Выбрать главу
«На ты, маці, падавіся, Ты змяёю пакруціся!»
Пачала круціцца маці, Дымам рваці, сажай рваці. I праз комін у зямлю Вырвала з яе змяю.
Быць перастала чорнаю змяёй — I ўстала маці белаю царквой, I, як царква, гукнулася здаля, Звысоку, скуль тара — пустыя схілы.
Як азірнуццца — голая зямля. Як углядзеццца — попел ды магілы.
Селі мы ў царкве на печы I сядзім — адны на свеце. A ці раніца? Ці вечар? Цёмна. Пуста. Дым ды вецер.
Што рабіць, з чаго пачаць, Як нічога не відаць? I які пасеяць лён, Каб без Сонца вырас ён?
Во загадка-загадайка, Што пра курыцу ды яйка — Галава адно баліць...
Ад няма чаго рабіць Стаў я ў дым i вецер выць: «Выспевай ты, Вяйнямёйнен Маці ў карак: «Сціхні, Воўка!.
Злезла з печы i сказала: «Ты й навучаны нямала — I навукі ніякой. Не такі ўжо голас твой... Трэба разам... Талакой».
«Во, наладзіць зараз хор», — Я падумаў. Маці ў двор Да суседкі Стапуліхі, Там пазычыла грачыхі, У Былінскіх памяняла Грэчкі пуд на лусту сала, З салам збегала ў Ваўкі, Памяняла на цвікі, A цвікі занесла ў Клышкі, Памяняла ix на кніжкі I прынесла: «На чытай. I не вый, не замінай...»
Падала да кніжак чаю — Я ляжу сабе... Чытаю... Верны вешчы Вяйнямёйнен Стаў на кантэле іграці Так, што слёзы з Каве-маці Пакаціліся крыштальна — Слёзы шчасця... lx сабрала Залатая ў моры вуця, Склала ўсе ў жытло-гняздзечка, Выседзела шчасцянятак, I яны з калена Каве Разляцеліся па свеце...
Струн пачуўшы пералівы, Ты заплакаў?.. Ты шчаслівы. У тваё гняздзечка-хатку Прыляцела шчасцянятка.
Я сеў на печы, звесіў ногі з неба, З якога Бог мяшком мяне прагнаў... Пра тое думаць стаў, пра што не трэба, Што за жыццё мяшкамі нацягаў.
Пыл у мяшкі збіраў, a думаў — шчасце. На свеце тым — мяшок не развязаць. Заставіў хату — яблыку не ўпасці. Завесіў вокны — яблынь не відаць.
I што мяне купляла?.. Рабавала... Пяць кос тупых ды шэсць зламаных віл Ну то i добра, што ў агні спалала. Не засціць свет i не збірае пыл.
Кайса, вуця залатая, Шчасцянятка залатое, Запыталася б ты ў Бога, У якога ўсяго многа, Можа, мае Божа тое, Ну, не надта дарагое, Для маёй гаротнай маці, Каб заплакала ад шчасця?..
Кніжка — вуцяй з рук!.. За ёю Паляцеў сторч галавою Я, зусім без галавы, У кацёл чарны-травы, Дзе варыўся ўжо бурліва Самагон для талакі...
Маці крыкнула жахліва! Потым бачыць: я жывы, Хоць i трохі не такі — I заплакала шчасліва...
А я жыў у маці ў хаце, Біў па ўсім, што ў ёй было: «Што зварыў, кацёл твой, маці, Чорнае тваё дупло!..»
А цяпер — пра што пытаці? Позна плакаць-гараваці, Воўкам, ветрам завываці: «Ты адна, мая ты маці, I Айчына, i святло...»
A маці шкадаваць: «Не плач... бывае. Я ж не крыўдую... дый не ў навіну, Што маці б'юць i тузаюць... струну Не закрані — яна не заспявае...»
«Як Бог, ты, маці, хітрая такая...»
«Так не кажы... Бо маем мы ад Бога Адразу ўсё з нябеснага каша... Вунь дзіцянятку з целейка малога Яшчэ расці... a ўся ўжо ў ім душа.
Усё — любоў... тутхітрага нічога...» «Але ж пяе па-рознаму струна...» «Як любіш ты пчалу — яна для Бога Спявае... ненавідзіш — дыкяна...»
— Для мухі-прасвістухі! — мне пчала У кацялок, у макаўку ўпякла! — Палёг на печы! Труцень! Абібок! — I два разы яшчэ! У кожны бок! —
Развесіў сліні, нюні: родны край... А ты яго не горлам праспявай, А ты яго — рукамі! Ты — гарбом! Каб у ваконца Сонца ў кожны дом!..
Я да маці шкадавацца, Каб дала пчале калодай!..
Але ж даў мне Божа маці: Можа толькі забівацца — I не можа забіваці. Чмеля, крумкача, удода...