Выбрать главу

— Дык а за што вас сюды… пасадзілі? — асмеліўся нарэшце спытацца Радзім.

— Разумееш, хлопча, я люблю сваю краіну. Цяжка нам жывецца, нялёгка дыхаецца. Даймаюць нас нейкія непрадказальныя патопы, землятрусы. Затым гады такога спакою, што аж вушы закладае ад цішыні. І хоць бы ветрык які варухнуў паветра. А пасля зноў — ураганы, ліўні, якія змываюць усё на свеце…

Каля іх ужо сабралася шмат людзей. Яны, маленькія-маленькія, з цікавасцю назіралі, як гаворыць Галоўны Мудрэц з нейкім веліканам, — задзіралі галовы, дакраналіся, дацягваліся рукамі да яго калашыння, абмацвалі чаравікі. Далёка-далёка ўнізе, каля яго ног жыхалі машыны, на ўзроўні пояса ляталі птушкі, а над галавою — самалёты: некаторыя праляталі нават перад самымі вачыма.

— Дык вось я і хацеў разабрацца, хто мы такія і адкуль мы. Хацеў знайсці нейкія законы, нейкія залежнасці, паводле якіх жыве наша цывілізацыя. Вывучаў, вылічваў, супастаўляў. Задумаўся, да прыкладу, чаму суседнія краіны называюцца так дзіўна. Самі мы жывём у краіне За. А каля нас — іншыя дзяржавы: Вуш, Ні, Ца. Мы быццам бы пачынаем нейкае слова. Склаў назвы краін. «Завушніца» атрымалася. Значыць, наша планета Завушніцаю завецца! Сказаў пра гэта Каралю № 121. «Што?! — азвярэў той. — Мая Вялікасць не жадае жыць на нейкай там Завушніцы!» І вось я апынуўся тут.

Радзіму здалося, што самалёт ляціць якраз яму ў твар. Ён адхінуў галаву і машынальна махнуў перад сабою рукою. І зразумеў, што збіў, як камара, самалёт, калі ўбачыў, што той пачынае падаць на зямлю. Добра яшчэ, што паспеў падхапіць яго на далонь, а то потым, прыняўшы на душу такі грэх, — столькі б людзей загінула, бо самалёт быў пасажырскі! — усё жыццё пакутваў бы ад гэтага. Узяў самалёт у пальцы, падняў яго вышэй і адчуўшы, як той трымціць у руках, сілячыся вырвацца, каб паляцець, адразу адпусціў яго. Радзім бачыў, з якой радасцю, вызваліўшыся з няволі, самалёт вырульвае на свой маршрут.

— Вось так я стаў Галоўным Вар'ятам краіны За, — Мудрэц нейкі час маўчаў, уважліва сочачы, як забаўляецца хлопец з самалётам, і загаварыў зноў толькі пасля таго, як ён адпусціў аэробус на волю.

«І тут Дурбудзія!» — сам сабе падумаў Радзім, але ўголас не сказаў гэтага, бо яго ніхто ўсё роўна не зразумеў бы: доўга давялося б тлумачыць, што і да чаго.

— Кароль, кажаце, пасадзіў вас сюды?

— О, кароль у нас арыгінальны. Ён толькі і гаворыць: «Мая Вялікасць хоча», «Мая Вялікасць думае», «Мая вялікасць лічыць». Іншага ад яго і не пачуеш. І вось табе маеш: усе нармальныя людзі ў вар'яцкім доме, усе ненармальныя — разам з ім, на волі.

— А чаму ненармальныя?

— Ну хіба нармальны чалавек вытрымае такое? Скажам, той жа кароль. Ён прымушае ўсіх пляваць на сябе, а пасля, апляваны з ног да галавы — харкаўцы звісаюць і з кароны, і з валасоў, цякуць па твары, целяпаюцца і на адзенні,— ходзіць між падданых і хваліцца перад імі: зірніце, колькі я медалёў заслужыў… І смаркачы — таксама для яго медалі.

— А ён пляшывы?

— Пляшывы.

— І метка ў яго на лысіне?

— І метка ёсць. А адкуль ты ведаеш?

— Ведаю, што вы паддаліся нячысцікам, а ўладу ў вас захапілі адны пляшывыя.

— Не, у нас і патлаты быў. Праўда, таксама конікі выкідваў. Ёдзе куды-небудзь на сустрэчу з народам, а за сабою сто вазоў медалёў і ордэнаў вязе. Сваіх. Начапляюць там на пінжакі, развесяць па горадзе — маўляў, во які ў нас заслужаны прэзідэнт.

Блізка каля Радзімавай галавы зноў ляцеў самалёт. Радзім двума пальцамі злавіў яго і крыху прытрымаў — захацелася зноў адчуць, як ён трымціць усім целам, усім корпусам, вырываючыся, нібы нешта жывое, з рук. Гэта заўважыў Мудрэц, насупіўся, сказаў:

— Не ўмееш, хлопча, карыстацца дадзенаю табе сілаю. Тут жа выставіў да Радзіма рукі, адною, як і ў самога сябе, павадзіў у яго за спіною, нешта ці то падумаў, ці то нават сказаў, і хлопец адразу адчуў, што зноў вібрыруе і змяншаецца. Калі ён зрабіўся такі, як і ўсе, яму гэта нават спадабалася: дасюль адчуваў нязручнасць, што сам вялікі, а ўсе астатнія — маленечкія, а зараз, як падраўняўся, знаёміцца стала прасцей. Мудрэц зменшыўся і сам.

— Злуешся? — спытаўся ён.

— Наадварот, удзячны вам, — адказаў Радзім. — Я не люблю вылучацца. Хачу быць як і ўсе.

— За гэта ты мне і спадабаўся. Пайшлі, я табе пакажу сваю лабараторыю.

Лабараторыя Мудраца была падобная на сярэдневечную келлю. Усюды стаялі і ляжалі — і на стале, і на крэслах, і нават на падлозе — нейкія старадаўнія прыборы, кнігі, рукапісы, а на сценах віселі шматлікія графікі і схемы. У кутку Радзім заўважыў ці то ложак, ці то тапчан і здагадаўся, што тут, у лабараторыі, Мудрэц і спіць.