Ад аўтара:
Ты поўз да гэтых кветак на гарбе,
Я іх дару табе, Андрэй Крушына!
...Няхай ідзе з пралескамі мужчына,
Анёл у небе грае на трубе!..
У кожнага свой лёс,
Свой знак астральны.
Ён з кветкамі ўвайшоў у шум вакзальны,
Кудлаты хлопец да яго падбег:
— Таргуеш?
— Горб скідаю.
— Ненармальны...
Скрозь
бралася
вясна. Хоць вертыкальна
На горад падаў,
падаў,
падаў снег.
НАСКРОЗЬ
Канцэрт для паэта з аркестрам
(Урыўкі)
У высях загуло —
I бездань прагула.
Наскрозь — тваё святло,
Наскрозь — твая імгла.
Наскрозь — дабро і зло,
Цвікамі скрозь далонь.
Хто пойдзе на святло,
Той выйдзе
на агонь.
Хто пойдзе на імглу —
На попел прыйдзе той.
Наскрозь —
дабру і злу —
Адкрыты шлях...
Не стой!
Жыццё
дабром і злом
Спрабуецца на злом,
На злом —
зямная вось —
Наскрозь, наскрозь, наскрозь.
Частка першая
Натхненне
Паэт працуе так:
Пяро бярэ, паперу
I піша:
Я...
Пасля
Паэт шукае рыфму.
Ці не шукае рыфму.
Я... (Шукае рыфму.) Руль — патруль.
Танцы — шманцы! (П'е ваду.) Буль-буль.
(Муху забівае на фіранцы.)
...Гэта ўсё прэлюдыя пакуль,
Калатня нервовая ў чаканцы.
Вершы прылятаюць ніадкуль —
Космасу таемнага пасланцы.
Перад імі шчэ ідзе сігнал,
I душа яго прымае, змершы.
А пасля ўжо, як дзевяты вал,—
Вершы!
Ці падобнае на вершы.
Муляжы васковыя. Падман.
Здольны рыфмаваць і графаман:
Мэты — мэтры, метры — мінарэты.
Толькі графаманы — не паэты.
Графаман — водаправодны кран,
Скуль ён сам і налівае ў збан
Ронда, мадрыгалы і санеты...
Ёсць
водаправодныя
сюжэты
(Пахне з тых сюжэтаў, як з клазетаў),
Ад якіх залежыць графаман.
А паэту
напляваць на гэта,
У паэта
Незалежны стан:
Не водаправодны акіян —
Вольны акіян
душа паэта.
Не прыняць сігнал, пасланы ёй,
Графаману. Ён экранаваны
I яшчэ прысыпаны зямлёй.
А сігнал пасланы...
Божа мой,
Як зямлю гайдаюць акіяны!
Вось пайшоў, узняўся першы вал...
Скалануў ён ля падножжа скал
Валуноў зялёную аслізласць!
Не затым, каб морды ім аблізваць,
З космасу пасланы быў сігнал!
Навальнічна акіян грыміць!
Хто схаваўся ў мох — служы абедню.
Што зрабіць не здолеў папярэдні —
Вал наступны здолее зрабіць.
У гайданцы гэтай не ўстаяць,
Мёртва
Учапіўшыся
За звычкі.
Валуны пакоцяцца, як знічкі.
Сам паэт не знае, што чакаць,
Што ўсплыве з глыбінь акіянічных.
Акіян яму не паслугач.
Разгрымеўся, разгайдаўся, бач!
Гэту сілу не ўтрымаць аберуч.
Ад яе — у роспачы, зняверы —
Кідаўся паэт у крык, у плач,
Як кіты кідаюцца на бераг...
Быць паэтам — рызыка,
Слухач.
Дзе
у вершаванай
гарадзьбе
Пралягаюць рубяжы і межы?..
Дзе паэт не сам сабе належыць —
Графаман належыць
сам сабе.
Над паэтам вісне, як абух,
Боль сусвету. Бед яго і скрух
Будучая памяць і былая.
Графаман пра тое знаць не знае.
Як
паэта
вылучыць з іх двух?
У паэта нескароны дух,
Вольны дух
I памяць балявая.
Частка другая
Рэмінісцэнцыі
Душа ў нябыт глядзіць блакітна.
Быў час
ракетны і ракітны,
Радарны і гітарны —
Бітлаў
I першых трас касмічных час.
Не змарнаваць ягонай славы!