Выбрать главу
«Гэты вешчы Вяйнямёйнен, Каве сын, паветра дзевы, Мацеркі вады, што з хваляў Падняла адно калена, Каб на ім зляпіла вуця Для сябежытло-гняздзечка, Залатых нанесла яйкаў Шэсць, а сёмае — з жалеза, Каб упалі яйкі ў воду, Каве, Ільматар у лона, I каб з яйка, з ніжняй часткі, Цвердзь стварылася зямная, I каб з яйка, з верхняй часткі, Звод нябёс паўстаў высокі, I з жаўтка каб, з верхняй часткі, Сонца яснае паўстала, I з бялка каб, з верхняй часткі, Ясны месяц засвяціўся, Ca стракатай шкарлупінкі Зоркі высыпалі ў небе, А з жалезнай цёмнай часткі Хмары ў ім павыплывалі...
Гэта вешчы Вяйнямёйнен, Сын усёстваральнай Каве, Скрозь пайшоў шукаць два словы Тры, не болей, для закляцця, Што ў любой бядзе зратуе.
Ён шукаў заклёны-словы У мазгах рачных касатак, У галовах лебядзіных, У лапатках у гусіных, У малой вавёркі ў роце, Пашчы летняга аленя.
I набіў ён шмат касатак, Лебедзяў набіў чароды, Процьму ён здабыў вавёрак, Табуны злавіў аленяў, Ды паўслоўца не знайшоў ён, Што ў любой бядзе зратуе, На зямлі i ў падзямельным Царстве змрочнага Туоні.
Стуль дабраўся да мяне ён Па канцах іголак тонкіх, Па наточаных сякерах, Вастрыях мячоў сталёвых, Ссек з плячэй маіх асіну,
I ca скроні ссек бярозу, Вольхі высек з падбародку, З барады лазняк пахілы, З лобу елку векавую, На зубах ссек бор сосновы, I калом расціснуў зубы, Каб сказаў яму тры словы Віпунен, пясняр заклёнаў, — Тут яго i праглынуў я.
Ды ўва мне ён зладзіў човен, Па маіх паплыў ён кішках, Змайстраваў у бруху кузню, Стаў каваць, як Ільмарынен, Грукатаў i біў па сэрцы, Па пячонцы, селязёнцы, I з майго дыміўся роту Жар палёнага жалеза.
Я пачаў заклёны-спевы, Віпунен, пясняр заклёнаў, Каб ён вылез з майго бруха, Каб ён выплыў з маіх кішкаў, — I ён выйшаў з майго роту, Словы тыя ўчуўшы ў спевах, Што зратуюць у няшчасці, У любой бядзе памогуць... ...I падняў мяне, як камень, З-пад зямлі ў бяздонне кінуў». «Мне дазнацца тыя словы Самы час было б», — падумаў Я, канаючы, i камень, Віпунен, пясняр заклёнаў, Валадар тых споў таемных Так спытаў... «А ты нядрэмна Грукатаў у маім бруху, Молатам ты біў па сэрцы, Па пячонцы, селязёнцы?
Многа ластавак злавіў ты, Процьму ты здабыў вавёрак, Табуны дагнаў аленяў, Лебедзяў набіў народы На зямлі i ў падзямельным Царстве змрочнага Туоні?
Стуль дабраўся да мяне ты Па канцах іголактонкіх, Па наточаных сякерах, Вастрыях мячоў сталёвых, Ссек з плячэй маіх асіну, i ca скроні ссек бярозу, Вольхі высек з падбародку, З барады лазняк пахілы, З лобу елку векавую, Бор з зубоў ты ссек сосновы I калом расціснуў зубы, Каб сказаў табе тры словы Віпунен, пясняр заклёнаў?»
— З яго ўжо вылятае дух ягоны, Пусці! — штурхнула Кайса. — Мы ляцім!..
I камень адваліўся — i над ім Так нізка, як на нітачцы, плыў месяц, I мы на месяц селі, дзе павесіць Я быў гатовы Кайсу, ды была Бязважкаю лятучая пчала...
«Пчолка, лёгкі чалавечак, Моры два пералятае, Тры, не меней, не спачыўшы Hi ў чаротніку, ні ў лесе, Цераз водныя бяздонні, Вогненныя вадаспады, Ледзяныя цераз горы, Цераз неба ўсё да сонца Па здабытак: кроплю мёду...
Думаеш, не страшна пчолцы?»
«Дык нашто? — калі на сподку...» «А адкуль?..» — яна спытала.
Па ёй, нібыта ў дожджык па вясёлцы, Вада начная кроплямі сцякала...
Яна над цёплым месяцам лятала, Які квітнеў мурожнымі лугамі — Я думаў: тут пустэча... Побач з намі Мільгнуў хлапчук... той гімназіст! «Уцёк!» Ён пракрычаў, ударыўся ў ражок, Ледзь зачапіўшы месяц — i за хмары!..
— Павесяляцца ўсе на Міттумары, Нікога не ўтрымае наш стары I вешчы Вяйнямёйнен!..