...Змоўк —
і люлькай не пыхкаў Берка.
Плыў над сопкамі дым густы.
Шаргацелі, нібы паперкі,
На паваленых дрэвах лісты.
Вечар поўніўся зорным звонам —
I здалося, бачыць зямля,
Як ляціць
Травінка зялёная
Ля касмічнага карабля.
ДАВЕДКА АБ НАРАДЖЭННІ
Судовая справа
1
Год пасляваенны. Год работны.
Шчэ з руін не выветрыўся дым,
А на танцах, звыклыя да поту,
Кірзачы і хромавыя боты
Рэжуць полькі
крокам страявым.
Год надзейны. Год пасляваенны.
Шчэ падлікі страт не паіменныя —
I маўчаць хатынскія званы,
І да мёртвых —
літара за літарай
З плачам, галашэннямі, малітвамі —
Пісьмы йдуць
На той канец
Вайны.
Год пасляваенны. Год гаротны.
Шчэ жыццё паўзводнае, паротнае,
Хлеб па картках і па картках соль,
I людзей — хоць ёсць таварыш Сталін,
Хоць перамаглі і адстаялі —
Аніяк не адпускае боль.
Ён — нібы пад рэйкамі ўзрыўчатка.
2
Касавіца.
Ліпень напачатку.
Не да святаў. Хутка час жніву.
Старшыня пахукаў на пячатку,
Пляснуў па даведцы —
I жыву.
Першы сорт. Пасляваенны выраб.
Чым прырода апраўдала выбар:
Быць
альбо не быць мне
на зямлі?
Як неверагодны выйгрыш выпаў?
Бацьку
Снайпер выбіваў — не выбіў,
Маці ў роў вялі — не давялі.
Вось з вайной
мая прамая сувязь,
Лёсаў і крыві густая сумесь,
Што праз марлю год
не працадзіць.
Памяццю сваёй
Я не свабодны:
Сутыкненне нацый і народаў
Вырашала —
быць мне ці не быць.
А душа мая
Шукала цела.
3
Быць хацела! Дыхаць ува мне!
Ля траншэй цвіла рамонкам кволенькім,
Калй дотаў стракатала конікам...—
Не! —
Новенькі,
Бліскучы,
З меткай «супер»,
Не з'явіўся — выжыў я насуперак
Вайне.
На прамежжы
Азіі з Еўропай
Як хачу
свячу ружовай попай,
Знаць не знаю пра сваё жыццё,
Крэўны сын
Някляева Пракопа,
Стасі Магер
Роднае дзіцё.
4
Трое нас.
Ніводны не забіты.
5
Сорак шосты.
Даспявае жыта.
Час вялікіх спраў —
не да малых!..
Нават чарку кінуў недапітай
Схаршыня на хрэсьбінах маіх.
Старшыня — начальнік адмысловы.
Франтавік.
Герой.
Гвардзеец.
Франт.
Казыраў ён нетутэйшым словам
«Факт» —
I парыпваў кабурою новай,
Медалямі, слепячы, звінеў...
Ён сказаў на хрэсьбінах прамову.
Вось што я з прамовы зразумеў:
Факт,
Што набірае моц Радзіма.
Факт,
Што ў нашых ворагаў інфаркт.
Факт,
Што жыта сёлета ўрадзіла.
Нарадзіўся я — таксама
Факт.
Факт яшчэ, што банда паліцаяў
Не дабіта ў Суцькаўскім бары...
«Ды пра паліцаяў — абяцаю»,—
Шчоўкнуў старшыня па кабуры.
Той парою
Шчоўкалі заўзята...