Выбрать главу

— Мамка! Мамка! А вунь наш татка едзе!

Юля, як і ўсе сялянкі свету, прыклала руку да вачэй і з-пад далоні ўгледзелася ў той бок, у які паказвалі дзеці. Радзім убачыў у гэтым зручны момант, каб развітацца:

— Ну добра, Юля, бывай. Я пакуль што не хачу сустракацца з тваім Кулетам.

І пайшоў з лугу ў бок вёскі.

Цяпер ён ужо быў зусім вольны — Оя вярнулася ў Зэмію, у сваё вымярэнне, а Юля не дачакалася яго з падарожжа.

Ён быў вольны для нейкай вялікай ідэі, якую пакуль што яшчэ не разумеў і сам, але якая ўжо міжволі непакоіла яго і турбавала.

Нібы нехта знарок правёў яго праз Дурбудзіі, Жалезныя Хаосы і іншыя жахі, каб паказаць, што не трэба рабіць дома.

Але ж як сказаць свайму народу, што ён вольны і моцны, добры і мудры? Як абараніць яго ад зламыснікаў, якія пераконваюць усіх, што ён забіты і слабы?

Задумаўшыся, міжвольна ўсунуў рукі ў кішэні. Пальцы намацалі нейкую цвёрдую макулінку. Радзім дастаў яе, няўцямна пакруціў перад вачыма і выкінуў у траву. Прайшоў колькі крокаў, але тут жа спыніўся — пачакай, пачакай, дык гэта ж семка з зэмаўскай яблыні! Столькі яно бераглося ў кішэні, а тут, дома, ён узяў ды і выкінуў. А раптам гэта як талісман які — на ўсё жыццё, што наперадзе?! Яно ж з бацькавай яблыні, але прайшло разам з ім такія выпрабаванні…

Вярнуўся назад, знайшоў у траве семка. Зноў агледзеў яго, але на гэты раз ужо больш уважліва і зацікаўлена.

Семка паспела прарасці — пусціла маленькую, але магутную навырост дзюбачку.

Радзім асцярожна схаваў семка ў далоні.

Так, у далоні, ён прынёс яго да свае хаты і, пакуль не пасадзіў пад вокнамі, не разгінаўся, не падымаў вачэй ад зямлі.

Дрэва ўвачавідкі ўзялося расці…

Да Радзіма ўжо беглі з градаў бацькі, сыходзіліся аднавяскоўцы — паглядзець, што гэта хлопец робіць.

— Дзень добры табе! — павіталіся з ім.

— Дзень добры вам! — адказаў ён.

1994 г.

Прытчы і метафары

Ледавік і Джунгляня

Вада была бязмежная. Здаецца, і сонца, якое стаяла над самаю галавою, нідзе не бачыла яе берагоў — усюды толькі вада, вада, вада. Ціхая, спакойная, як шкло, паверхня.

А пасярод гэтай вады — вялізны, нібы авіяносец, карабель: на яго палубу можна было б прыняць адразу добрую тысячу цяжкіх самалётаў.

І на ўсю гэтую нямераную разлегласць, і на ўсю гэтую неабсяжную палубу — іх толькі двое: ён, велікан, які ў гэтых бяскрайніх прасторах таксама здаецца маленечкім-маленечкім, і пігмей, якога, асабліва не ўглядаючыся, можна і зусім не заўважыць.

Нікога няма ні на палубе, ні ў каютах, ні на капітанскім мосціку — карабель, здаецца, плыве сам сабою. А часам мроіцца, што ён і ўвогуле нікуды не плыве, стаіць на адным месцы пасярод вады — не чуваць, як працуюць машыны, няма за ім звычайнай пены і хваль, а пракаветная цішыня, што гусціцца навокал, быццам ватаю, закладае вушы.

Хоць бы якая птушка, хай сабе і здалёку, махнула дзе крылом.

Хоць бы якая рыбіна, хай сабе і невялікая, вынырнула дзе-кольвек побач, парушыўшы здзеклівы спакой вады.

Хоць бы які ветрык, хай сабе і ледзь улоўны, прашумеў над палубай, каб разрэдзіць гэтае даўкае маўчанне, якое невідома, але задушліва вісіць над караблём і вадою.

Аднак ужо які месяц навокал ні гуку, ні крыку, ні слова, ні шолаху.

Моўчкі ляжыць пігмей, маўчыць і ён, велікан. І дзіўна, пігмей, хоць ён і звязаны, нават і не паспрабаваў за гэты час паварушыцца, павярнуцца, вызваліцца — ляжыць і маўчыць.

Велікан, куды б ён ні адышоўся, усюды і адусюль бачыць адны толькі вочы пігмея — яны, вялікія-вялікія, здаецца, нават большыя за яго самога, усюды сочаць за ім — нібы ідуць следам. Адышоўшыся, пігмея ён не бачыць, а ягоныя вочы, якія быццам бы аддзяляюцца ад цела і даганяюць крыўдзіцеля, не даюць яму спакою.

У іх невыказны сум, журба, няўцешнасць, але і непрыхаваная нянавісць да велікана, А за што ж ахвяра будзе любіць свайго крыўдзіцеля?!

Вось ужо колькі месяцаў, як яны плывуць на гэтым караблі. Са спякотнага, задушлівага, пракаветнага лесу, дзе дрэвы падаюць адно на адно і гніюць самі сабою, дзе праз зараснікі няма як прадрацца, а паветра такое распаленае, гарачае, што ім няма як дыхнуць, плывуць у халодныя, ледзяныя айсбергі, дзе няма ніводнай травіны, а людзі жывуць у прасторных, гулкіх палацах, выдзеўбаных у льдзінах, і дзе яшчэ больш цяжка дыхаць: паветра замярзае перад самым ротам або нават у горле — не пракаўтнуць.

Велікан выконвае заданне вельмі вялікай дзяржаўнай важнасці. У звярынцы іхняй Лядовіі, а правільней — у людзінцы, бо ў клетках і вальерах там знаходзяцца не звяры, а людзі, не хапала якраз вось гэтага тыпу пігмеяў — дужа рэдкай, амаль зніклай папуляцыі. Гэта будзе апошні экспанат, і тады людзінец можа хваліцца сваёю калекцыяй перад усім светам.