Оя гаварыла далікатна, таму ён не крыўдзіўся на яе. Міжволі зірнуў на рукі, на жалезныя рубінавыя ружы, якія моцна сціскалі запясці, і нічога не адказаў. Дзяўчына перастрэла ягоны позірк, супакоіла:
— Усё будзе добра. Я вам паспрабую памагчы. Неўзабаве яны ўжо былі на «ты» і размаўлялі як даўнія добрыя знаёмыя, — быццам Оя вучылася ў яго школе і ў яго класе. Хоць у калідоры сядзеў наглядчык і, раз-пораз прыкладаючыся да нейкай чорнай, закопчанай конаўкі, глядзеў на іх, гаворачы сам з сабою, яны ўжо на яго не звярталі аніякай ўвагі.
Оя зняла з ягоных рук наручнікі, пад якімі аж зачырванелася садраная там-сям скура, далікатна вадзіла пальчыкам па ранках, і ад гэтага яму было шарготка і адначасова прыемна-прыемна — аж пачынаў дыбіцца пушок на руках.
— Слухай, Оя, а за што мяне ўсё ж пасадзілі сюды? За тое, што я не размаўляю на роднай мове?
— Не толькі за гэта. Але і за гэта. Разумееш, у нас чалавек, які выракся сваёй мовы, лічыцца… як бы табе мякчэй сказаць… лічыцца злачынцам. Але, калі б твая віна была толькі гэткаю, то цябе б, канечне, пасадзілі сюды, але наручнікі табе не адзявалі б, — яна знарок, не асцерагаючыся кінула рубінавыя ружы на шкляны стол — тыя, моцна бразгочучы, затрымаліся на самым крайку, ля стосіка кніг.
Наглядчык, пачуўшы грукат, замоўк, насцярожыўся, уважліва паглядзеў на іх, а потым махнуў рукою, заківаўся, зноў загаварыў сам з сабою.
— Дык а за што ж мне адзелі іх? — Радзім вачыма паказаў на рубінавыя ружы.
— За хімію!
— Чаму вас так напалохаў мой школьны падручнік па хіміі?
— Ведаеш, каб табе ўсё расказаць і каб ты ўсё зразумеў, я павінна нагадаць сёе-тое пра нашу краіну, пра яе нядаўнюю гісторыю…
Оя прысела на краёк яго шклянога ложка, задумалася.
— Разумееш, наш край яшчэ зусім нядаўна быў квітнеючым ва ўсіх адносінах. Гэтаму спрыяла і само геаграфічнае становішча: у нас не было вельмі марозных зімаў і дужа спякотных летаў, у нас расла бульба і спеў вінаград, у нас былі чыстыя рэкі і такія ж крыштальныя азёры. Шумелі густыя лясы, поўныя птушак і жывёл. Людзі былі шчаслівыя і вясёлыя — было дзе жыць, было што есці. Яны нават і не падазравалі, што ў краіне з'явілася частка змоўшчыкаў. Яны прыкінуліся хімікамі і пачалі сваю чорную патаемную працу — пачалі шукаць атруту на зямлю і людзей. І пакуль людзі разабраліся, што і да чаго, яны многа паспелі зрабіць.
Оя дрыжэла, нібы ад холаду. Радзім узяў яе за руку, пагладзіў пальцы, сказаў:
— Супакойся.
Крыху памаўчаўшы, Оя гаварыла далей:
— Спачатку яны загубілі нашы палі — сыпалі на іх шкодныя хімічныя ўгнаенні, труцілі ядахімікатамі і іншай нечысцю. Затым загінулі рэкі — уся ж гэта брыда сцякала ў рэкі і азёры і труціла і іх саміх, і ўсё, што было ў іх. Пасля знішчылі траву, лясы, падчыстую ўсе дрэвы — яны не перанеслі кіслотных дажджоў. І вось зніклі ўсе птушкі — птушка ж жыве альбо на зямлі, альбо на дрэве. А ў нас і тое і другое было ўжо заражонае — і дрэва, і нівы на той час зрабіліся міжвольнымі забойцамі. І вось прыйшла чарга чалавека — як яму выжыць, калі ўсё вакол яго заражонае, калі нават тое, што на полі і на лузе — нельга есці: адна хімія!
Яна заплакала. Зноў замоўк стары. Уважліва паглядзеў у іх бок, але ўбачыўшы, што яе ніхто не крыўдзіць, што плача яна сама па сабе, пацягнуўся рукою да конаўкі.
— Оя! — усклікнуў узрушаны Радзім. — Ты ж не пра сябе расказваеш, а пра нас! Вось гэткая бесталач цяпер робіцца ў нас. Паліваюць ядахімікатамі жывога чалавека.
— І вы маўчыцё? — спыталася дзяўчына. Ён зірнуў у яе вочы: у іх стаялі слёзы.
— Не маўчым. Пішчым! Але толку з гэтага… Колер Оіных валасоў увачавідкі мяняўся — з зялёных яны рабіліся зноў чырвонымі-чырвонымі…
— А ў нас, калі пачалі паміраць людзі, успыхнула паўстанне супраць хімікаў.
— А пры чым тут хімікі? Гэта ж палітыкі вінаватыя. То ж яны заўсёды скарыстоўваюць тое, што робяць вучоныя. Да прыкладу, адкрыцці. Адкрыў нешта разумны чалавек, глядзіць, а каля яго працы ўжо чорт завіхаецца — загадвае яму, што далей рабіць. Хоць сама навука і ад бога, але да яе часцей за ўсё чэрці падсуседжваюцца.
Яна слухала Радзіма ўважліва, не перапыняла і пачала гаварыць далей толькі тады, калі ён скончыў.
— Паўстанне было жорсткім — адступаць людзям не было куды: і там смерць, і там смерць. Шмат людзей загінула. Некаторыя хімікі былі забітыя падчас паўстання, некаторых паслалі на гільяціну пасля яго, шмат хто ўцёк у іншыя краі. І вось так у Зэміі на асталося ніводнага хіміка. Гэтая прафесія, нават адно гэтае слова стала ў нас страшным — яго з тых часоў усе баяліся вымаўляць.