Труба
У першыя дні гасцявання на гэтай чужой зямлі яго ўвагу прыцягнула доўгая жалезная труба, якая ляжала непадалёк ад Дома Урада, на пусташы, у бур'яне і адусюль, дзе б ён ні быў, кідалася ў вочы. Каля яе, асабліва перад уваходам, была ладна вытаптана трава, па чым можна было здагадацца, што труба не проста забытая, выпадкова кінутая кімсьці на пустэчы, а яна мае нейкі свой сэнс і як магнітам прыцягвае да сябе, мусіць, не толькі яго аднаго.
Не ведае чаму, але яму здавалася, што яна тут ці не самая галоўная: усюды ён чамусьці помніў пра яе, успамінаў пра яе, шукаў яе.
Таму як толькі яму ўдалося астацца на якую хвіліну аднаму, без прыгляду, ён, канечне, той жа час ужо быў каля трубы.
Трава і праўда была вытаптаная каля яе аж да зямлі — шмат хто, відаць, тоўкся тут да яго і, цікаўны, заглядваў у яе цеснаватае жарало.
Азірнуўшыся — ці бачыць хто? — ён і сам пальцамі ўзяўся зверху за няроўна абрэзаныя беражкі трубы, нагнуўся і зазірнуў у яе цёмную, нават чорную пройму. Труба была настолькі доўгая, што і на выхадзе нават маленькаю крапкаю не пазначалася святло.
Труба палохала сваім змрокам, холадам, глядзець у яе было вусцішна, нават жудавата, але той жа час штосьці моцнае, настойлівае і неадольнае насуперак волі змушала яго згінацца ўсё ніжэй і ніжэй, засоўваць галаву ўсё глыбей і глыбей у трубу — аж пакуль самі сабою не расшчапіліся пальцы і не адпусцілі беражкі.
Тады ён, ужо не раздумваючы, рашуча, на руках і каленях папоўз у вузкую дзірку, нібы ў пашчу якога звера.
І што было асабліва страшна: яму хацелася ў гэтую зяпу!
І той жа час, як толькі яго ногі ўвабраліся ў трубу, ён пачуў, што за ім ляпнула жалеза, нешта зашыпела і засквірчэла, быццам недзе побач працавала электразварка, а потым усё сціхла.
У трубе стала зусім цёмна. Ён здагадаўся, што нехта — а хто, бог яго ведае: калі аглядаўся, нікога ж нідзе не было відаць — прыставіў да ўвахода жалезны ліст і заварыў дзірку, у якую ён толькі што ўпоўз.
Вось цяпер толькі яго апанаваў страх.
Ён пачаў задыхацца — у трубе не хапала паветра, пахла паленым жалезам, акалінай, хацелася кашляць. І колькі ні ўглядаўся наперад, не было бачна нават намёку на святло — чорна, цёмна, хоць вока выкалі.
Няўжо яны і выхад заварылі?!
Ад такой думкі зрабілася яшчэ больш жудасна: гэта ж сапраўдная цэльнаметалічная труна! І ці намнога хопіць яму паветра, замураванага разам з ім у трубе?! Разумеў, што хутка ператворыць увесь кісларод у вуглякіслы газ і памрэ.
У роспачы пасунуўся назад і пачаў малаціць абцасамі па жалезе, якім заварылі ўваход. Жалеза грымела, труба рэзаніравала, што аж ламіла ў вушах, а ён усё малаціў і малаціў нагамі. Потым пачаў біць перад сабою кулакамі па трубе — грымела ўжо меней, да таго ж ён бачыў і разумеў сваё глупства: ты што, думаеш, кулакамі размалоціш жалеза?!
Прыслухаўся, а што робіцца на волі? Там было зусім ціха: ці то і напраўду ля трубы нікога не засталося — зрабілі сваю гнюсную справу і разышліся, — ці то яны там і шумелі, і гаварылі, але сюды, у запаяную, як кансервавая бляшанка, трубу ніякія гукі не даходзілі.
Яго разбірала злосць: навошта ім гэта? Запрасілі ў госці, так міла сустрэлі, так шчыра ўсміхаліся, а цяпер запаялі ў трубе?!
І тут ён усё ж разгледзеў далёкую-далёкую крапку святла і ўзрадаваўся: значыць, труба на выхадзе не запаяна! І памагаючы сабе локцямі, каленямі, нават наскамі і пяткамі чаравікаў, выгінаючыся, як уюн, усім целам, спяшаючыся папоўз на гэтую крапку.
Дыхаць было дужа цяжка, а паўзці яшчэ цяжэй: яму нават здалося, што труба да выхада звужаецца. Яна сціскала плечы, ім ужо было цесна зусім, яны выціралі ўсюды пыл — той, хоць і нябачны ў цемры, хутчэй за ўсё клубіўся навокал, запаўняючы сабою кожны зазор паміж ім і трубою, набіваўся ў нос, у рот.
Не, ён не памыліўся — труба к выхаду і праўда звужалася!
Затрывожыўся, што неўзабаве не пралезуць плечы, і ён тады зусім заткне сабою гэтую трубу, а паветра яму застанецца толькі тое, што перад ім. Пачаў спяшацца, бязладна тузацца, варушыцца, шкрэбціся рукамі і адчуў, што выбіваецца з сіл, — ці то ад страху, ці то ад лішняй мітусні.
«Пачакай, пачакай, — загаварыў сам да сябе і пачуў, якія глухія і чужыя яму словы паўтараюць сценкі,— што ж ты робіш? Зусім зняможашся, акволееш, і тады ўжо ніхто табе не дапаможа».
Ён паляжаў крыху спакойна, адпачыў. А затым паціху пачаў варушыцца зноў.
Поўз ён зараз вельмі марудна, але ўсё ж поўз. Хоць да святла ўжо было як рукою падаць, набліжаўся да яго госць дужа доўга. І калі ўжо засталося прыкласці апошнія намаганні, каб выціснуць сябе на волю, перад вачыма штосьці мільганула і ў трубе зноў зрабілася зусім цёмна.