Выбрать главу
— А ты, скажы, дзе быў? Дзе ты блукаў? Адкуль i як у гэты свет з'явіўся? Вароты зрушыў?.. Збіў замок?..
Іскрыўся У ёй агонь: у целе, унутры.
Я захінуў кашуляй: — Не згары... — Але знутры агонь не захінаўся.
I я падумаў: «Што ні гавары — А як ніяк... Нібы i не з'яўляўся...»
Каб не адказваць, я спытаў: — А ты? — Сюды я замуж выйшла з беднаты, — Зусім не тое, што чакаў, сказала Яна ў адказ. — Ты бачыў... За капрала. Але яго забілі на вайне.
— Цябе таксама, Кася?.. — Што ты! Не... Хто мог забіць? Я нават не памерла... Пчалою стала. — А чаму пчалой? — Бо мёд люблю. А ты мне, як малой, На донца! Кроплю!.. — Кася, ты павер мне... — Ды веру, веру... Думаў: я пчала?
Яна празрыста-голая была У залатым агні: пчала?.. жанчына?..
Яна спытала раптам: — Як Айчына?.. — I тут жа крыльцы тонкія ўзняла I паляцела...
Не, усёж пчала.
— Скачы за мной! — цераз агонь ляцела Пчала-жанчына... Я адчуў, як цела Празрыста-голым стала — i ўзляцеў, I слухаў над агнём пчаліны спеў, Яму ў адказ гукаўся...
С п е ў д у э т а м...
«Што ты мне дасі за гэта, Калі я цябе дастаўлю На радзімую старонку, Даімчу да самай хаты, Каб ты слухаў, як зязюля
Там гады твае кувае?..»
«А чаго б ты захацела, Калі ты мяне даставіш На радзімую старонку, Даімчыш да самай хаты, Каб я слухаў, як зязюля Там гады мае кувае, — Шапку золата ты хочаш, Ці ты возьмеш срэбра шапку?..» «Ах ты хітры песнятворца, Ведаеш, што абяцаеш, Бо мне золата навошта, Як сама я залатая, Як яно — забаўка дзецям, Срэбра — коням для убранства. A ці можаш ты мне Сампа Разам з накрыўкай стракатай Адкаваць з пяра лябёдкі, З малака кароў няцельных, З воўны доеных авечак I з ячменнага зярняці? Вось за што цябе дастаўлю На радзімую старойку, Даімчуда самай хаты, Каб ты слухаў, як зязюля Там гады твае кувае». «Я скаваў бы табе Сампа Разам з накрыўкай стракатай З лёгкага пяра лябёдкі, З малака кароў няцельных, З воўны доеных авечак I з ячменнага зярняці, Каб даставіла да дому, Толькі сумна мне адному Будзе слухаць, як зязюля Там гады мае кувае».
«Дык дастаўлю з прыгажуняй, Чараўніцаю-дачкою Лоўхі, Пох'ёлы ўладаркі, Каб яна табе спявала, Каб не слухаў, як зязюля Там гады твае кувае...»
— Я мрою, Кайса?.. Гэтак не бывае... — Вазьмі зярнятка, воўну i пяро, А малака надоіш... На дабро Нічога не шкада. Адкуй мне Сампа!
— Калі б умеў, дык я даўно ўжо сам бы... Хіба зашкодзіў мне б чароўны млын?
Сцішэла Кайса: — Што ж... Жыві адзін. Хто марыць пра чароўнае — умее Чароўнае каваць...
Я ўбачыў: тлее Адно крыло! I Кайсу падхапіў: — Ты надта блізка да агню лятаеш!
Яна спытала: — Ты мяне кахаеш?..
Каго кахаць?. Пчалу-жанчыну... Кайсу, Ці Касю?.. Хто яна?..
— Ды не кусайся! — Усклікнуў я — уджаліла яна!
— Пайшлі купацца. Даставай да дна! — Яна нырнула. — Што ты невясёлы?..
Адно я ведаў: не ныраюць пчолы.
— Калі ж купацца, як не на Купалле! На Міттумары!.. Юханас!.. — Яна Глыбей плыла... I ўся была відна, I пад вадой свяцілася знутры... Мяне перавярнула дагары — I ўбачыліся зоркі, ясны месяц Так нізка над вадой, нібы павесіў Яго, скаваўшы, на цвічку каваль...
Мы праплывалі каля дна амаль, Але ніяк да дна не даставаў я: Вось-вось... вось-вось... а дно ніжэй, ніжэй... Нарэшце, камень... i на камень стаў я.. — Табе жыццё ці Кайса даражэй? — Перавярнуўся пада мною камень I нада мной — накрыў i прыдушыў, I выціснуў з мяне, нібы ціскамі, Мой дух увесь, я ўжо зусім не жыў, Таму сказаў — што мёртваму? — што Кайса...
— О, Віпунен!.. Дарэмна... Не старайся Што скажа ён, не ведаючы, што?.. — Шапнула Кайса каменю. — А хто Цябе сюды закінуў, быццам камень?..