Выбрать главу

Аднаго дня тут выпадкова аказалася Маня Смачная — тоўстая, мажная, моцная, рашучая жанчына: яна, відаць, ішла ў госці да сястры, якая жыла ў суседнім доме. Пачула пра звар'яцелі ліфт і адразу ж накіравалася ў пад'езд:

— А давайце-тку мне яго сюды! Я гэтага вар'ята хутка ўгаманю!

Ліфт адразу ж адкрыў перад ёю дзверы і тут жа зачыніўся.

Усе насцярожана замоўклі. Стаялі, слухалі і чакалі, што будзе далей.

Спачатку з кабіны быў чуваць толькі смелы Манін голас:

— Я табе зараз пакажу! Я т-табе… Я т-табе… Як усё роўна Маня некага нечым сцябала.

Ліфт нейкі час стаяў ціха-ціха — нібы прыслухоўваўся да чаго.

Але раптам ён як сарваўся з ланцуга — заскрыгатаў, завішчаў, заторгаўся і стрымгалоў панёсся спачатку ўгору, потым гэтак жа імкліва кінуўся ўніз. А да слыху цікаўных жыхароў адно толькі даносілася:

— Я табе пакажу! Ану на дваццаты паверх! Ану на першы! Ану на дзесяты! Ану ў цокальны!

І што дзіўна — ліфт слухаўся яе, падпарадкоўваўся Маніным загадам.

Яна мучыла яго вельмі доўга. Калі ж сама спыніла ліфт і выйшла з яго свежая, задаволеная і гордая сабою, той стаяў, як заезджаны конь. Каб у ліфтоў быў язык, можна б было, убачыўшы гэтую карцінку, сказаць, што той стаяў, высалапіўшы яго.

Ліфт аж да вечара стаяў з разнасцежанымі дзвярыма і нікуды не ехаў — як усё роўна адпачываў. А ўвечары маладая маці паставіла ў кабіну калыску з немаўлём, а сама не паспела ўвайсці — ён хутка зачыніўся.

Людзі, што былі побач, анямелі: звар'яцелы ліфт адабраў у маці калыску, а ў ёй жа дзіця! Усіх адразу як паралізавала — жыхары пад'езда ведалі: адабраць у яго што-небудзь, што яму спадабалася, немагчыма. З жахам уявілі, як ліфт з малым у кабіне пачне зараз насіцца ўверх-уніз, як усё пачне калаціцца і скрыгатаць.

А ліфт павольна, амаль бясшумна скрануўся з месца і вельмі ціха пачаў падымацца ўгору. Гэтак жа павольна і асцярожна ён спусціўся ўніз і, не раскрываючы дзвярэй, зноў павёз дзіця ўверх.

Усе зніякавелі: ліфт, здаецца, люляў малога! Некаторым нават падалося, што ён спявае калыханку. Але гэта ўсяго толькі здалося — на самой справе песень не было. А ў тым, што ліфт люляе дзіця, ніхто не сумняваўся: ён яшчэ і да вар'яцтва так ціха і беражліва ніколі не ездзіў.

Малое перастала плакаць, яно пачало гугукаць — з ім і праўда нехта гуляў, забаўляўся.

Страх на тварах у людзей паступова пачаў мяняцца на добрую ўсмешку — і яны, як зачараваныя, слухалі гэтае гугуканне. Крыху супакоілася і маці. Яна хоць і нервавалася, але ўсё ж на вачах спакайнела: дзіцё жывое, не плача, з ім пакуль што нічога не здарылася.

Калі ліфт, нагуляўшыся з дзіцем, спыніўся і адчыніў дзверы, да яго адразу ж кінулася маці, а за ёю і ўсе іншыя, хто стаяў побач. Яны, таўхаючыся, замінаючы адно аднаму, выкацілі з кабіны каляску, а маці адразу ўзялася цалаваць і лашчыць немаўля.

Малое ж спакойна ляжала і ўсміхалася ўсё яшчэ ўзбуджаным людзям сваім мілым бяззубым раточкам.

А ліфт так і стаяў з разнасцежанымі дзвярыма — ён як усё роўна памёр: яму не хацелася ні зачыняць іх, ні з імі, незачыненымі, падымацца ўверх. Асмялелыя мужчыны заходзілі ў кабіну, націскалі на кнопкі, аднак ліфт ні на што не рэагаваў — стаяў і нібыта драмаў.

З гэтага дня пачалося яго паздараўленне. Праз які месяц у кабіну, ужо не баючыся, заходзілі і мужчыны, і жанчыны, і ён спакойна, паслухмяна, нават абыякава вёз іх на той паверх, на які ім трэба было. Праўда, адзін раз хвароба нібы вярнулася — гэта калі ў кабіну зноў зайшла маладая і прыгожая ліфцёрша, але яна чамусьці хуценька выскачыла на пляцоўку і болей да ліфта не падыходзіла.

А ў гэтай хваробе была вінавата якраз яна, ліфцёрша.

Дзяўчына адносілася да ліфта, як да машыны, а ён хацеў, каб з ім абыходзіліся як з чалавекам.

Ён любіў яе. Звычайнай чалавечай любоўю.

І ўся гэтая гісторыя здарылася пасля таго, як ліфт, каб яшчэ раз убачыць каханую, знарок сапсаваўся, а яна прыйшла сюды разам з нейкім рыжым тэхнікам, і ў яго ж кабіне той брыдка гаварыў да яе, непрыгожа паводзіў сябе, а пасля яны непрыстойна цалаваліся.

Вось тады ліфт і разышоўся, разбушаваўся — раўнаваў ён апантана, бурна, як і чалавек.

Потым ліфцёрша, нібыта штосьці зразумеўшы, паспешліва звольнілася і некуды знікла. На яе месца ўладкаваўся нейкі п'яніца. Яго зусім не цікавіў ліфт, ды і ліфту ён таксама быў непатрэбны.

Ліфт супакоіўся, амаль не псаваўся і сумленна выконваў сваю працу: зразумеў, што іншыя людзі ў яго нягодах не вінаватыя.

І праз нейкі час ужо ніхто не ўспамінаў не толькі ў пад'ездзе, але і ва ўсім горадзе, як звычайны ліфт адчуў сябе аднойчы жывым чалавекам…