35
«Ты тыя веданні спасціг,
Якіх спасцігнуць нельга з кніг —
Для веданняў няма пісьмёнаў…
Шэсць дзён міне, і ты на сёмы
Народзішся з трызненняў, сноў,
Каб помніць пяць магічных слоў,
Чытаць іх вогненныя знакі…»
— А сёння дзень які?..
«Ніякі.
Апошні ў аніякіх днях,
Табой пражытых. Пыл і прах.
Страсі іх. Кінь усё. Ідзі…»
36
І дом гукнуўся мне людзьмі,
Якімі поўны быў…
— Глядзі, —
Яблонская сказала. — Слухай…
Я чуў і бачыў. Мне на вуха
Шапнуў манах у белым:
— Сёмы
Сягоння дзень…
Ён быў знаёмы
Аднекуль мне. Ягоны твар
Усмешка залівала.
— Сёмы
Сягоння дзень…
Нібыта вар,
Сінечаю кіпелі вочы
На смуглым твары.
— Той, хто хоча
Спазнаць — спазнае…
Ён прарочыў,
І мне, няведама чаму,
Быў зразумелы сэнс замглёны
Прароцтва… Я чытаў імёны
Усіх, хто быў тут, — у агні…
Пераствараў на сёмым дні
Недасканалую прыроду
Агонь…
І — як апёк! — свабоду
адчуў я…
Вольны стаў ад той
Жанчыны, што была Літвой,
І ад Літвы самой,
ад праху,
Крывёй залітага, слязьмі!..
Манах падаў агонь:
— Вазьмі!.. —
І ўзяў агонь я з рук манаха.
37
«Свабода ў таямніцы — тое
Адзінае, што не пустое,
Што стрыжань, а не абалонь,
Не бляск агню, а сам агонь,
З якім ты ўжо не прападзеш
У безданях міжгалактычных,
Дзе ў вочы Бога зазірнеш
І вымавіш пяць слоў магічных…»
38
Гары, палай, святы агонь!..
Сцяжына тайны — бакавая…
Яблонскай лёгкая далонь
У валасах маіх блукае,
І мы, зблуканыя, удвох,
Удвох, бо нас кахае Бог,
І нам, пакуль агонь не згас,
Сцяжынай тайны не спыніцца…
— Бывай, Яблонская… Мне час…
Мы з ёй пасвечаныя, нас
Агонь яднае. Таямніца.
Там слупам снег. Там тайны знак
Расстання. Гэтак выпадае…
Каханне не яднала так,
Як таямніца нас яднае,
І тайна таямніцы той
У глыбіні не разгадана:
Каханне ўсё ж схавана ў ёй,
Ці таямніца ў ім схавана?
39
Я пакідаў Варшаву. Снег
Ляжаў на ружах, як газета…
О, пыл газетны!.. Прах уцех
Юрлівых, хуткіх… Цьфу на гэта!
Мышам усё ды пацукам!..
Што там было — мінула там,
Прапала. Толькі пыл віруе…
Дарую і былым сябрам,
І ворагам былым дарую.
І забываю, забываю…
Ідзе жыццё… Гарыць агонь…
І ў валасах маіх блукае
Яблонскай лёгкая далонь.
40
Бывай, Варшава! Як шчыміць!..
І слёзы выціскае вецер…
Калі Варшаву не любіць,
Дык што тады любіць на свеце?
Ёсць нешта ў ёй ад каралеў
З крывёй блакітнай, ганарлівай…
І міласць зведаў я, і гнеў
Твой каралеўскі… Будзь шчаслівай.
Бывай! Бывай!.. Усё міне,
Але і на краі магілы
Згадаю я, што ты мяне
Прылашчыла і прытуліла
У скрутны час…
Той час прайшоў —
І пуста там, нібы на пожні…
Кружу па плошчы Трох Крыжоў,
Шукаю сіл на круг апошні,
А стуль, дзе каралеўскі парк,
Дрыготка музыка ўсплывае,
Такая музыка, такая,
Што як жа так?!. Што як жа так —
Расстацца з ёй?!.
Ды што ж, ды што ж —
Пара!.. Над Віслай слепне дождж,
Смуга над Скарышэўскім садам —
І мроіцца: «Іўсё ж, і ўсё ж
Я рада быць з табой…»
Ты рада,
Варшава?..
Спеў апошніх нот
Згасае рэхам…
Пераправа,
Налева мост — і мост направа,
І невідушча Жыгімонт
Глядзіць услед…
Бывай, Варшава!