21.04-9.06.2003, Хельсінкі
ВЯЛІКДЗЕНЬ
Крэўскае паданне
Крэўскай Свята-Аляксандра-Неўскай царкве, у якой хрысціліся i адпяваліся бацькі мае, дзяды i прадзеды, ахвярую
У воя — меч,
У змея — джала,
I — хто хутчэй!.. Hi слёз, ні жалю.
Запісанае на скрыжалі
Паданне гэтае самой
Паганскай
даўніной
сівой,
Той, што ваўчыцаю
Начамі
Ля Крэва выла, ля Барун,
Дзе панаваў над крывічамі,
Глядзеў каменнымі вачамі
Без слёз i жалю
Бог Пярун,
Дзе ўдзень сляпіў Ярыла вочы,
Караў Вялее без дай віны,
I страшылі шашыгі ўночы,
Хіхітуны, шчылікуны,
У доле — Дох,
у лесе — Лешы,
I ці ты вершнік, ці ты пешы,
Калі дужэйшы — дык жывы,
Слабейшы — мёртвы...
Скрозь у Кона
Адны правы, адны законы
I для людзей, i для травы.
Паганскі свет —
свет грубы, люты,
Свет без сумневаў,
свет без смуты,
Такі, які ён быў здавён,
Калі зямлю ў нябёсах гушкаў
I ўсім багам даваў закон
Жыцця i смерці
толькі ён:
I чалавек, i звер, i птушка,
Сам бог
i богу бозе —
Кон.
Закон адвечны даўшы свету,
Ён спачываў — i вечны гэты
Закон ніхто не парушаў...
Кон i ў агні, i ў дыме спаў,
Ён спаў ва ўсім, паўсюль:
у пушчы,
Палях i рэках,
там, дзе цвердзь,
i дзе вада,
Каб зразумець
Мог чалавек i звер, i птушка:
Усе
Народжаны
На смерць.
«На несмяроцце праз пакуты...» —
Як знітаваны ca святла,
Прачнуўся голас, ледзь пачуты
З хаціны, дзе з рабой Бірутай
Любава ўбогая жыла.
I зварухнуўся Кон у нетрах,
I ў цвердзі, i ў вадзе, i ў ветрах,
Расплюшчыў вочы, скінуў сон:
«Хто мог парушыць мой закон?..»
«Ніхто не мог! Ніхто не мог!» —
Бірута ўжаху ніцма ўпала...
Любава стала на парог,
Ваду i цвердзь перажагнала
I выдыхнула:
«Кон — не Бог».
Не бог — у кім такая сіла?..
Не бог — хто ўчора богам быў?..
Каму наклоны біў Ярыла!
Каму Пярун наклоны біў!
Прад кім Вялее сцяліўся ветрам!
Хто Пуду дыбіў валасы!..
I зноўку зрушыліся нетры,
Хіснуўшы горы i лясы.
«Хто ж Бог?.. — Пярун праляскаў. — Ты?!.»
«Бог — Бацька, Сын i Дух Святы».
«А Кон?..»
«А кон — мой шлях да Бога,
Мой лес,
мой знак,
мая дарога
З зямнога
у нябесны сад...»
«Вар'ятка!» —
Кон усклікнуў.
«Кат!..» —
Пярун паклікаў,
бо занятак
Не для багоў: караць вар'ятак.
На смерць гатовая за слова,
Што ўславіла імя Хрыстова,
Любава ўкленчыла...
Сурова
У твар яеўзіраўся кат...
«Бывай, — яна сказала, — брат...
Даруйце мне, браты i сестры...»
I меч упаў на шыю востры!
Пасля з Бірутаю рабой
Гуляў i піў аж да ікоты
Кат, задаволены сабой,
Бо файна спраўлена работа.
Ён i ў любові люты, грубы
З Бірутай быў...
Каханкі ж губы
Шапталі:
«Любы... любы... любы...» —
I ў жыццядайны міг, на ранку,
Калі ён соладка завыў,
Крывёй
уліўшыся ў каханку,
З нябёс
світальны голас
сплыў:
«Ты загубіў душу святую...»
I кат
адчуў Любаву...Тую
Убогую... Яна плыла
Нібыта ў ім... I болем страты
Быў раптам кат наскрозь працяты,
Бы ў сэрца ўдарыла страла! —
I смерць для ката
Стала святам...
I нарадзіліся блізняты:
Сястра i брат.
Ды не на брата
Сястра падобная была,
А на Любаву, на вар'ятку...
Каб па крыві
i па занятку
Прадоўжыць спаўны катаў род,
Брат катам стаў...
За годам год
Час прамінаў...
Расла сястра,
Біруты з катам кроў —
Марыя,
I дух ахвярнага кастра,
Паганскія багі старыя
Яе багамі небылі...
«Ёсць Бог
адзіны на зямлі
I на нябёсах,
Ён не смерці —
Любові прагне ад людзей» —
Яна шаптала...
I люцей
Пярун грамамі біў,
i вецер
Закручваўся
над Крэвам
смерчам,
Не даючы
прабіцца
дню
Скрозь пыл,
I падаў
слуп
агню —
Пярун не шкадаваў нікога!..