Выбрать главу

Ён яшчэ не бачыў, што яго сустракаюць, што тут сабралася дужа многа людзей, і спалохана падхапіўся толькі тады, калі зусім непадалёк ад яго грымнуў аркестр.

Госць пакуль не ведаў, што ў гэтай краіне вось так, праз трубу, выбіраюць сабе кіраўніка дзяржавы, а таму стаяў, лыпаў вачыма і, нічога не разумеючы, углядаўся ў святочна апрануты натоўп, які з вялікаю ўвагаю і павагаю пазіраў на яго.

Да госця, стомленага, запыленага, бруднага — ён жа выцер сабою аж дзве такія даўгія трубы! — падышоў нехта з тутэйшых, пакланіўся яму і сказаў:

— Мы горача віншуем вас, наш шаноўны прэзідэнт! І надзеў яму на галаву карону.

Побач беражліва, таксама з пашанаю клалі на насілкі мерцвяка, якога ён толькі што выштурхнуў з трубы.

— А гэта хто? — спытаўся Прэзідэнт.

— Ён па другой трубе поўз вам насустрач, — невыразна адказаў тутэйшы.

— Навошта?

— Таксама, як і вы, хацеў стаць прэзідэнтам…

— Ніякім прэзідэнтам станавіцца я не хацеў! — раззлаваўся Прэзідэнт. — Я проста…

— Кіньце вы! — перапыніў яго тутэйшы. — Каб не хацелі, у трубу б не палезлі… Адным словам, мы віншуем вас з перамогаю на нашых прэзідэнцкіх выбарах!

І тут падышоў народ і пачаў шчыра віншаваць свайго новага Прэзідэнта.

Вялікі і Мудры

У свеце ішла самая жорсткая, самая крывавая, самая страшная вайна. Брат забіваў брата, суродзіч — суродзіча. Краіна ваявала краіну, мацярык знішчаў мацярык, планета пляжыла планету. Усюды валяліся забітыя, ніхто не прыбіраў іх, нікому яны не трэба былі, а ваўкі і шакалы, гэтыя міжвольныя санітары, не спраўляліся ачышчаць ад іх палі — драпежнікі, рассыцелыя на трупах, хадзілі не хаваючыся, нікога не баючыся, а з клыкоў іх тырчала чалавечына, а іхнія хіжыя морды ўвесь час былі ў цёплай чалавечай крыві.

Ад бамбёжак і артылерыйскіх абстрэлаў асядалі друзам прыгожыя дамы і цэлыя гарады, на вачах у знямелых людзей ператвараліся ў руіны жытло, масты, палацы, храмы, сады.

Дыхаць не было чым — паветра загусцела, у ім намножылася, сабралася больш дыму, гару, копаці, пораху, чым паветра.

Усе ваявалі супраць усіх, і ўсё змагалася супраць усяго.

А людзі ўсюды жылі харошыя. Прыгожыя, моцныя, разумныя. Яны былі працавітыя і зычлівыя, дружныя і спагадлівыя.

Хто ж раз'яднаў іх, хто абудзіў такую зацятую злосць і нянавісць адно да аднаго? Хто іх усіх, добрых і шчырых, перасварыў і завязаў у гэтай загубнай вайне, у гэтай разніцы, якая, усе ведаюць, ніколі не кончыцца і ў якой не будзе пераможцаў?

Няўжо яны не бачаць, што той, хто ўсё гэта робіць, злы і нядобры, подлы і каварны?!

Але пра Яго ўсе гаварылі з найвялікшым хваляваннем, з пашанотаю і павагаю. Адны называлі яго Вялікім і Мудрым Правадыром, другія — Асілкам, Волатам, Могучам, а трэція проста падымалі палец угору, быццам Правадыр, дырыжор усяго гэтага, як бог, жыве на небе, і, нібы ведаючы нейкую таямніцу, казалі ўзрушана:

— Ён!

Яму ж карцела абавязкова ўбачыцца з Вялікім і Мудрым. Ён быў нармальны чалавек, разумеў усё, што вакол адбываецца, і хацеў сустрэцца з Правадыром, а калі ўдасца — дык і пагаварыць з ім. Няўжо ён сляпы? Не бачыць нічога, што робіць?

Але ўсе, з кім ён гаварыў, у каго хацеў дапытацца, дзе можна знайсці Вялікага і Мудрага, адмахваліся ад яго, як ад назойлівай мухі, і, ці то зараджаючы гармату, ці то залазячы ў танк, ці то падчэпліваючы пад крыло самалёта ракету, на хаду, паспешліва кідалі яму:

— Што вы! Гэта немагчыма!

Вялікі і Мудры жыў недзе далёка, ніхто не ведаў, дзе пэўна, але ўсе ведалі, што ён ёсць, сочыць за ўсім і кіруе ўсім.

Ніхто ніколі не бачыў Правадыра, аднак усе верылі, што ён разумны і справядлівы, ва ўсім добра разбіраецца і хоча ўсім людзям толькі дабра. «Зла!» — хацелася крыкнуць яму ў адказ, але ён стрымліваўся, бо ведаў, што яго не зразумеюць: людзі ганарыліся сваім Правадыром!

Ніхто не хацеў яму памагаць, паказваць дарогу. Усе толькі паблажліва ўсміхаліся, гаварылі:

— Марны клопат. Вы не знойдзеце яго. Правадыр нікому не паказваецца, бо, як бог, недасягальны. І ніхто не ведае, зямля ці неба яго жытло.

І ўсё ж ён вырашыў знайсці Могуча: калі ёсць Правадыр, павінна ж быць у яго і нейкая хата…

Бомбы сыпаліся як не на самую галаву яму, а ён ішоў.

Снарады разрываліся то справа, то злева, а ён ішоў.

Атамныя выбухі скаланалі зямлю не так ужо і далёка, яркія сполахі сляпілі вочы, а ён ішоў.

Пытаўся ва ўсіх, каго сустракаў, дзе знайсці Вялікага і Мудрага, але ўсе адказвалі яму аднолькава:

— Не ведаем.

І потым сам усё зразумеў: дзівак, ён жа не там шукае — хіба ж Вялікі і Мудры будзе сядзець на перадавой, дзе сыплюцца на галаву бомбы, а вочы слепяць атамныя ўспышкі? Канечне ж, ён знаходзіцца не тут, а недзе далёка-далёка, у глыбокім тыле, дзе не чуваць выбухаў і нішто, апрача сонца, не слепіць вочы.