— А ты па што да Бога? Не па мёд?..
Дык кропля ёсць на сподку...
— Я пад'ела...
З'еш ты... Глядзі ты: кропля не згарэла...
Мёд са Святгор'я...
— Скуль?
— Адсюль на ўсход
I ледзь на поўдзень... Я туды ляцела
Тры дні i ночы... Там на Дубе села
Перапачыць — i бачу ў ім дупло,
Засланае гаючаю жывіцай,
I ў ім такое дрогкае святло...
А тут якраз ідзе жанчына... жніца...
I стала там... i пачала маліцца,
Каб Бог памог ёй нарадзіць дзіця,
Якое, як у Каве Вяйнямёйнен,
Блукала ў ёй... I голасам падвойным,
З самога Дуба i з яго лісця
Святло ў дупле сказала...
Ну, спытайся, —
Сама сябе перапыніла Кайса, —
Што ёй сказала дрогкае святло?..
Я ўрос у печ...
— Дык там была ты... Кася?..
I ты?.. тым голасам...
— Там шмат чаго было, —
Пчала мяне куснула бесклапотна,
Пацалавала ўлоб, ад страху потны,
Ад жаху, што аўчынай мёртвай пах...
Пчала адчула...
— Што за мёртвы страх?..
Аднойчы ў печ мае ўрасталі плечы
З такога страху... Я сядзеў на печы,
Калі туды мне ўскінулі кажух
Нябожчыка:
«Haci!»
Кажух дзіцяці
Суседскага... I крык мой ва ўсёй хаце
Па ўсіх кутах ударыўся — аглух! —
Як сам памёр я... вырвалі мой дух...
— Дуб вырвалі... — сказаць я змог. — Зваліла
Яго маланка...
— Тая?.. — i ўкусіла
Сябе самую Кайса за язык!
Ці Кася?
Ці Маланка?..
Я ўжо звык,
Што залатая, срэбная лятала
I медная пчала ў пчале, з карала,
З агню, з вады, з паветра — з усяго...
А тут адчуў:
зашмат на аднаго,
Калі ў адной пчале — сусветны вулей...
— Там хата... на адной з бліжэйшых вуліц
Да могілак у Крэве... — працяла
Душу мне несмяротная пчала
Гадзюкай вадзяною, найатрутнай —
I я памёр...
Не адчуваў душы
Hi цэлай, ні пасечанай...
Мне рутай
I медуніцай выслалі труну —
Хаваць панеслі... Юха i Ану,
I гімназіст... Стары ў капелюшы,
Што зняў свой капялюш... капрал i Пекка...
Сястра i Хокан... Bin i сотні тры
Прыстойных фінаў...
I ва ўсіх Стары
Спытаў: «Ці так хаваюць чалавека?..
Без крэўных... без Айчыны... нават без...»
На неба ён зірнуў...
«Спыніць працэс!» —
Не стаў даслухваць — без чаго? — капрал.
Мяне зтруны паклалі на карал...
Там Ахта з дзевамі...
спіхнуў...
«Ды йдзі ты прэч!..»
Тады я ўстаў i зноў залез на печ.
«Так лепей... — падаслала мне Ану. —
А то спаліў нам хутар — i ў труну».
А Кайса па мне ўсплакала... Я слёзы
Паспеў заўважыць, покуль ix яна
Не скінула...
— На вуліцы бярозы
Был i... — сказаў я ціха.
— Навіна,
Што Дуба паваліла, мне да дна,
Як камень той, накрозь душу прабіла! —
Глядзела ветрам Кайса...
— Паваліла,
Дык што ж цяпер паробіш?..
— Так... але...
— Да Бога шлях ні доўгі — ні кароткі...
— Але яго не праляцець пчале,
Не адпачыўшы ў тым святле дрыготкім
На ложку траў гаючых у дупле.
У печ пастукаў нехта...
— Хто?..
— Каваль...
— Давай залазь...
— Свяцілася амаль,
Амаль што грэла... Кайса, ты ляціш?..
Пчала — яго кусаць!
— За што ты? Кыш! —
Махаў рукамі, як вятрак, каваль. —
За Сонца ты?..
— Амаль! Амаль! Амаль! —
У неба звон узнёсся за пчалой...
— Ну, злючая... Як ты на печы з ёй?..
Там Вяйнямёйнен...
— Кліч...
— Ты гаспадар...
Залез на печ асмалены пясняр...
— За хутар i за дом які ты дар
Хацеў бы?..
— Дом не мой... Я тут чужы...
— А выглядаеш фінам...