Выбрать главу
I ў дупле заплюшчыў вочы: «Спіце, пчолы. Добрай ночы...» I быў голас: «Спі, мой госць. Сон твой — гэта ўсё, што ёсць...
...Імя тваё — усё, што ў цябе ёсць, — Далей казаў ён. — З тым ты нарадзіўся I з тым памрэш. I не нябесны госць, Хто выракся імя. Самаспаліўся.
У Богу Бога ты раззвераваў, Сказаўшы, што імя — як гук пустэльны...» «Не пра сваё я! I не так казаў...» «Шануй імя. Яно — твой крыж нацельны. Цалуй імя...»
I я пацалаваў Імя, як мяне маці цалавала... I Кайса, павярнуўшыся, сказала: — I так тут цесна!.. Дзе яго ты ўзяў?.. Жыцця няма ад гомасексуалаў.
— Ты дзе была? — У Бога, дзе ж яшчэ!..
Засос на шыі ў Кайсы... На шчацэ Кустоў падрапы... — Так нас Бог цалуе? — Калі ты кінеш піць напрапалую? Дарваўся да Радзімы — i ў кусты! Нібы няма ў нас ложка з траў гаючых...
— Дык гэта я быў?.. — Хто ж, калі не ты! Не Бог у тых кустах. Не Дух Святы...
I стала мне так крыўдна, так балюча За наш народ!.. А пчолка Кайса ў рот, Што я разявіў, ад пітва мікстуры Як сыпане! — я з Дуба, з верхатуры Як скакану! — бо рот пячэ, жывот! Бяда!.. Так даў я дуба за народ, Што гіне ад адсутнасці культуры.
Ну, а памёр... дык штож... зтакой бяды... Канечне, норма меней... Час. Гады. — Раззвераваўты Бога тым імя... A ўсё-ткі: хто яна?
— Яе няма.
— Няхай няма... Праблема засталася: Адмовіў Богу злосці пчолцы Кайсе. Сказаў Ён Сонцу: «Зловяць — падымайся. А то прывыклі, каб усё за так, Ды яшчэ плакаць: як мы драты, біты!..»
Дык ты ўяві: якія трэба ніты? Якія сеці i які рыбак...
Выспевай ты, Вяйнямёйнен, Як ты выспеваў нанова Калявалу па пажары, Непапалены бары, Выспевай так, Вяйнямёйнен, Мне спрадвечнае Святгор'е — Хоць на той, ці хоць на гэты, Хоць на гэны бок гары.
Хоць на захад, хоць на ўсход, Хоць ты задам напярод, Хоць бы люба, хоць нялюба, Хоць пад плотам, хоць пад дубам, Ды каб толькі ясна стала: Тут стаіць, як тут стаяла!
Выспевай ты, Вяйнямёйнен, Як ты выспеваў нанова Калявалу па навале — Кожны хутар, кожны дом, Выспевай так, Вяйнямёйнен, Намі страчаную волю, Нашу долю з сінім лёнам, Поле наша з тым ільном,
Што, нарваны, гэтак вымак, Цвёрда біты, цвёрда драты, Растрапаны на валокны, У кудзелю перамяты, Скручаны на верацёнцы, Спрадзены ў тугія ніці, Сплецены ў такія сеці, Што агнём не гіапаліці, Калі будзем імі Сонца — Долю ясную лавіці...
— А не хочаш, Вова, дулю З мёдам? — Кайса запытала Дальнім голасам матулі — I пчалою зноў прапала.
I далей святло казала... вецер... бітаеакно... «Ты й навучыны не мала — I навукі не відно.
Помніш, як шукаў тры словы У таемнай Боскай спраце Для выспеваў, для закляцця — Што не ссохнуць i не змокнуць, Што ў любой бядзе памогуць, Што злавіць памогуць Сонца, Вяйнямёйнен-песнятворца? Ён шукаў выспевы-словы У мазгах рачных касатак, У галовах лебядзіных, У лапатках у гусіных, У малой вавёркі ў роце, Пашчы летняга аленя.
I набіў ён шмат касатак, Лебедзяў набіў чароды, Процьму ён здабыў вавёрак, Табуны злавіў аленяў, I да Віпунена пашчы, Песняра заклёнаў-словаў, Па канцах іголактонкіх, Па наточаных сякерах, Вастрыях мячоў сталёвых Ён прабраўся — i маланкай Ссек з яго плячэй асіну, I са скроні ссек бярозу, Вольхі высек з падбародка, З барады лазняк пахілы, З лобу елку векавую, Ссек з зубоў ён бор сосновы I калом расціснуў зубы, Каб сказаў, узвыўшы з болю, Віпунен, пясняр заклёнаў, Для выспеваў тыя словы, Што зратуюць у няшчасці, У любой бядзе памогуць, I злавіць памогуць Сонца...»
Голас сціх... «Далей ты помніш?.. — Залатое верацёнца, Пчолка             тут як тут якраз.— Пра агонь? Пра дым? Пра бруха?.. А калi ўжо, бляха муха, Над табой i ў трэці раз Праплыве ўсё — дым над полем, Дык тады змагайся з доляй, Як захочаш. Кайса — пас».