Выбрать главу
Ды ўскіпець паспелі воды, Алуэ катлом бурліла, I кідаўся сіг на сіга, I пяструшка на пяструшку: «Дзе мужчыны Калявалы? Шчупака чаму не ловяць? Можа, ім не трэба Сонца, Калі ўжо агню баяцца?
Дык на тых, хто жыць баіцца, Бог з нябёс праклён абрыне!..»
Над берагамі іскрай, бліскавіцай Лятала Кайса... Ноч маўчала глуха... Закідваў сеці ў воды Ільмарынен З той лодкі, што пакінуў схоўшчык Юха. I падляцела Кайса: «Не баішся? Як што — паспі. Тут ложак у мяне На шчупаку. На самым-самым дне.,.»
«Ты б не іскрыла так... Пераіскрышся. Сказаў я ёй, узяўшыся за сеці...
Мужчыны i жанкі, Старыя, дзеці, Увесь народ па берагах усіх За сеці ўзяўся... Толькі так у ix — Калі ўсе разам! — кінуты з нябёс Агонь злавіцца можа: доля, лес, Злавіцца Сонца можа з цемнаты — I той шчупак, што зжэр агонь святы...
Праз імглу, праз ноч, праз вецер Ставяць сеці, цягнуць сеці Мужыкі, жанкі i дзеці — Да крывавых мазалёў! Вось што значыць Жыць у свеце, Дзе адзін агонь: Любоў.
Выйшаў волат з вод азёрных, Сеці там да дна давёўшы, Кажа волат: «Трэба нехта, Хто пагнаў бы тую рыбу Найвялікай самай палкай», — I герой, ад немаўляці Трохі большы, ссек асіну,
Прывязаў скалу да верху, Грукануў з пляча ў гірадонне...
Воды Алуэ ўзбурлілі, Сеці рваў шчупак зубамі, Рваўхвастом i плаўнікамі, Сам сябе парваў — не ix: Сеці, сплеценыя з бітых, Сеці, сплеценыя з мятых, Сеці, сплеценыя з дратых, Вечных нітак ільняных.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Шчупака наверх падняўшы, Запытаў: «Хто возьме рыбу Без жалезных рукавіц?» I другі герой — скалою I яшчэ скалой другою — Распластаў імгненна рыбу, Як маланкамі нажніц.
Трэці ўзрэзаў так пяструшку I ў пяструшцы ўзрэзаў сіга, Сіні клуб з яго дастаўшы, — Разматаўся сіні клуб, I пабег па сіняй нітцы Сам-агонь, клубок чырвоны, Вяйнямёйнену спаліўшы Бараду да самых губ.
I ад возера пабег ён Па ядлоўцы — берагамі, Па сасонніку — раўнінай, Па пагорках — дубняком, Паў-Карэліі спаліўшы, Пох'ёлы i Савы хаты... ...Востраў, хутар спапяліўшы Дом Ану i Юхі дом. «Дзе ж мне жыць цяпер?..» — я ўсплакаў...
Верны вешчы Вяйнямёйнен, З кантэле з касцей шчупачых — I таму такіх шчыпачых — Ca спалёнай барадой, Распачаў заклёны-спевы На святой паляне Восма, Па-над Пох'ёлай i Савай, Над зямлёй i над вадой.
Голас плыў, бы ў моры хвалі, Па ядлоўцы — берагамі, Па сасонніку — раўнінай, Па пагорках — дубняком, I ён выспяваў нанова, I, як новыя, паўсталі На святой паляне Восма Кожны хутар, кожны дом.
A агністы той клубочак, Як пачуў заклёны-спевы, Так схаваўся ў залацістых, У дубовых жалудах, I яго на ix сабрала Залатая пчолка Кайса I па горанах разнесла Ды па хатніх ачагах.
Ты, агонь, у ix тары, Плаў жалеза, боршч вары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Што ўсё выспеваў нанова У далёкіх i найдальніх Калявалаўскіх краях, Блізка — i не нахіліўся, Побач — i не азірнуўся На Ану i Юхі хутар, На ягоны пыл i прах...
«Ё-маё... — я думаў ціха. — Не было, дык стала ліха... Што скажу Ану i Юху? A казаў жа мне Стары... Бляха-муха, тэту муху, Гэту муху-палятуху, Залатое яе бруха — Кожнай ножкай дагары!..
Хоць за джала... хоць за крылы... Хоць на граблі... хоць на вілы...
Ды згары яно, каханне... Хоць уночы... хоць уранні... Не хачу ўжо анічога: Hi расстанняў, ні сустрэч... Калі ўсё, што ёсць у Бога Для мяне на белым свеце: Дым пусты жытла чужога Ды задымленая печ.
— Паслухай, Кайса... Лес мой чалавечы Пчаліным мог бы доўжыцца... але...