У глыбокі тыл яго вывезлі на ваенным верталёце.
Ляцелі доўга, пакуль не завіслі над нейкім лугам. Суправаджальнік няпэўна махнуў рукою: «Недзе там. Шукайце!», спусціў вераўчаны трап, па якім ён і злез на траву.
Калі верталёт, падняўшы трап, паляцеў, той, хто шукаў Правадыра, не сыходзячы з месца, агледзеўся.
Справа была рэчка, наперадзе, на колькі брала вока, зелянеў луг, а злева шумеў крыху змрачнаваты лес. Паколькі нідзе не было відаць ніякіх пабудоў, ён, крыху пастаяўшы, паволі пайшоў у бок лесу — мусіць, і праўда, пошукі лепш за ўсё трэба пачынаць з лесу: якраз там, каб схавацца, мог выбраць сабе месца пад жытло Вялікі і Мудры.
І ён не памыліўся. Яшчэ здалёку ўбачыў высокі плот, якім быў абгароджаны ўвесь лес, а падышоўшы бліжэй, разгледзеў і калючы дрот, які ішоў паўзверх дошак.
Знайшоў дзверы ў плоце і вельмі доўга грукаў у іх. Але, на жаль, ніхто не адклікаўся яму, не падаваў голасу. Не было чуваць ніякага гуку, ніякага шолаху, і яму ўжо здалося, што ўвесь гэты вялікі, акальцаваны плотам лес мёртвы.
Аднак праз нейкі час з таго боку, за дзвярыма усё ж пачуліся крокі, і веснічкі адчыніў нейкі заспаны, няголены і непрычасаны чалавек. У прачыненыя дзверы ён убачыў у глыбіні лесу вялікі белакаменны шыкоўны палац, які вельмі ж хораша ўпісваўся ў зеляніну дрэў і травы, і спытаўся:
— Ці магу я пабачыць Вялікага і Мудрага?
— Яго тут няма, — адказаў Заспаны.
Яму ж здавалася, што яго падманваюць, — якраз тут і павінен быў бы схавацца Правадыр — у гэтым лесе, у гэтым палацы.
— А вунь тая святліца не яго?
— Не, не яго.
— І лес не яго? І плот не яго?
— Не яго. Наш Вялікі і Мудры нікога не баіцца і ні ад кога не хаваецца. Ён жыве на адкрытай прасторы, яму не патрэбны парканы і калючы дрот — ён ненавідзіць агароджу.
— А тут хто жыве?
— Тут жывуць тыя, што ўсяго баяцца і ад усяго хаваюцца.
Ён паверыў чамусьці ў словы Заспанага — той, здаецца, не маніў. Спытаўся:
— А дзе мне шукаць Правадыра?
Заспаны вельмі ўважліва, прыдзірліва, неяк пільна і ўчэпіста паглядзеў на яго і, быццам бы ўжо даверліва, адказаў:
— Недзе там шукайце.
І зноў жа невыразна махнуў рукою ў бок лугу і паўтарыў:
— Недзе там…
І адразу зачыніў дзверы.
Толькі цяпер у глыбіні ляску вякнуў сабака — дзіўна, чаму той маўчаў, не азываўся, калі ён малаціў кулакамі ў дзверы і размаўляў з Заспаным?
З гэтаю невыразнаю і непатрэбнаю думкаю ён, угнуўшы, унурыўшы галаву, ішоў па вялікім і, здаецца, несхадзімым лузе. Ніякіх арыенціраў на ім не было, пабудоў — таксама, луг быў чысты і бязмежны, і таму спадзявацца тут на сустрэчу з Правадыром не даводзілася.
А ён ужо нават падрыхтаваўся да высокай, інтэлектуальнай размовы з Вялікім і Мудрым і ўжо ўяўляў, як у белакаменным палацы яны сядуць дзе-небудзь ля каміна і будуць доўга гаварыць пра тое, што адбываецца ў іхнім Сузор'і, і чамусьці верыў, што пераканае Могуча і нешта зменіць.
Задумаўшыся, ён спачатку і не зразумеў, што гэта з ім хтосьці размаўляе. Але ўсё ж спыніўся, агледзеўся — не, здаецца, нікога нідзе не відно. І тады той, хто гаварыў да яго, зноў спытаўся:
— Ты шукаеш мяне?
Чалавек яшчэ раз пільна азірнуўся навокал, але і на гэты раз нікога не ўбачыў.
— Я шукаю Вялікага і Мудрага, — адказаў ён і дадаў: — Таго, хто кіруе нашым Сузор'ем.
— Я і ёсць Вялікі і Мудры, — з гонарам адказаў нехта. — Я кірую ўсімі Сузор'ямі.
— А дзе ты? — гледзячы сабе пад ногі, спытаўся чалавек.
— Ты на мяне глядзіш.
Чалавек уважлівей прыгледзеўся да травы пад нагамі і тады на крыху палыселым, нібы аб'едзеным авечкамі, грудочку ўбачыў чарвяка.
— Ты — чарвяк?! — уражаны, здзівіўся чалавек і не ўтрымаўся, зарагатаў: — Ты — чарвяк!
— Я — Вялікі і Мудры Правадыр! — яшчэ з большым гонарам, нават неяк фанабэрыста адказаў Чарвяк.
Чарвяк! Дык вось хто кіруе ўсімі войнамі ў Сузор'ях! Дык вось хто забівае суродзічаў, разбурае гарады, сутыкае мацерыкі і планеты! Чарвяк! Самы звычайны чарвяк! Пачакай, а які ж ён звычайны? Такі маленькі… Ды гэта ж абрубак, уцінак! Так і ёсць, абсяканец! Хутчэй за ўсё нехта лапатаю перасек яго напалам. Чарвяк! Кавалак чарвяка! Сляпы, пачварны вырадак!
Чалавек, хуценька нагнуўшыся, хацеў схапіць чарвяка за хвост, але той паспеў ужо ўтачыцца ў зямлю. Чалавек пачаў разграбаць, шырыць дзірачку, аднак гэта была марная праца: чарвяк пайшоў у глыбіню і невядома ў які бок.