Выбрать главу

— Добра, — адказаў Радзім і таксама абняў дзяўчыну за худзенькія-худзенькія плечы: яе чамусьці стала яму дужа шкода.

— Цябе тут не мучаюць?

— Што ты! Мне тут хораша! Оя здзіўлена спыталася:

— Цябе кінулі ў вар'яцкі дом, і табе тут падабаецца? З цябе здзекуюцца, а ты рады?

— Оя, — ласкава гладзячы дзяўчыну па плячах, тлумачыў Радзім. — Вар'яцкі дом якраз там, на волі, а тут — добра. Сапраўдная воля тут.

— Нічога не разумею: воля ў вар'яцкім доме, а на волі — вар'яцкі дом? За што ж я тады змагалася?

— За маё вызваленне. І ты перамагла, Оя. Сёння Галоўны Мудрэц гэтай зямлі адпускае мяне дадому.

Оя яшчэ цясней прыгарнулася да яго.

— Я так чакала гэтай сустрэчы. І вось зноў нам трэба расставацца… Не, я не пакіну цябе! Я вярнуся разам з табою ў тваё Дабрынёва!

І тут жа сцішылася, сумелася, замоўкла. Праз нейкі час як не шэптам спыталася:

— А яна — там? Юля? Разумееш, я страціла магчымасць бачыць энергетычныя злепкі…

Радзім не адказаў ёй — толькі мацней прыціснуў да сябе, і Оя радасна-трывожна заціхла ў ягоных абдымках.

Маўчаў доўга, прыслухоўваючыся і да сябе, і да Оі. Затым рашуча сказаў:

— Яна там. Чакае мяне. І я ажанюся з ёю…

Развітваўся хлопец з Мудрацом шчыра і проста. Удакладнілі яшчэ раз, што, як і калі павінен ён рабіць з Завушніцаю — іхняй зямлёю, валадаром якой ён зараз робіцца.

— Аднак жа ты павінен не толькі памагчы нашаму народу, але і абараніць свой. Разумееш, яго з усіх бакоў так затумкалі, што ён і сам ужо не ведае, не памятае, што вялікі і горды, — Радзім убачыў слязінку, якая бліснула ў адным воку Мудраца. — Поспехаў табе, хлопча. Будзь шчаслівы на сваёй зямлі. Пакланіся ёй. Зямля ў цябе харошая. Любі свой народ. Ён таксама цудоўны. І яму, хлопча, пакланіся.

Мудрэц прыставіў да яго рукі, заплюшчыў вочы, засяродзіўся, нешта пашаптаў, памыліў губамі, а затым выставіў перад сабою далоні, дзьмухнуў на іх — Радзіму здалося, што ён і сам стаяў на гэтых далонях, і вось зараз яго як усё роўна садзьмула моцным ветрам і штосілы нясе ўвышыню.

Апамятаўся ён пад самым небам. Ціха, невагома, нібы пад столлю, вісеў пад ім — не падаў уніз і не ўзнімаўся яшчэ вышэй.

І раптам хлопца аж скаланула — нейчая рука нечакана дакранулася да ягонай. Ён адскочыў убок і ўжо адтуль паглядзеў: хто гэта?

Побач з ім плавала Оя.

Яны слізгалі знізу, як па лёдзе, па гладкай, слюдзяной — нідзе ні парушынкі! — паверхні, дакраналіся да яе рукамі, адчувалі спінамі, упіраліся галовамі.

І тады як усё роўна нехта выразна сказаў:

— Выпусці іх — яны ж вольныя.

Але неба не растулялася, не раскрывалася — яно нарывала вакол іх, як болька. У тым месцы, дзе яны прыклеіліся да яго, паверхня чырванела, іх саміх зацягвала нейкаю ліпкаю, як туман, вільгаццю. Ім ужо нічога не было відаць і не было чым дыхаць. І быццам зразумеўшы, што яны вось-вось могуць задыхнуцца, неба неўзабаве растулілася, прарвала і, нібы скабку, выкінула іх вонкі, на другі бок.

Яму здалося, што, як пальчатка, вывернулася сама абалонка: той бок, які быў усярэдзіне, стаў знешнім, а знешні апынуўся ўнутры.

Яны з Ояй апускаліся на зямлю.

Яшчэ з вышыні Радзім пазнаў сваю вёску. Школу з выносістымі ліпамі каля яе, луг з такою знаёмаю рэчкаю, каля якой пасвіўся статак.

Яшчэ над зямлёю Оя раптам затрэслася ўся і роспачна закрычала:

— Яна тут! Яна тут! Яна ідзе ў наш бок!

А як толькі гэпнуліся на сцежку, Радзім адразу заўважыў, што дзяўчына імгненна, на вачах змяншаецца, усё здаляючыся і здаляючыся ад яго. Ён кінуўся ўслед за ёю, пачаў даганяць, як мятлушку, нарэшце накрыў тое месца, дзе толькі што бачыў яе, — маленькую, бы кузурка, — але ўжо было позна: пад рукою нікога не аказалася. Адно з самых глыбінь зямлі да яго данеслася:

— Я не хачу вам замінаць! Я аддаю цябе ёй! Бо я кахаю цябе!

Голас быў нармальны, паўнагучны. У вушах усё яшчэ гучала: «Я кахаю цябе!», і ён няўцямна, з нейкім заміраннем сэрца — ведаў, што Оя ўжо ніколі не вернецца, — як вар'ят, глядзеў на тое месца ў зямлі, куды, быццам куля, утачылася, укруцілася яна.

Глядзеў і хацеў уявіць, дзе цяпер Оя, што з ёю. Можа, дзяўчына зноў вярнулася ў сваю Зэмію, а можа, — усяго толькі парушынка вось на гэтай парушынцы, што амаль невагома плавае ў сонечным промні.

Падняў галаву, агледзеўся, куды яго прызямліла.

Зачахлыя дрэвы. Высахлая трава. Разбураная зямля.

Успомніў: радыяцыя…

Стаяў ён пасярод лугу. Непадалёк пасвіліся каровы — скублі радыяцыйную траву. Каля іх Радзім угледзеў пастуха — той стаяў і ад няма чаго рабіць ляскаў пугаю. Прыгледзеўшыся пільней, пазнаў: дык гэта ж дзядзька Кастуль, Юрасёў бацька. Падышоў бліжэй і радасны, што нарэшце сустрэў знаёмага чалавека, расчулена павітаўся: