Чалавек спрабаваў абараняцца, выстаўляў наперад рукі, але бізун ламаўся аб іх, гайка мяняла свой звыклы рух і яшчэ балючай біла па твары.
Спрабаваў ён таксама натаўчы кату ў ненавісны жывот, які нібыта знарок здзекліва тырчаў перад ім, але гэта было падобна на крык адчаю: кулакі вязлі ў жываце і потым адскоквалі ад яго, нібы ад гумовіка.
Чалавеку хацелася як-небудзь паваліць ката, пасіліць яго, але той вельмі цвёрда і ўпэўнена стаяў на нагах — як усё роўна нехта наліў у іх свінцу — і, не зважаючы на недарэчныя высілкі ахвяры, сцябаў, здаецца, яшчэ руплівей і з большаю асалодаю.
Кат маўчаў, абыякава глядзеў перад сабою лупатымі вачыма, не азіраўся па баках, і здавалася, што для яго нічога не існуе на свеце, апрача таго, каго ён павінен караць.
— За што?! — малоцячы кулакамі па жываце ката, крычаў чалавек, але яго як не чулі,— бізун сцябаў усё гэтак жа мерна і спакойна.
Можа, ён і напраўду нічога не чуў, бо галава ката была вельмі высока і голас ахвяры, схаванай пад жыватом, да яе хутчэй за ўсё не даходзіў.
— Людзі, памажыце! — прасіў чалавек тых, што праходзілі побач, хапаў іх за рукі, але яны незадаволена вырываліся і спяшаліся як найхутчэй адсюль знікнуць, уцячы — ці то баяліся ўліпнуць у нейкую непрыемную для сябе гісторыю, ці то асцерагаліся, каб самім не трапіць пад бізун з гайкаю.
Ён, дарэчы, ведаў, што ад гэтага ката няма ніякага паратунку, — пакуль не зробіць сваю справу, не выканае дадзеную яму работу, ад яго нікуды не ўцячэш. Прасіць яго, угаворваць, наогул гаварыць з ім немагчыма, марна — ён, здаецца, і глухі, і сляпы.
Чалавек ні ў чым не лічыў сябе вінаватым. Проста яго злавілі на вуліцы нейкія невядомыя людзі — ці то яны памыліліся, ці то ім і праўда нешта не спадабалася, але што — не сказалі,— прывялі сюды, да ката, далі таму ў рукі бізун, загадалі сцябаць, а самі пайшлі — мусіць, лавіць новых.
Кат біў усё мацней і мацней. Ужо зусім падралася на каснікі адзенне, яно ашмоццем звісала з цела, ужо ўся скура была ў крывавых рубцах ад пугі і ў сініх буграх ад гайкі, а злыдзень усё не спыняўся.
Аднак тое, што кат нічога не бачыць і не чуе, як высветлілася, было няпраўдаю: калі ахвяра паспрабавала ўхіліцца, выкруціцца ад удару, ён моцна згроб яе за руку і зноў паставіў на месца.
Чалавеку было балюча, і яму хацелася плакаць.
Але ён раптам зарагатаў. Пляснуў сабе па лобе і зарагатаў. Усе, хто на гэты час праходзіў побач, замест таго, каб уцякаць хутчэй, спыняліся і здзіўлена глядзелі на ахвяру — што гэта з ім здарылася: ці не звар'яцеў — яго б'юць, а ён рагоча.
Чалавек хапатліва лапаў сябе па кішэнях, нешта ў іх паспешліва шукаў. І ўсё рагатаў — як самы шчаслівы чалавек, які зразумеў нейкую вялікую таямніцу, вядомую толькі яму аднаму.
Але ў кішэнях, відаць, нічога не знаходзілася. Таму ён, усё яшчэ рагочучы, пачаў лапаць па пінжаку, што, падраны, звісаў каснікамі. Нарэшце яго далоні наткнуліся на вялікую-вялікую шпільку, якою было сашпілена разам крыссё пінжака, і ад радасці аж падскочыў. Ды так, што ўдарыўся галавою кату ў жывот, ад чаго ўзмах бізуна сарваўся і ўдар гайкі прыйшоўся якраз па седаўцы.
Чалавек зарагатаў яшчэ больш радасна і нязмушана, абняў, наколькі хапала рук, неабсяжны катаў жывот, прыхінуўся да яго шчакою і з вялікаю асалодаю ўваткнуў шпільку — скура была тоўстая, шпілька не лезла, але ён доўга і настойліва круціў яе, пакуль, нарэшце, не прапароў дзірачку.
Калі, выходзячы вонкі, зашыпела паветра, пакараны яшчэ мацней прыхінуўся вухам да жывата і, услухоўваючыся ў гэтае злоснае шыпенне, сам ціскаў ката, камячыў яму бакі, каб хутчэй яго спустошыць.
Калі абмякла і нежыццёва павісла рука ката, калі, балюча выцяўшы напаследак гайкаю, з яе выпаў бізун, які толькі што быў такі грозны і няўмольны, ён адштурхнуўся ад ката, што пачаў ужо асядаць, не спяшаючыся адышоўся ад яго і з нейкаю вялікаю злацешнасцю да крыўдзіцеля і гордаю павагаю да сябе стаяў і слухаў, як усё болей і болей шыпіць, нават свішча паветра — яно само пашырала дзірачку і ўжо вырывалася адтуль з неўтаймаванаю сілаю.
Калі монстр зусім зморшчыўся, а потым пачаў завальвацца на бок — дзе той і жывот падзеўся! — чалавек падышоў да яго, піхнуў нагою ў апалую гуму і ўзрадавана сказаў:
— Дык ён жа проста гумовы!