Ой, як жа мне не крычаць? —
Трэба высака лятаць...
Ой, высока, высака
Ды ад дому далека...
Упаў камень дый ляжыць —
На чужыне цяжка жыць...
Як прыйдзецца захварэць —
Няма каму пажалець...
Як прыйдзецца паміраць —
Няма каму пахаваць...
Кулікамі над балотам
Плачуць тут па мне i ў Крэве...
Не такі ўжо я гаротны!
Што вы ўсе, як падурэлі?
Я жывы — дык я здаровы,
А здаровы — дык бататы,
А багаты — дык шчаслівы,
A шчаслівы — дык крылаты, —
I магу я сам ускрыліць,
Паляцець да роднай хаты!..
«Не бывае, каб бяскрылы,
A лятаці можа.
Ды бывае, што нямілы,
A такі прыгожы.
I бывае, што крылаты,
А не трэба крылы.
I бывае, што багаты,
А такі нямілы...» —
Плача i спявае маці
Над калыскаю маёй...
...Я ўсё прыбраў, спарадкаваў у хаце
I паляцеў за залатой пчалой.
Пакуль ляцеў, вярэдзіла адно:
Што не зашкліў пабітае акно.
На дальняй старане
Мне наплывае ў сне
Дом з Дубам пад акном
За дымам-туманом...
А там, у тумане,
А там,утымакне,
А там няма мяне
На роднай старане...
Там босыя спяды,
Там неба ў галубах,
Там ад жывой вады
Так горка на губах...
Там жытам узышлі
I запляліся ў лес
Спеў сцішанай зямлі,
Гнеў зрушаных нябёс...
Мне птушкай з выраю
Да Дому прылятаць
I абдымаць зямлю,
I неба цалаваць...
А як таму не быць —
Дык хоць бы сном праплыць,
Хоць дымам-туманом
Над Дубам пад акном...
З дальняй стараны да Дому
Сам гукаюся самому,
Тому Дому, Дубу тому —
I плывуць, як сны,
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
З дальняй стараны дадому
Дым ды туманы...
Частка другая
Святгор'е
Дуб там стаяў, дзе ўпаў... Была бяда —
I адбыла... I я над Свят-гарою
Развеяўся, пасеяўся травою,
I трэскамі раскінуўся, карою,
I да зямлі — i ў ёй зямной крывёю —
Бліжэй, чым я, была адна вада.
Плылі аблокі, як акінуць вокам —
Ва ўсе бакі... Не знаючы дарог...
I нават з-пад гары да тых аблокаў
Бліжэй, чым я, быў, можа, толькі Бог.
Сцякаў з царквы
на могільніка схілы
Плакучы звон — гукаўся мнездаля...
Бліжэй, чым я, да крэўных тых магілак —
Адна матуля ды сама зямля.
I з магілы ўстала маці,
Начала мяне зграбаці,
Віламі мяне насіці,
Цела ў цэлае складаці,
Душу ў цэлае ляпіці.
I пакуль душу складала,
I пакуль ляпіла цела,
Байкі-казкі мне казала,
Каб не гэтак мне балела...
«Ёсць сястрыца ў плынь-вадзіцы,
Ветраснежна мецяліца,
Што ляціць на вецярку
У срабрыстым кажушку.
Кажушок свой сцеле новы
На паляны i дубровы,
На пагоркі i лясы,
А на елку — для красы.
А стара Баба-Яга,
Касцяна яе нага,
Праз лясочак скок ды скок —
Скрала з елкі кажушок.
Сама ходзіць, як царыца,
Плача ў полі мецяліца,
Мерзне елачка ў ляску
У зімовую траску.
Бег лясочкам Дзед-Мароз,
Сіні сам, чырвоны нос,
I злавіў Бабу-Ягу
За касцяную нагу.
Баба з ім давай хітрыцца,
Кажа Баба: «Я лісіца,
Бегла лесам я наўпрост,
Злапаў ты мяне за хвост».
Дзед ёй кажа: «Так i ёсць,
У лісіцы мякка поўсць,
Ды адкуль такі хрумсцяны
У лісіцы хвост касцяны?»
Баба кажа: «Шэры воўк
Хвот лісіцы драў ды тоўк,
I набіў на ім гузоў,
Што хрумсцяць ад маразоў».
Адпусціць хацеў лісіцу
Дзед-Мароз, ды мецяліца
Прыляцела з поля гола,
Закруцілася, як кола.
«То не воўк i не лісіца, —
Заспявала мецяліца, —
То сама Баба-Яга,
Касцяна яе нага!
Цар-царыца чорных кветак,
Што ўначы пужае дзетак,
Што лясочкам скок ды скок, —
Скрала з елкі кажушок».