Каб сам сябе спазнаў:
на рубяжы,
На гэтым зломе часу — на мяжы,
Дзе слаў снапы, а змалаціў салому!..
Ды ўсім былым імгненням я чужы,
I ў іх — былых — чужы сабе самому.
I будучым імгненням я не свой.
Якая адзінота, Божа мой!
5
Якая адзінота, Божа мой,
Па лініі ідзе берагавой,
Кіруючыся зменлівым абрысам,
Спыняецца, стаіць пад кіпарысам
I кідае каменьчыкі ў прыбой.
Яна сябе адну аберагае
Адна,
а як наблізіцца другая,
Дык за вярсту другую абміне...
Каменьчык кіне — хваля набягае,
Каменьчык кіне — хваля адхлыне.
Віна на дне суціхла, адзыбела,
I не згадаць, з чаго душа збалела,—
Так... нешта мімалётнае... капрыз…
Аточаны ажурнай пенай бераг.
Гайдаецца на хвалі ветразь белы.
Хістаецца на ветры кіпарыс.
6
Усе адны. Хоць кожнага вяжы
Да кожнага. Вузлы не рвуцца самі,
А рэжуцца аб лёзы, аб нажы.
У адзіноце кожны ўсім чужы.
Мы звязаны хіба што галасамі.
Падай мне голас праз Сусвет пусты!
Галоднаму
гукніся з нематы,
Няхай на мне жабрацкая кароста —
Не падавай мне міласціну, проста
Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.
Між намі голас — нітка залатая,
Яна да суравой не прырастае,
Ніяк канцы з канцамі не звяжу:
Як ты гукнешся — што я запытаю
Як запытаеш — што я адкажу?
7
Хто мы ў Сусвеце?.. Голас, адкажы
I падкажы, у чым шукаць апоры,
Не пакідай на зменлівай мяжы
Між берагам, дзе кожны ўсім чужы,
I морам з белым ветразем у моры.
Хто ў Вечнасці мы?.. Голас, адкажы!..
Няма адказу.
Немата. Аковы.
I лёс — матацыкліст на віражы,
Вар'ят,
што замыкае круг чарговы...
Так круцяцца:
планеты,
зоры,
словы...
Ніхто не новы: ні суддзя, ні кат.
Ідзе спектакль. Акцёры ўсе на сцэне.
Вось Юда... і Каяфа... і Пілат —
Усе сышліся ў Гефсіманскі сад:
Там хлопчык той, што знойдзены на сене.
8
Дык як на вечнай сцэне быць сабой,
Не слыць, а жыць, не рынуцца ў разбой,
У гвалт, у закулісныя аферы?..
Віноўны,
я шукаў апоры ў горы,
Ракло мне гора: "Кіньма гараваць", —
I валакло катурны і падпоры,
Змушаючы шчасліўчыка іграць.
Апора ў шчасці? Я шукаў і там,
Рукамі і зубамі — не аддам! —
Трымаўся за яго...
"Шчаслівых мала,
Ты мой абраннік", — шчасце мне ўнушала,
Ламала рукі, зубы выбівала
У бойках між абранымі... Я сам
Зарокся быць шчаслівым.
Страшна стала.
Шукаў апоры і ў каханні я.
Сагрэўшыся, як на грудзях змяя,
Шаптала мне каханне: "Мой абраны..."
I рэўнасцю атручвала, і раны,
Калі загоіць нехта — дык зямля.
I ўцяміў я: без берагоў і дна,
Шырэй за берагі, глыбей за мора,
Адна ў мяне адзіная апора:
Глухая, непазбыўная віна.
Схаваны ў ёй
каханне,
шчасце,
гора —
I ўсё, пра што не ведае яна.
9
Быў хворы на віну, як на праказу,
Цень, што ўкрываўся за маёй спіной.
Я выйшаў са сцяны — ён стаў сцяной,
Ён выдыхнуў, а я ўдыхнуў адразу
Душу, што пачуваецца віной.
Так у траве з травой растуць каменні,
I вырастаюць над травой касцы,
I ў ланцужку, дзе ўсе мы толькі звенні,
Дарма маліць і трызніць аб збавенні,—
У ланцужка скаваныя канцы.
Ты свой не завяршыў яшчэ стажок,
А на лужок злятае ўжо сняжок,
I пачынае рытуальны танец
Бяззубая з касою...
Ланцужок
Гасподзь перабірае, як ружанец.
10
З камення камень і трава з травы,
А чалавек з чаго, калі не з гліны,
Калі ў ім голас, а не рык звярыны?..