— Пакажы
Яму прапіску... — рагатнуў каваль.
— Зусім чужы?
Амаль... амаль... амаль...
— Тады праблема, гром яе скасі, —
Зірнуў каваль на прысак... — Не з'ясі,
Не вып'еш на чужыне ў смакату...
Пчала — кусаць!
— Чаго? За што? Ату! —
Па пчолцы ляснуў кантэле пясняр! —
I печ у друз...
Ну ўсё...
— Дык быў пажар... —
Сказаў, што мне сказаць гаспадарам,
Пясняр, калі мы з горам папалам
Ледзь выбраліся з-пад тары цаглін...
— За гэта — дар.
Любы.
Але адзін.
— Вазьмі з яго ты грошай натрасі, —
Сказаў каваль, чыхнуўшы сажай чорнай,
I з чыху птах зляпіўся, чорны воран —
I за пчалой!..
Яна то ў печ!..
То ў горан!..
Нарэшце ў вуха: «Дуба папрасі!..»
Падумаў я: «I праўда... Дуб — не млын.
Ён i ў пчалы,
Ён i ў мяне
Адзін».
«Выспевай ты, Вяйнямёйнен, —
Як ты выспеваў быў елку
На святой паляне Восма,
Верх i вецце залатыя,
Месяц у якой на версе
I Мядзведзіца на вецці,
I якая аж за хмары,
Аж за неба высягала,
На якую Ільмарынен
Ускараскаўся i ветрам
Перанёсся ў Сірыёлу, —
Выспевай ты, Вяйнямёйнен,
Гэткі Дуб мне на Святгор'і,
Як павалены маланкай,
На які пастух у шапцы
Насадзіў сякеру-месяц,
Каб ён сотні верхавін меў,
Тысячы сукоў-галінаў,
Меў карэнняў больш, чым Сампа,
Каб i бык яго не вырваў,
I яшчэ каб гэны Дубе
У грудзях сваіх магутных
Меў дупло, каб вольна дыхаць,
Каб у тым дупле дубовым,
У Сусвеце ўсім, што з яйка
Дзева Ільматар стварыла,
Нарадзіўся я ў матулі,
Ускрычаўшы першым крыкам,
I душа мая ўзлунала
Над пагоркамі Святгор'я
У зялёнавечным шуме...»
З прадоння мора, у якого гора,
Пчала глядзела на мяне балюча,
I быў яе пагляд, як соль, сыпучы,
Нібы мука, развеены на ветры, —
Боя забыўся...
«Вяйнямёйнен! —
Я абняў пчалу-жанчыну, —
Даспявай яшчэ ў выспевах
Драбязу зусім малую,
Не Мядзведзіцу на вецці —
За пчалу яна не болей,
За адну з пчаліных ножак,
I ты горла не намучыш,
У дупле травой гаючай
Для пчалы заслаўшы ложак».
Верны вешчы Вяйнямёйнен
Так пачаў свае выспевы,
Што ў мяне, як соль, сыпучы
Стаў пагляд — мука на ветры...
«Лепей лапцем воду чэрпаць
На радзімай на старонцы,
Чым на дальняй на чужыне
Мёд — хоць чашай залатою.
З тым, што вольна не пяецца,
З тым, што здушваецца ў горле,
Жыць — як з ранаю пад сэрцам.
Я хадзіў па свеце з ранай.
Не пакінуў ні пясчынкі,
Што не змочана слязою,
Не пакінуў ні травінкі,
Не залітае крывёю.
Ці ты за багатай доляй,
Ці за доляю-жанчынай —
Толькі на гадзючым полі
Знойдзеш долю на чужыне.
Векавечны Ільмарынен,
Каб араць такое поле,
Выкаваў ca сталі боты,
Порткі з медзі ды кашулю
Адкаваў сабе з жалеза
I жалезныя пальчаткі...
Каб там зайца ўпаляваці,
Ён каваў ваўка з туману,
Каб там рыбіну злавіці,
Ён каваў арла з агніска.
Птушцы вогненнай праз горла,
Зверу дымнаму праз зяпу
I па лёдзе цераз бездань
Паўз змяінай агароджы
I паўз плоту з чарапамі
Па чужыне прабіраўся
Верны вешчы Вяйнямёйнен,
Каб глынуць з мядовай чашы
Жаб з гнілымі чарвякамі...
Хоць ядлоўцам стань пад елкай,
Хоць альхою над ракою,
Стань хоць ягадай, хоць рыбай,
Ці хоць воўкам, хоць мядзведзем —
А туга ў грудзях збалелых
Застанецца там тугою,
Як яе ні выракайся...
...Вырас дуб.
Пчала, збірайся».
Залатая Кайса — ф-ф-ы-ы-р па Сонца
Ветрам у пабітае аконца,
Калі вырас дуб на Свят-гары...
Капялюш услед
прыўзняў Стары.
Верны вешчы Вяйнямёйнен выпеў
Дом i хутар...
Каб я з'еў i выпіў,
Наспяваў гарэлку i кансервы...
Выпіў я...
заплакаў...
мусіць, нервы...
Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычаш на ранку?..