Выбрать главу
Вецер. Поле. Доля. Дым — Скрозь пустое у пустым.
Ты ў жыцці сваім зямным Возьмеш толькі ў дыме дым. Тое возьмеш ты ў агні, Што сякера ў камяні».
Што аддасць сякеры камень?.. Нас кідаюць, мы кідаем — Так i гэтак наліваем, Мы інакш не ўмеем як, Мы інакш ніяк не ўмем...
Я да ведзьмы — чмель, бядак... Тут якраз Лявон з Ляксеем: — Во!.. Здароў!.. А дзе ты быў? Што на Месяцы рабіў?.. — Што рабіў?.. На Месяц лётаў!
— Амстранг... — Аляксея ўпотай Душыць зайздрасці змяя...
Чалавек... Такі ж, як я...
Селі разам, без работы... У Карэньчыхі пад плотам — Самагонны родны кут...
Яно й добра... Ну, што ўпотай... Каб адкрыта — пяць мінут Ёй на ўсіх хапіла б тут, Той змяі...
На граблі-вілы Самагонка падымала!.. Першая, што воўк, не збіла... Што мядзведзь — не разарвала... Але ж ёсць нячыста сіла, Што малойца ўпалявала, Самагонны дух святы, Што за душу — i ў кусты...
Ані хаты. Hi граша. Голы, голая душа.
Ведзьма ўпотай шчыравала, Дзеўка гола заскакала, —
Дык гары, што не прапала, Што было, як не было: Грошы! Вошы! Лес! Жытло!..
А мае жытло — дупло, Дзе дрыготкае святло.
Вось што ў лесе, можа быць, Не прап'ецца, не згарыць.
Дык яно i не згарэла... Бо няма ў святле тым цела, Бо з дупла                   адна душа Льецца, як вада з каша...
Не туляецца пад плотам, Дзе шчыруе ведзьма ўпотай, — А да неба, а да Сонца, А да Бога ў свет бясконцы!..
У Святгор'і, на высокіх могілках, У буянні руты i гарквы, У зямлі змаганай ды нязможанай Дзед з бабуляй — вочы да царквы.
Іх жыццё падманамі i звадамі Праплыло, як месяц па вадзе... I ляжаць Іван з Алімпіядаю. Дзе ix душы?.. Невядома дзе.
У хмурынках тых вунь?.. У тумане?.. На губе крывінку прыкушу.
Як твая душа, мой дзед Іване? Ці знайшла Алімпіну душу?
Не збалела?.. Крылы не намуляла Над царквой маўкліваю кружыць?..
Вымытай хусцінкаю бабулінай Аблачынка сохне на крыжы.
Маці ў воблаку палошча, Як у Алуэ ці ў Прошчы, З вышыванкай ручнікі...
Бог пытае: «Хто такі?..»
Маці кажа: «Ды жураўку...»
Кліча хітры Бог Маланку: «Хто такі?» — яе пытае.
«Ды жураўку...» — кажа тая.
I абедзве запяваюць, Як адна адную знаюць: «Ой жураўку, жураўку, Чаго крычыш на ранку?..»
Ды хіба падманеш Бога? Ён да Кайсы: «Ты такoга Ведаеш? З тваіх зямель?..»
Кайса кажа: «Журавель...»
Там яшчэ адна жанчына, Што сама, як аблачына, Воддаль ад усіх плыве, Бо няма імя ў яе, Аніякяе не зваць...
Тых, каго ніяк не зваць, Як пытаць?.. Пра што пытаць?..
Нават Бог таго не знае... Аблачыну засцілае Васільковым сінь-абрусам...
Можа, вып'е з беларусам?
Не, нічога на стале... Але неба... Богале...
«Калі ты ўзляцеў да неба, Калі ты ўжо Божы госць, Папрасі ў Мяне, што трэба. Ну, з таго, што ў Бога ёсць...»
«А чаго ж няма У Бога? Як жа нечага не быць Можа ў Бога?..»
«Ат!.. Ніколі ўжо такога I не меў я анічога!.. — Бог давай мяне дурыць. —
Столькі траты, бронь ты Божа!.. Смерць сама ужо не можа Для касы купіць брусок! «Дай, — прыпёрлася, — квіток!..»
«А які квіток?..» «Дарожны...» I я бачу: гэты Божа — Хітранькі беларусок.
Ён далей мне гне ляшчыну: «Цягне ўсіх на дармаўшчыну! Бог не даў! Бог не пачуў!.. Каб я сам меў, што б я: Сына Не абуў, не апрануў?
А так што на ім? Нічога! Голы ўвесь, як Дух Святы!..