— Вам на Маналы?
Таксі давезла яго да аэрадрома імгненна.
Над аэрадромам, над лётным полем стаяў дужа густы туман, воблачнасць была вельмі нізкая — хмары, здаецца, чапляліся нават за самалёты, што, як мокрыя куры, моклі на зямлі,— ішоў праліўны дождж, і ён ужо напраўду паверыў, што самалёт не паляціць.
Але аэраплан, як толькі чалавек увайшоў у салон, адразу ж выруліў на ўзлётную паласу.
Узляцеў ён, не зважаючы на туман, нізкую бачнасць, лёгка і проста. Ляцеў таксама смела, хоць вакол жыхалі маланкі, свяціліся яркія разрады, дзьмуў моцны бакавы вецер, ад чаго тонка вібрыравала і вагалася крылле.
Садзіцца было яшчэ цяжэй, чым узлятаць. Ужо колькі разоў самалёт зніжаўся як не да самай зямлі, але зноў узлятаў угору, бо ўнізе нічога не было відно — воблакі паўзлі па самай узлётнай паласе.
Ён ужо быў больш чым упэўнены, што самалёт вось зараз развернецца і паляціць назад, на свой аэрадром, але лётчыкі зноў і зноў заходзілі на пасадку, рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб пасадзіць лайнер.
І нарэшце ім гэта ўдалося — самалёт чыркнуў коламі па самым краі пасадачнай паласы. Каб ледзь-ледзь раней — быць бы бядзе: колы б угрузлі ў раскіслую ад дажджоў зямлю і ён бы перавярнуўся.
Спяшацца не хацелася і тут. Зайшоў у памяшканне аэрапорта, сеў на лаўку, каб пабыць аднаму, каб адцягнуць сустрэчу, якая, ён адчуваў, будзе яму непрыемнаю.
Але тут да яго зноў падышоў чалавек:
— Вы не на Маналы?
— На Маналы.
— Тады пойдзем. Я вас крыху падвязу. Бо пешкі ісці вам доўга давядзецца.
Праз нейкі час шафёр збочыў налева, на дарогу, якая бралася на гару, спыніўся і адчыніў дзверцы.
— Мне — сюды. А вам прама.
Ён ішоў па раскіслай ад дажджоў дарозе — здавалася, адзін на ўвесь свет — і думаў, што вось цяпер і напраўду адзін: хоча ісці — пойдзе, не хоча — зверне з дарогі пад елку, раскладзе агонь і будзе грэцца каля полымя колькі захоча.
Але яго даганялі ўсё новыя і новыя машыны, а шафёры зноў жа заклапочана пыталіся:
— Вы на Маналы?
І бралі яго ў кабіну, а калі яна была занятая — садзілі ў кузаў і везлі наперад. Ехалі разам, колькі маглі, а тады ссаджвалі зноў на дарогу, але яго праз нейкі час падбіралі іншыя машыны.
Калі адна машына засела, ён, бачачы, як яна ўсё глыбей і глыбей, па самую вось закопваецца ў зямлю, ужо не хаваў сваёй радасці — гэта ж была ці не апошняя магчымасць не даехаць да Маналы.
Але шафёр па рацыі выклікаў цягач, і той, падчапіўшы машыну, лёгка вывалак яе з твані, а потым цягнуў да самага горада.
У Маналы яго ўжо чакалі.
— Вы мяне выклікалі? — спытаўся ён у чалавека, які хадзіў, заклаўшы рукі за спіну, па прасторным кабінеце.
— Выклікаў.
Верхавод яшчэ нейкі час моўчкі пахадзіў па кабінеце, а затым спытаўся сам:
— А нож вы ўзялі?
— Узяў. А навошта ён?
— Трэба зарэзаць вунь таго нягодніка, — і паказаў пальцам у кут, дзе на падлозе ляжаў звязаны чалавек. — Ідзіце і зарэжце.
— Я? Зарэзаць чалавека? Што вы! Не пайду! Не буду я нікога рэзаць!
— А я вам загадваю!
— А я не буду! — закрычаў ён.
— Вяроўку вы ўзялі? — ціха, спакойна, не павышаючы голасу, спытаўся Верхавод.
— Узяў,— паспакайнеў і выкліканы.
— Пакажыце.
Ён зняў плячак, пакапаўся там, дастаў вяроўку і падаў яе Верхаводу.
Тут жа аднекуль, як усё роўна яны выраслі з-пад зямлі, з'явілася трое малайцоў, яны яго ж вяроўкаю звязалі пакліканага і кінулі на падлогу побач з тым чалавекам, якога ён павінен быў зарэзаць.
— А што мне зараз рабіць? — ужо лежачы, наіўна спытаўся ён.
— Чакаць, калі знойдзецца нехта трэці, хто зарэжа вас абодвух.
Ён ляжаў і аж дрыжаў ад гневу, абурэння і адкрытай ісціны, пра якую, канечне ж, здагадваўся і раней: зла ў жыцці болей, чым дабрыні.
Яно часта так бывае: калі на нешта добрае, то і аўтобус паламаецца, і карабель не паплыве, і самалёт не паляціць, і чалавек ніколі не даедзе туды, дзе яго чакае радасць.
А як на што дрэннае — усё і едзе, і плыве, і ляціць… І абавязкова, насуперак яго жаданню, давядзе чалавека да болі.
Мусіць, каб паказаць яму, які ён слабы, бязвольны і безабаронны.
Спатканне
Упершыню за столькі гадоў ростані ім дазволілі гэтае спатканне. Яны сядзелі ў розных турмах: ён тут, у сваёй, айчыннай, а жонка — у іншай, чужой і вельмі далёкай адсюль. Тыя, хто дазваляў гэтую сустрэчу, патаемна спадзяваліся, што вязні, узрадаваўшыся магчымасці ўбачыць адно аднаго, шчыра разгаворацца і міжволі выдадуць нейкія таямніцы, якіх якраз і не стае ў абвінавачванні.