— А ты ведаеш, твой губашлёп трымае ў руках букет бэзу. Відаць, прынёс Юлі,— перапыніла яго роздум Оя, і ён зразумеў, што яна і напраўду сочыць за яго думкамі, ідзе ўслед за імі.
Па дарозе ім ўжо сталі трапляцца нейкія вялізныя-вялізныя калёсы, агромністыя, як бочкі, вёдры, лапаты, саўкі.
Яны ішлі, як ім здавалася, шпарка, але лаўка нібыта сама сабою адсоўвалася, здалялася — да яе было яшчэ вельмі далёка.
І раптам Оя ні з таго ні з сяго ўпала сама, паспела крыкнуць і яму: «Кладзіся!» Той жа час нешта засланіла ўсё неба — стала зусім цёмна. Выціснула дашчэнту паветра, не было нават чым дыхаць. Зрабілася страшна — а што, калі гэтае «нешта» замуравала іх назаўсёды?
Паварушыўся, натрапіў рукою на нейкую сцяну, паспрабаваў яе адсунуць — дзе там! Сцяна нават і не скранулася. Папоўз у другі бок, думаў выбрацца там, але неўзабаве ўпёрся ў такую ж самую сцяну. І тады, калі ён ужо гатовы быў закрычаць ад адчаю, тое, што чорным небам накрыла іх, раптам паднялося ўгору, і зноў стала светла-светла. Непадалёку ад сябе Радзім убачыў Ою і, узрадаваўшыся, што ўжо можна нармальна дыхаць, удыхнуў паветра на поўныя грудзі і спытаўся:
— Оя, а што гэта было?
— Разумееш, гэта быў звычайны чаравік. Ім наступілі на нас. І мы аказаліся ў выемцы абцаса.
— А ты дзе была?
— Побач з табою. У суседняй выемцы. Ледзь паспела адкаціцца ў выемку. А то б…
Яна не дагаварыла. Памаўчала троху, а тады дадала:
— Я табе сказала, што гэта быў звычайны чаравік. Але ён-то якраз незвычайны. Гэта Юлін абцасік! Яна на нас наступіла. Як ішла да лавачкі. Зараз Юля садзіцца побач з Юрасём. Бярэ з яго рук букет бэзу… Разглядае. Шукае шчасце — пяціпялёсткавую кветку…
Оя падрабязна расказвала яму пра ўсё, нібыта знарок хацела пазлаваць яго. Радзім моўчкі, сціснуўшы зубы і кулакі, слухаў яе. І ніякавеў ад бездапаможнасці — а што ён можа зрабіць?! І Кулета, зірні, які нягоднік. Рады, што яго няма, і вунь што творыць. Ды і Юля таксама ладная. Бач ты яе, кветкі ад гэтага губашлёпа бярэ, шчасця шукае… Дык навошта ж яна тады ўсюды да яго белаю хмаркаю з'яўлялася? Пачакай, а можа, гэта тут, у роднай вёсцы, не яна?
— Яна, Радзім, яна, — не чакаючы пытання адказала Оя. І ў гэты час неба зноў пацямнела. Ён, баючыся, што на
іх зноў нехта наступіць, прыгнуў да зямлі Ою і ўпаў побач з ёю сам. Але неба ніжэй не апускалася і не закрывала іх. Яму нават здалося, што яго нехта разглядае: ён адчуваў гэта спіною. Павярнуўся, каб убачыць — хто, але нічога, апрача вялізнай глыбы, што навісла над імі, не разабраў.
Канечне, гэта быў хтосьці з веліканаў. Ён, мусіць, заўважыў, што нешта варушыцца на зямлі, і зараз прыглядаўся, вывучаў, дзівіўся.
Пасля яшчэ больш пацямнела з правага боку, і не паспеў ён разабрацца, чаму пацямнела, як нехта асцярожна-асцярожна ўзяў іх у два пальцы — абоіх разам, — падняў вышэй і апусціў на нейкую новую плоскасць.
— Яны пасадзілі нас на далонь і разглядаюць.
Потым іх перасаджвалі з рукі на руку і ўсё разглядвалі. Адны, хто быў больш далікатны, бралі асцярожна і ласкава, а іншыя — груба і бесцырымонна страсалі на далонь: ім было гэта балюча і непрыемна, але супраціўляцца яны, безабаронныя, не маглі.
Куды іх толькі не саджалі! І на пальцы, і на цаўё лапаты, і сабе на галаву, і на травіны, і на суквецці. Садзілі і ў краскі і закрывалі іх там пялёсткамі. У красках і так вельмі душна, але калі закрывалі пялёсткі, там увогуле не было чым дыхаць. Канечне, ён сам гэтага не бачыў, а пра ўсё, што з імі адбываецца, расказвала яму Оя.
Потым іх пасадзілі на калёсы і некуды павезлі. Але неўзабаве спыніліся і пацягнулі назад, каб праз нейкі час рушыць наперад. Яму здавалася, што, на здаровы розум, у гэтых дзеях не было аніякага сэнсу, але хто яго ведае, можа, ён і памыляўся. Часам здараецца і такое: глядзіш збоку — анічога не разумееш, а чалавек перакананы, што робіць вялікую справу.
• Так і вазілі іх веліканы сюды-туды на калёсах. Калёсы былі агромністыя, Радзім з Ояй згубіліся на іх, здаваліся яшчэ меншымі, чым на самой справе. Нечыя пальцы ўсё забаўляліся з імі: то возьмуць і перасадзяць на драбіну і вязуць, прытрымліваючы; то ўмосцяць пасярод калёс; то падсцелюць травы, каб мякчэй было сядзець, а ім ад гэтага бадылля яшчэ мулчэй робіцца.
Урэшце, яму гэта так надакучыла, што ён падгаворваў ужо Ою саскочыць з калёс, але яна не згадзілася: высока, ды і, саскокваючы, можна было патрапіць пад колы.
— То ж яны забаўляюцца, — усміхнулася Оя.
— Хто гэта — яны?