Выбрать главу
...Ты мне адкрыла гэты дар, Маланка! —                    кара перунова, Што ў вочы мне глядзіць сурова, Маўчыць-пытае: ці гатовы?..
Ты мне адкрыла гэты дар — Святы,            святочны,                            каляровы: Табе я кіну                   шар                           ружовы — Мне вернецца Блакітны шар.
...Прырода — гулыіі бліскавіц. Прыроду ўмеем — да драбніц — Мы падрабіць... З пустой бляшанкі, Нібы сапраўдны                           гром грыміць. I можна падрабіць маланкі. Каханне можна падрабіць. З сапраўдным — страшна: найчасцей Сапраўднае                    маланкай слепіць!..
Калі насмерць заб'ецца лебедзь, Яно — сапраўднае — з касцей!.. З крыві!..
З падробным жыць прасцей. I паміраць куды як лепей. Ні вір           не ўцягне з ім, Ні топка...
Не падрабляйцеся! Таропка, За ноччу ноч і дзень за днём Вы падрабляеце падробку, Падробленую Перуном I кінутую на Зямлю У міг праклёну, гневу, кары...
Зноў бліскавіца! З грому! З хмары! Агнём! Віхураю! Пажарам!.. Яе лаўлю. Яе люблю.
...Як мы кахалі! Гэты дар! Маланак жар нясцерпны гэты!..
Міналі дні... Наш каляндар Танчэў, няўмольна рухаў лета На схіл, на сход... Забранзавела, Звінела скура нашых цел — I не было спатолі целу...
А непазбежнае ў прыцэл — Ды не! —                 ва ўпор ужо глядзела.
...Яна любіла ноч — і ўночы Любіла плаваць. З тых часоў Я прывід бачу:                         цень жаночы Страсае зоры з валасоў, Вымае з косаў срэбны месяц...
Быў дзень дзевяты. Жнівень месяц.
У гэты дзень — жыццё назад — Я нарадзіўся...                         З той нагоды Абкалацілі мы наш сад I вычарпалі вадаспад,— Сказаць дакладней:                         вінаспад, Бо ў ім бруіліся не воды, А ў свеце лепшае віно!.. Ці зараз там бруіць яно — Не ведаю. Не быў даўно.
Мы на вячэру запрасілі Свабодных птушак, рыб, звяроў, Усіх, каму было па сіле З сябрамі выпіць за сяброў... I выпілі яны, I дроў Нам наламалі — будзь здароў! Мы весяліліся... Ды штосьці У самых нетрах весялосці — Віна ў тым не было віны — Пад ноч зламалася, I госці — Такім гасцям няма цаны — Таропка сталі разбягацца Ды разлятацца, расплывацца... I засталіся мы адны.
...У той пячоры на сцяне Малюнак быў:                       Адам і Ева, Спакусы змей, пазнання дрэва...
— Кахалі ўсё ж яны ці не? — Не ўведаць нам... Патоп. Залева.
Маланка ўстала: — А яны? Што ён спазнаў?.. Яна спазнала?.. I раптам яблык — са сцяны! — Як з яблыні жывой,                               сарвала. I надкусіла. Пырснуў сок. I змей у змрок слізнуў з малюнка.
— Маланка! — Што, мой галубок?.. Застаўся ты без падарунка — Лаві!.. I кінула Клубок.
Той самы — сніцца ці не сніцца? Шаўковы! — сон ці ўжо не сон?..
— Мой падарунак —                                бліскавіца! — Чаму ж не свеціцца? — Свяціцца Не можа выкляты... Мільён Гадоў яшчэ да навальніцы, Калі Пярун дачцэ скарыцца I здыме страшны свой праклён.
— Чаму мільён? — Лавіць не трэба Мяне на слове...                           Хай у час Калі мы ўстанем перад небам I неба павянчае нас — Яна засвеціцца...
— Няўжо ты У тое верыш сапраўды?!. — Знайшла я ліст у садзе жоўты, Апалы першы ліст... Гады, Вякі мільгаюць, як імгненні, А вечнасць — гэты ліст асенні, Дрыготкі халадок вады, А вечнасць — гэты ліст апалы...