Выбрать главу
«Прысядзь са мной, — Сказаў мне Ільмарынен. — Залатое Ты меў што-небудзь у сваім жыцці?..» «Пчалу». «I ўсё?» «Бадай што...» «Адпусці!» «Чаму?» «Бо залатое ўсё — не тое...
Адкаваў я неба кроквы, Дах лятучаму паветру, Караблі каваў i зброю, Рыб каваў, звяроў i птушак, Анічога ў Калявале I няма, што не скаваў я, Ды таго скаваць не выйшла, Што хацеў скаваць найболей.
Браў я золата марское, Срэбра браў з рачных быстрыцаў, Кідаў ix у плаўкі горан, Каб скаваць сабе нявесту, Жонку любую для ўцехі — Выйшла з горана авечка Серабрыста-залатая.
Хай бы бэкала авечка, Ды я кінуў яе ў горан I каваў з яе нявесту, Жонку любую для ўцехі — Выйшаў з горана жарэбчык Серабрыста-залацісты.
Хай іржаў бы той жарэбчык, Ды яго я ў горан кінуў I каваў, каваў нявесту, Жонку любую для ўцехі — I нарэшце выйшла дзева З залатымі валасамі. Адкаваў я рукі, грудзі, Губы, вочы, як жывыя, I паклаў сваю нявесту, Жонку любую для ўцехі На высокія падушкі, На пуховую пярыну, На засланы шоўкам ложак — А яна не абдымае.
Насцяліў я цёплых коўдраў, Шалікаў, накідак, хустак, Дываноў ваўняных, мяккіх, Воўчых i мядзведжых футраў — Толькі холад пранізае Ды марозам цягне лютым.
I рашыў я: Вяйнямёйнен, Што дачку не ўзяў у Лоўхі, Хай маю нявесту возьме, Жонку любую для ўцехі.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Падарунак мой не ўзяўшы, Так спытаўся: «Ты ўсчадзіўся, Ці агню аб'еўся ў кузні?.. Kiнь ты ў го ран тэту дзеву I накуй карысных рэчаў».
Стаў тады каваць я Сонца, Кінуў дзеву ў горан плаўкі i каваў тры дні i ночы, Адкаваў, падняў на елку Над святой палянай Восма — Толькі Сонца не свяціла. Верны вешчы Вяйнямёйнен, Што зірнуць прыйшоў на Сонца, Так спытаўся: «Ты ўсчадзіўся, Ці агню аб'еўся ў кузні?.. Золата не стане любай. Сонцам золата не стане».
Не стрываў я: — Ільмарынен!.. А нашто каваў ты жонку?..
— Бо адна, што ўзяў у Лоўхі, Жонка першая, памерла, А другую жонку ў чайку, Не стрываў, перакаваў я, Каб лятала ў дальнім моры I на хвалі там крычала.
— А нашто каваў ты Сонца?..
— Бо варонай чорнай Лоўхі, Каб за Сампа нам адпомсціць, Узляцела, Сонца ўкрала, Цёмнай стала Калявала.
«Вось чаму яна такая Ноч купальская даўгая!» —
Зірнуў я ў ноч... I ўбачыў на вадзе I пад вадой святла блуканні... Плямы, Што ў возеры ўсплывалі дзе-нідзе... — Там камяні... карчы... прадонні... ямы. Сказаў каваль, з тугой пацёршы скронь. — Знайдзі, дзе ён стаіўся... — Хто?.. — Той самы Шчупак... ці сіг, які зглынуў агонь.
«Як не стала ў небе Сонца, Як яго не адкаваў я, Дык здзівіўся нават Ука, Цар нябесны, Бог вярхоўны, Што так светла ва ўсім свеце — I так цёмна ў Калявале.
Ён на межы неба выйшаў, Стаў у сіненькіх панчошках, Выбіў ён агонь з пазногця, З пальца выпусціў зарніцу, I аддаў іскрынку тую Дзеве вольнага паветра, Каб яна злюляла Сонца З той іскрынкі Калявале.
Дзева села на аблоках, На крайку высокай хмары, Каб агонь на ёй люляці, Закалыхваці зарніцу У чырвоназлотай люльцы На сярэбраных падвязках, Каб хутчэй расло з дзіцяці Сонца цёмнай Калявале.
Ды ўсчалася навальніца, Перагнуўся дах нябесны, Выпала дзіця з калыскі, Тая кропля залатая, Праляцела, прашыпеўшы, Вокамгненная, праз хмары, I ў глухую ноч упала — Невядома, як далека...
Тую вогненную іскру Я пайшоў шукаць па свеце, I пайшоў шукаць са мною Іскру тую Вяйнямёйнен. Праплылі Няву-раку мы, За Нявой сустрэлі Каве, I сказала маці сыну, Дзе шукаць агонь нябесны.
Ён у Алуэ скаціўся, Многа бедаў натварыўшы, Паў-Карэліі спаліўшы, Пох'ёлы i Савы хаты, I яго ў вадзе халоднай Сіні сіг зглынуў галодны, Ciга — хуткая пяструшка, А яе — шчупак зубаты.