан нібы пачуў яго: зямля раптам пад імі заварушылася, зноў скасабочылася — ён ледзь утрымаўся, каб не ўпасці, каб устаяць на нагах. Уся глыба пачала нечакана падымацца ў паветра, ды так высока, што яму здалося: падымаюцца яны ў самае неба.
А нага падымалася ўсё вышэй і вышэй, і яму ўжо было страшнавата адсюль, з такой вышыні, глядзець уніз. Трымаўся сам і адною рукою падтрымліваў Ою — тая, напалоханая, сцяўшыся ад спуду, моцна прыціскалася да яго.