Выбрать главу
Каве развяла каленкі — Воды як ліну— ліся!.. «Ты з мяне — зусім маленькі, А душа ў табе ўжо ўся».
Маці зноўку, нестрывайка: «Вось разгадка-разгадайка».
Каве легла ўніз спіною, Мяне клала ўверх спіною — I круціла мае яйкі Па-над прорваю пустою:
«Вы, млыны, мукою белай, Дробнай соллю пасыпайце, А вы, яйкі, прорву-бездань Зорным смеццем засявайце».
Клала маці на палаткі Мяне з жонкай маладою, Маю жонку ўніз спіною, Мяне мужа ўверх спіною — I круціла мае яйкі Жонка белаю рукою:
«Вы, млыны, мукою белай, Дробнай соллю пасыпайце, А вы, яйкі, прорву-бездань Зорным смеццем засявайце».
Круціцца ў нябёсах яйка, Пасыпайка-Засявайка: Ваўчаня. Мядзведзік. Зайка...
Ходзіць Бог па сцяне У чырвоным каптане: Воўку — казка, Зайку — байка...
Як мне лепшым з лепшых стаць?.. Каб кахаць i быць каханым? Можа, мне тарой паўстаць? Можа, легчы мне туманам?
I, паклаўшы ў люльку-Неба, Бог Зямлю закалыхаў: «Каб каханым быць, дык трэба Каб хто-небудзь пакахаў».
«А каб лепшым? Во на стулькі...» — Мезенец я паказаў.
«Стулькі выпала ўжо з люлькі», — Палец Бог у неба ўзняў.
Тут i ўцяміў крэўскі малец, Не гapa i не туман: Калі ў неба кажа палец, Дык адзін баран на палец Пазірае, як баран.
Мне міргнула Неба вейкам!.. Падлавіў я цудам нейкім I лябёдку, i лася... Сам, як мезенец, маленькі, А душа ўва мне — уся. I ў яе — Бы ў плаўкі горан — Я з агнём i дымам горкім Удыхнуў Сусвет-Святгор'е I, як мог, з яго каваў Лёгкае пяро лябёдкі, Малако кароў няцельных, Воўну доеных авечак I ячменнае зярняці — ... Калаўрот i Дуб скаваў, Авадня, каб не кусаў...
Ды не змог скаваці маці. Бог не даў.
...Я Богу ўсё перамаўчаў, Як сіла слабла, I кнігу шостую пачаў... — Да д'ябла!
Ён спакусіў узняць кулак На самым нізе — I праступіў ягоны знак На шостай кнізе.
Каб зноў я ў мораку начы Глядзеў, здзіўлёны, На строгія, як на мячы, Пісьмёны.
Каб меч, які мне лес скаваў, Я ўзяў — i рогам Упёрся, i паспрабаваў Пабіцца з Богам.
I калі Бог мяне зваліў, Як Дуба вецер, Душа мая пяяла: быў!.. Любіў на свеце.
Пакінуўшы свята на свяце, Я выйшаў, адчуўшы спіной, Як легка адразу за мной І весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку, А з вокнаў імжэла святло Адтуль, дзе мяне не было, Дзе кінуў я смех i гаворку.
I доўга на блізкіх i родных, З якімі ў застоллі сядзеў, Глядзеў я, гледзеў i глядзеў, Прыпаўшы да шыбін халодных.
I плакаў амаль да відна. На свяце жыццё сатанела. Піло. Цалавалася. Ела.
I толькі жанчына адна Адчула мой позірк сірочы, Убачыла цень у акне I глянула так на мяне, Так вочы ўтаропіла ў вочы, Нібыта яна распазнала Ці вылюдка, ці ведзьмака — I ў жаху застыла рука, Якой на мяне паказала.
Так я памёр. На яве. Сапраўды. Не піў ні самагонкі, ні вады. Бог не даваў. Казаў: «Папіў. Пабіўся». I я ў яго пад пахай пасяліўся, Дзе зоркі ўсе. I дзіўны сон мне сніўся: На Дубе залатыя жалуды.
I думаў я: Ну што ж... калі памру, Збяру ўсе трэскі, лісце i кару Сваёй душы — i занясу да Бога Усе грахі майго жыцця зямнога Да каліва ды пылу i трухі:
Даруй ты, Божа, Мне Свае грахі.
Бог мяне як гахне мехам! — Смецце зорнае мне ўслед!..
А як яшчэ пакінуць гэты свет?.. Калі не так?.. Ca светласцю. Ca смехам.