Выбрать главу

Людзі, якія стаялі побач і здзіўлена назіралі за тым, што тут робіцца, таксама паўтарылі за чалавекам:

— Дык ён жа ўсяго толькі гумовы! І пайшлі ўслед за ім.

Ён і сам пакуль што не ведаў, куды ідзе. І яны таксама не ведалі, куды іх вядуць. Але ішлі.

Утаймаванне ліфта

У высотным доме-хмарачосе нечакана для ўсіх жыхароў звар'яцеў раптам ліфт.

То ён знарок праскочыць патрэбны паверх, а пасля сам расчыніць дзверы на чужым і як не сілаю выштурхне чалавека не на сваю пляцоўку, а сам, парожні, з безразважным рогатам возьмецца катацца сюды-туды паміж паверхамі.

То ўпусціць чалавека, які спяшаецца пасля працы дадому, і возіць яго, не адчыняючы дзвярэй, аж пакуль той, пазлаваўшыся-пазлаваўшыся, пагрукаўшы кулакамі па чым толькі можна, не стоміцца і, змірыўшыся, бездапаможна не асядзе на падлогу.

То з зачыненымі дзвярамі зацята, як учадзелы, нідзе не спыняючыся, не прыстойваючы, носіцца ўверх-уніз — аж звініць жалеза, аж калоціцца лесвічная пляцоўка: як усё роўна яго пакрыўдзіў хтосьці.

Спрабавалі яго ўтаймаваць самі жыхары — нічога не атрымалася. Паклікалі ліфцёршу. Прыйшла маладая прыгожая дзяўчына, але што яна ні рабіла, ліфт не слухаўся і яе. Праўда, урэшце ён усё ж адкрыўся, а калі ліфцёрша мела неасцярожнасць зайсці ў яго адна, хуценька зачыніў дзверы і не выпускаў дзяўчыну аж цэлага паўдня. Рагатаў ён, вельмі дзіўна смяялася і дзяўчына — як усё роўна хтосьці казытаў яе…

Затым яна пачала плакаць. Мужчыны, спрабуючы вызваліць ліфцёршу, недарэчна бегалі па паверхах, націскалі на розныя кнопкі, але ліфт выпусціў яе толькі тады, калі сам захацеў. Спыніўся на адным з паверхаў, шырока расчыніў дзверы і выпіхнуў дзяўчыну на пляцоўку:

— Наце вам! Бярыце! — нібы выдыхнуў ён. Жанчыны, якія адразу ж сабраліся ля ліфцёршы, пачалі распытваць яе:

— Што, ён здзекваўся з вас?

— Ой, здзекваўся! — праз слёзы адказала ліфцёрша. — Ой, здзекваўся…

Жыхары, усе разам, думалі, меркавалі, як утаймаваць ліфт. Нехта падказаў, што трэба, мусіць, паклікаць міліцыю. У запале гэтай дзіўнай, непрадбачанай барацьбы ніхто не змог цвяроза разабрацца ці хоць бы ўсумніцца: пачакайце, а што ж тут зробіць міліцыя?

Вырашылі паклікаць — і паклікалі. Прыехала міліцыя — з дубінкамі, пісталетамі, рацыямі — пахадзіла па паверхах, аблаяла дурняў ды так ні з чым і паехала: ліфт жа не чалавек — яго не арыштуеш і на пятнаццаць сутак не пасадзіш.

Тады людзі ўспомнілі пра дактароў. Пазванілі ў псіхіятрычную бальніцу:

— Прыязджайце хутчэй! У нас тут адзін звар'яцеў. А хто звар'яцеў — не сказалі. Прыехалі. Цэлая брыгада

ў пад'езд увалілася. З утаймавальнаю сарочкаю, з вяроўкамі, з насілкамі.

— Дзе хворы? — пытаюцца.

А ўсе — хто пальцамі, хто галавою — на ліфт паказваюць.

— Во ён.

— Дзе, дзе? — нічога не разумеюць дактары. — У ліфце?

— Не, не ў ліфце, — адмоўна трасуць галовамі жыхары. — Сам ліфт!

Тут ужо і дактары разгубіліся. Яны думалі, што толькі адзін хворы, а тут, высвятляецца, цэлы пад'езд звар'яцеў. Плюнулі яны на ўсё, санітары скруцілі зноў насілкі ды і паехалі адсюль — усе ж хворыя ў адну машыну не ўлезуць, да таго ж і ўтаймавальная сарочка ў іх толькі адна…

А жыхары дома зноў засталіся сам-насам са сваёю бядою.

Ліфт, нібы разумеючы, што сюды прыехалі санітары з псіхбальніцы і таму трэба паводзіць сябе асцярожна, замоўк, затаіўся, сцішыўся, а калі тыя паехалі, зноў разышоўся: ездзіць і рагоча, ездзіць і рагоча…

Цяпер ужо ліфт хапаў чамусьці толькі адных жанчын, асабліва маладых дзяўчат. А мужчын і блізка не падпускаў да сябе. Калі ж хто з іх і прарываўся, калі і паспяваў падставіць між дзвярамі нагу ці прасунуць руку, ліфт з такою сілаю сціскаў створкі, што мужчына ледзь вырываўся сам.

Жанчыны пачалі абыходзіць вар'ята бокам, стараліся прабегчы каля яго як мага хутчэй — баяліся, што раптам адчыняцца самі сабою дзверы і ліфт уцягне іх у кабіну.

Але так рабілі толькі тыя, хто ведаў пра ліфтавы дзівацтвы. А хто не ведаў, жанчыны, якія не жылі ў гэтым пад'ездзе, траплялі ў пастку часта. Нічога не падазраючы, заходзілі ў кабіну, а потым, усё зразумеўшы, ніяк не маглі вырвацца: і смяяліся, і лаяліся, і плакалі.

У адной маладой пары, якая ішла ў госці якраз у гэты пракляты пад'езд, ліфт схапіў жонку, а муж з тортам у руках, замест таго каб сядзець за святочным сталом і піць гарэлку, як дурань, аж да паўночы бегаў па паверхах і крычаў, і злаваўся, і лаяўся, і пагражаў — а на каго, дзівак, крычаў, каму пагражаў і навошта?

Апоўначы ліфт спыніўся перад мужам і дазволіў яму ўзяць жонку — яна, стомленая, сядзела на падлозе і спала.