Вось таму Ледавіка і паслалі па гэты экспанат. Канечне, заданне яму дасталося зусім лёгкае — што яму, велікану, могуць зрабіць прымітыўныя пігмеі са сваімі прымітыўнымі лукамі ды стрэламі?! У тым месцы, куды ўдзяўбнецца наканечнік, яму толькі засвярбіць…
Ён пры жаданні, пашукаўшы, памацаўшы рукамі пад дрэвамі, мог бы налавіць, нагрэбці колькі хочаш такіх экспанатаў, але ж яму загадалі прывезці толькі аднаго, вось ён аднаго і вязе.
Пігмей ляжаў у той жа самай позе, у якой і паклаў яго Ледавік яшчэ ля самага берага родных джунгляў. І вочы Джунгляня ўсё яшчэ глядзелі велікану прама ў душу.
І хоць яму было гэта вельмі непрыемна, няёмка, ён усё ж нагнуўся над пігмеем і пільна ўгледзеўся ў чалавека, якому цяпер ужо наканавана да смерці жыць у звярынцы. Само сабою падумалася: а ён жа ні ў чым не вінаваты — проста трапіўся яму пад далонь, калі Ледавік вадзіў рукамі пад дрэвамі, пад галінамі, пад лісцём. Мог бы трапіцца хто-небудзь іншы, а ён вось зараз збіраўся б на паляванне ці, наадварот, ужо нёс бы дадому якую-небудзь упаляваную на абед змяю.
Нахіліўшыся зусім нізка над палубаю, разглядаючы пігмея зблізку, Ледавік заўважыў, што Джунгляня дрыжыць.
Канечне, будзеш дрыжаць! Пігмей жа ляжыць на палубе зусім голы, на ім усяго толькі адна набедраная павязка, але хіба можа сагрэць чалавека адзіны ліст нейкага джунглевага дрэва, хай сабе ён вялікі і лапушысты!
Хоць над галавою стаяла спякотнае сонца, хоць Ледавіку было ўсё яшчэ дужа горача, нават душна, для пігмея ж, выхапленага з трапічнай духаты, цеплыні ўжо не хапала — карабель вельмі далёка адплыўся ад джунгляў, і тут быў іншы, намнога халаднейшы клімат. Ледавік сам успомніў, як яму не было чым дыхаць у трапічным лесе, як ён задыхаўся ад парнасці, душыўся гарачым, бы жар, паветрам на невялікіх палянах. Як спяшаўся злавіць пігмея, каб хутчэй зноў узбегчы на палубу карабля, які стаяў пры самым беразе Пігмеяніі — там можна было крыху адысці, аддыхацца, бо вада, якая давала хоць і маленькую, але ўсё ж прахалоду, была яму як збавенне.
Успомніў, куды яны плывуць, і яму яшчэ болей стала шкада Джунгляня. Уявіў, як гэтаму дзіцяці тропікаў будзе холадна, пакуль прывыкне да сцюдзёных, лядовых пакояў, дзе зімнай сцюжаю павявае і ад сцен, і ад падлогі, і ад столі, і нават ад сонечных промняў, калі сонца хоць і рэдка, але ўсё ж прабіваецца праз хмары, — у іх жа і сонца таксама халоднае!
Канечне, і яго, як раней іншыя экспанаты, што ўжо даўно жывуць у звярынцы, адразу адзенуць у цёплае футравае апранне, у яго клетцы-вальеры пачнуць падтрымліваць высокую тэмпературу — аж сцены будуць плавіцца і сцякаць на падлогу вадою, — але ж яму ўсё роўна, нават пры такой увазе, будзе холадна — калі не целу, то душы.
Пігмей дрыжаў ўсёю сваёю істотаю. Гэта толькі здалёку не відно было ягоных дрыжыкаў, а зблізку кожны мог убачыць, як таго калоціць, як трасе, нібы ў ліхаманцы, яго лядашчае, кволае цела — яно аж грукала аб палубу.
І раптам яму чамусьці здалося, што не ён пігмея, а якраз пігмей яго выкраў у Лядовіі і вязе ў рабства.
І нейкае вялікае-вялікае шкадаванне ці то да сябе, ці то да Джунгляня нечакана агарнула велікана, і на яго найшла нейкая незразумелая замілаванасць да гэтага дзіцяці лесу, якое ні ў чым не вінаватае, а пакутуе толькі таму, што собіла яму якраз трапіць пад руку чужынцу.
Ледавік, спяшаючыся, зняў з сябе куртачку і накінуў яе на пігмея — куртачка для таго была ўжо завельмі вялікая, яна заняла ладную лапіну палубы, і цяпер нават яму, велікану, які толькі што ўважліва разглядаў Джунгляня, стала незразумела, дзе яно стаілася і заціхла — пад крысом, пад каўняром ці, можа, пад рукавом. Меркаваў, што пігмей, ужо накрыты, удзячны яму, сцішыцца зусім, надыхае над куртачкаю паветра і пакрысе сагрэецца.
Але не паспеў ён так падумаць, як уся куртачка захадзіла раптам ходырам, і з-пад яе той жа час выкаціўся пігмей.
Вочы глядзелі на Ледавіка злосна і грэбліва, — тое, што ён накінуў на Джунгляня куртачку, здаецца, раззлавала і абразіла яго: ахвяра не хацела ніякай дапамогі ад свайго крыўдзіцеля!
Але гэтая злосць яшчэ болей расчульвала велікана, выклікала яшчэ большы давер да пігмея. Хоць яму, канечне ж, і не падабалася, што той столькі часу маўчыць — хай бы крактаў, мычаў ці, на крайні выпадак, уздыхаў, а то ляжыць і маўчыць. І нават вось зараз, узлаваўшыся, не выпусціў з сябе ні гуку — адкаціўся і зноў ляжыць, глядзіць, маўчыць.