Выбрать главу

Калі ён дакаціўся і да горада і з неймавернаю лёгкасцю пачаў трушчыць, як цацачныя, машыны, самалёты, цягнікі, высотныя дамы, Нармальныя зразумелі, што ад гэтай гары не ўцячэш, — усё роўна яны некалі стомяцца, здарожацца, упадуць, і яна зноў жа ці то абыякава, ці то з радасцю, што нарэшце дагнала, наступіць на іх і падамне пад сваё ненаеднае чэрава.

Хацелі неяк абысці гару. Але яна была дужа вялікаю, засланяла ўвесь небасхіл, да таго ж усё расла і расла, шырылася і шырылася, таму Нармальныя зразумелі, што зрабіць ім гэта не ўдасца: такую гару, як лёс, немагчыма абысці!

Ім заставалася толькі адно: павярнуцца тварам да гары і прыняць няроўны бой — паспрабаваць узлезці на вяршыню, прабегчы праз яе і спусціцца, саскочыць на зямлю на тым баку — ужо за ёю.

Сабраўшыся ў гурт — да іх далучылася яшчэ некалькі чалавек, жыхароў гэтага горада, — Нармальныя паспешліва пачалі радзіцца, як лепей узлезці на гару — яна няўмольна кацілася ўсё бліжэй і бліжэй.

Нехта сказаў, што трэба дабегчы да самага высокага небачоса і з яго, з салярыя, паспець ускараскацца на вяршыню.

І ўсе адразу, той жа час кінуліся шукаць высотнік. Горад быў забудаваны аднымі небачосамі, таму шукаць такога дома доўга не давялося.

Усе, хто рашыў ратавацца, кінуліся да ліфтаў, каб паспець выйсці на дах да таго, як падыдзе сюды гара. Людзі ж, што жылі ў гэтым і суседніх дамах, глядзелі на іх як на дзівакоў, круцілі пальцамі ля скроняў і займаліся, як заўсёды, сваімі звычайнымі клопатамі — яны і не думалі ўцякаць.

Нармальныя паспелі да падыходу гары падняцца і выйсці на дах, у салярый.

Напружанасць была вельмі вялікая. У людзей яшчэ аставалася крыху часу, і яны з нецярпеннем і страхам сачылі, як набліжаецца гара, прыглядаліся да яе, шукаючы, за што лепей зачапіцца, калі яна будзе зусім побач…

Калі гара сваім крутым бокам упёрлася ў небачос і той аж захістаўся, Нармальныя пачалі хапацца хто за што: хто за камень, хто за дрэва, хто за куст, хто за выступ.

Не ўсім пашанцавала — некаторыя адразу ж сарваліся і з жудасным крыкам паляцелі ўніз, але многім усё ж удалося зачапіцца, і яны паспешліва і спрытна — мусіць, страх даваў ім і сілу, і спрыт — пачалі караскацца на вяршыню.

Ім трэба было спяшацца — гара і напраўду круцілася, і таго хто не паспее ўзлезці, яна і зараз магла скінуць сабе пад ногі.

Яны спяшаліся, а гара, здаецца, спяшалася яшчэ болей — як усё роўна ёй было непрыемна, што нехта ўзлез на яе, і яна хацела як найхутчэй атрэсціся ад людзей.

Тое, што людзі, караскаючыся і зрываючыся, праходзілі, гара, круцячыся ў другі бок, зводзіла на нішто: Нармальныя ніяк не маглі адысціся ад краю прадоння. Сілы многіх пакідалі, і яны, не змогшы паспяшацца, бегчы хутчэй, ужо, здавалася, выратаваўшыся, ускараскаўшыся на вяршыню, зрываліся і падалі ў прадонне.

Неўзабаве на гары яны асталіся толькі ўдваіх — Ён і Яна. Відаць, мясцовыя людзі нешта ведалі, калі, бачачы, як Нармальныя хочуць уратавацца, глядзелі на іх, бы на дзівакоў.

І ўсё ж яны, мінуўшы самую высокую вяршыню, беглі наперад. Спыняцца не было як — гара, як толькі спынішся, верне цябе ў ранейшае становішча, і ўсё давядзецца пачынаць спачатку.

А гара і праўда круцілася як гіганцкі дарожны каток. Ім пачалі ўжо трапляцца ўпрасаваныя ў зямлю і каменне дрэвы, бярвенні, аўтамашыны, а то і людзі — то руку ўбачыш, то нагу.

Нармальныя задыхаліся, але ўсё ж не спыняючыся беглі і беглі наперад.

Дабраліся да краю, зірнулі ўніз і жахнуліся: з гэтага боку гара была такая ж абрывістая, як і з таго, адкуль яны прыбеглі.

Гара, якая невядома адкуль і невядома куды рухалася, зрэзала, знесла, як вялікі бульдозер, усё, што было перад ёю: вёскі і гарады, дрэвы і меншыя горы.

Цяпер там, за гарою, садзілі іншыя дрэвы.

Там ужо будавалі іншыя хаты.

Там узводзілі іншыя гарады.

Там цвілі іншыя кветкі.

Там жылі іншыя людзі.

Нармальныя з адчаем глядзелі ўніз і ніяк не маглі вырашыць, што рабіць. Разумелі: па такой стромай скале ў новае жыццё, канечне ж, не злезеш.

Жанчына, убачыўшы, што іх зноў ужо аднесла ад краю, замітусілася, загаласіла, хуценька кінулася наперад і, чапляючыся рукамі і нагамі за выступы, хапатліва пачала спускацца ў прадонне. Аднак гара не пускала яе туды: на колькі жанчына апусціцца ўніз, настолькі яна падыме яе зноў. Гара нібы выштурхоўвала Нармальную з прадоння!

Ён хацеў падаць жанчыне руку, але не паспеў дабегчы: пакуль стаяў, яго далекавата аднесла ад краю.

Як яна сарвалася, не бачыў. Пачуў толькі працяглы, бы выццё, крык і ўбачыў, як над прадоннем матлянуліся яе распушчаныя валасы.