Я ўзмаліў: «Мяне вазьміце!..»
Ды не ўзяў бы Вяйнямёйнен,
I не ўзяў бы Ільмарынен,
Калі б лепшы Леммінкяйнен
Не прамовіў: «Якдва пальцы...
Разам мы былі на поўні,
Разам паплывем на Поўнач».
Разам стаўшы каля мора,
Мы да чоўна так сказалі:
«Як пухір, плыві па хвалях,
Кветкай па вадзе-быстрыцы.
Тры пяры ты дай, арол, нам,
Тры — арол i два — варона».
— Тут нявыкрутка такая... —
Як свайму, мне Леммінкяйнен,
Калі човен мчаў у мора,
Давяраўся. — Я не маю,
Апроч вольнага занятку,
Аніякага другога,
Ды i вешчы Вяйнямёйнен,
Так бы мовіць, толькі вешчы,
Толькі кантэле i мае.
Лоўхі выбрала скупая
З трох зяцёў... каго б ты думаў?.
Я сказаў: «Цябе, вядома».
— Каваля!.. Бо Ільмарынен
Адкаваў ёй млын чароўны,
Каб муку адным ён бокам,
A другім ён соль малоў бы,
Трэцім — каб намолваў грошы.
Праз выпадак нехарошы
Ды праз час, што хуткацечны,
Ільмарынен векавечны
Стаў, канечне, удаўцом,
А той млын малоў i меле...
Ну дык мы на трох падзелім,
Забярэм у Лоўхі Сампа!..
«З ім дамоўлюся, бадай што», —
Усплыла ўва мне надзея.
Хутка лодка ў ноч нядзелі
На Купалле ў мора мкнула,
I расказваў Леммінкяйнен,
Каб яшчэ хутчэй плылося,
Як ён плыў i плыў аднойчы
I прыплыў на Востраў Дзеваў,
Дзе ix тысяча, нястомных,
I яшчэ тры сотні ўдоваў,
I як лепшы Леммінкяйнен
З ix ніводнай не пакрыўдзіў,
Апрача адной бабулі...
Тут i вешчы Вяйнямёйнен
Над кармой устрапянуўся,
Расказаў, як шчупачыху
Неяк быў злавіў такую,
Што з зубоў яе i пашчы
Кантэле такое выйшла,
Што зляталіся ўсе дзевы
Toe кантэле паслухаць,
I збягаліся ўсе ўдовы,
I прыйшла адна бабуля...
Векавечны Ільмарынен
Расказаў, як ён для Лоўхі
Адкаваў той млын чароўны,
Каб муку адным бы бокам,
A другім ён соль малоў бы,
Трэцім — каб намолваў грошы...
A цікавага нічога
Не паведаў Ільмарынен.
Так даплыў да Сарыёлы
Па спакойным моры човен,
I на бераг выйшла Лоўхі,
Снежнай Поўначы ўладарка,
I сказаў ёй Вяйнямёйнен:
«Прыплылі забраць мы Сампа,
Падзяліць на трох герояў».
«Паміж трох дзяліць вавёрку?
Разам грызці курапатку?
Я адна ўладарка млына,
Пох'ёле належыць Сампа».
I пайшлі, каб Сампа сілай
Адабраць у гор скалістых,
Вяйнямёйнен, Ільмарынен,
Самы лепшы Леммінкяйнен.
Верны вешчы Вяйнямёйнен
Распачаў заклёны-спевы
Каля скал меднакаменных,
Перад крэпасцю гранітнай —
Пахіснуліся вароты,
I крукі ў ix затрашчалі...
Векавечны Ільмарынен
Раскаваў замкі рукамі,
Пазрываў з варот засовы —
Расчыніліся вароты...
Стаў вясёлы Леммінкяйнен
Вырываць са скалаў Сампа,
Што карэнні запусціла
У граніт на дзевяць сажняў —
I невырваў... Быкздаровы,
У чатыры сажні морда,
Кожны рог ягоны ў сажань,
Побач пасвіўся на скалах,
Жэр гранітнае каменне,
I, бычыну ў плуг упрогшы,
Выкарчаваў млын чароўны
Самы лепшы Леммінкяйнен.
Паплылі назад пад песні...
Тут усіх i папрасіўя,
Леммінкяйнена найболей:
«Вы мне дайце частку Сампа
Каб яе аддаў я Кайсе,
Што дамчыць мяне дадому,
На далёкую Айчыну,
Каб я слухаў, як зязюля
Там гады мае кувае».
Тут вясёлы Леммінкяйнен
I пачаў: «А ты?..» Чакаў я,
Што закруціць ён катрынку
Зноў пра тое: пра Гардэчу,
Пра Нязлоўцу, пра Святыню
Ды яшчэ быка-бычыну
З мордаю ў чатыры сажні —
Не!.. Адно ўсяго спытаўся
Самы лепшы Леммінкяйнен:
«Ты на Востраў Дзеваў плаваў?..»
«А якую хочаш частку? —
Запытаўся Вяйнямёйнен. —
Млын, што соллю пасыпальны,
Ці мукою павявальны,
Ці грашымы пакружальны?..»