Выбрать главу

Зноў пайшлі звычайныя будні. Яны сядзелі з Мудрацом над схемамі, над графікамі, падлічвалі кожны дзень, кожную гадзіну, каб як мага дакладней прадказаць патопы, засухі і землятрусы. І зразумець, чаму раптам так пацямнела — кожны дзень прыцемкі, вечаровая шэрань.

На волю яму ўжо не хацелася — і зараз, як толькі ўспамінаў пра той выхад, яго адразу пачынала калаціць і трэсці: то ж трэба, ледзь не трапіў пад гільяціну!

Успомніў пра Ою, падумаў: «Дзе яна?»

І, нібы працягваючы свае думкі, прамовіў уголас:

— Дзе яна?

— Хто? — у сваю чаргу, спытаўся Мудрэц. — Оя ці Юля?

— Оя.

— А я думаў, што ты шукаеш Юлю, — расчаравана прамовіў Мудрэц і дадаў: — Разбярыся, хлопча, дакладна, хто табе трэба.

І праўда, дзіўна ў яго неяк атрымліваецца. Ён хоча дадому, хоча хутчэй сустрэцца з Юляй. Але замест таго, каб шукаць яе, ён толькі тое і робіць, што шукае Ою. І хоць часцей за ўсё гэта не яго віна, усё ж правільна гаворыць Мудрэц — трэба разабрацца.

— Оя? — перапытаў стары. — Оя цяпер знаходзіцца ў краіне Ца. Яна там узначальвае народны рух у тваю абарону. Гэты рух трасе ўсю краіну. Праходзяць мітынгі і дэманстрацыі пад лозунгам: «Свабоду Радзіму!» Усе лаюць нашага караля № 121 за тое, што ён дэспат, тыран, парушае правы чалавека, гноіць у вар'яцкім доме ні ў чым не вінаватага чалавека. А кароль і да сёння яшчэ не ведае, што ты ў нас — ты ж ні па якіх дакументах не праходзіш, не лічышся.

— А яна далёка адсюль, тая краіна Ца?

— Далёка. Праз дзве дзяржавы ад За. І ўсё ж Оя ў бліжэйшы час збіраецца наявіцца сюды, каб пагаварыць пра цябе з каралём…

Мудрэц задумаўся, памаўчаў.

— Прывык я да цябе, хлопча, — нарэшце, уздыхнуў ён. — Цяжка мне будзе развітвацца з табою. Але ж давядзецца. Як кажуць, узятае трэба пакласці на месца. Вось скончым разлікі, дапаможаш крыху аблегчыць наша жыццё, і я адпушчу цябе дадому. Табе і там дужа многа працы знойдзецца. І тваю ж зямлю таксама бараніць трэба…

Радзіму было ўжо шкода Мудраца, рупіла неяк памагчы яму, але ж вельмі хацелася і дадому — можа, яшчэ і на выпускны вечар паспее. Ды і ва універсітэт рыхтавацца час ужо. А ён жа, здаецца, забыўся нават тое, што ведаў.

— Я таксама прывык да вас, — прызнаўся і Радзім.

— І ўсё ж дом ёсць дом, Радзіма ёсць Радзіма, — у голасе Мудраца было многа суму. — Я не буду цябе трымаць, хлопча. Вось складзем графікі…

І раптам Радзіма як працверазіў хто. Ён нечакана зразумеў, што ўся гэта складаная праблема на самой справе вельмі простая.

— Паслухайце! — як не закрычаў хлопец. — Ну і дзівакі ж мы з вамі. Нездарма тут жывём.

Крадком зірнуў на Мудраца: ці не пакрыўдзіўся — жарт гэты яму самому здаўся грубаватым. Але той слухаў уважліва, і па ім не было відаць, што стары крыўдзіцца.

— Адтуль, з дому, я памагу вам лепей! Бо ўсё, разумееце, такое простае, як і ўсё мудрае. Ваша зямля — гэта Юліна завушніца. Значыць, толькі ад Юлі залежыць ваш лёс. Адпускайце мяне хутчэй дадому, я сустракаюся з Юляю і забіраю ў яе завушніцу! І ўсе вашы нягоды на гэтым канчаюцца. Я ўсё буду рабіць так, як вам падабаецца. Трэба вам дожджык — вадой папырскаю, трэба цеплыня — на сонца пакладу. І абяцаю вам беражна абыходзіцца з вашаю зямлёю. Не дапушчу ніякіх землятрусаў.

Мудрэц аслупянеў: і праўда, усё геніяльнае — найперш простае. Нейкі час ён маўчаў — абдумваў Радзімавы словы, — а потым, калі ўва ўсім разабраўся, усё зразумеў, узрадавана засмяяўся, кінуўся да хлопца, пачаў ціскаць яму абедзве рукі адразу:

— Я заўсёды думаў, што ты малайчына. І не памыліўся. Ты Галоўны Мудрэц, а не я…

З гэтага часу Радзім пачаў рыхтавацца дадому. Яны дэталёва абмяркоўвалі з Мудрацом ўсё, што ён павінен рабіць з Завушніцаю, каб вось на гэтай зямлі ўсім жылося добра: калі класці на сонца, калі апырскаваць вадою…

І чакалі Ою. Мудрэц казаў, што яна са сваімі прыхільнікамі ўжо каля самых граніц За.

І ўсё ж яна з'явілася знянацку. Радзім, хоць і ведаў, што Оя неўзабаве будзе тут, хаць і чакаў яе, усё ж сцепануўся, калі ўбачыў дзяўчыну.

Выгляд у яе быў рашучы, задзірысты і гнеўны — яна і зараз збіралася змагацца з усімі, хто будзе стаяць на шляху, замінаць ёй. Але сустрэўшыся вачыма з Радзімам, адразу зніякавела, сцялася і раптоўна стала ранейшаю безабароннаю дзяўчынкаю, худзенькаю і кволаю.

— Радзімачка! — радасна закрычала яна і кінулася да хлопца. Падбегла, ашчаперылася рукамі за шыю і, не зважаючы на тое, што побач стаяў Мудрэц, пацалавала яго ў вусны. — Як ты тут?