Паслаў да дзевы Кон
Сварога,
Каб прыняла яго, як Бога.
Яна сказала: «Ты, Сварог,
Каменны ідал, а не Бог».
Наслаў Сварог патоп на Крэва:
I дзень, i ноч ліла залева —
Аж камень стаў
зямлёй сырой...
Марыю ў дождж начной парой
Прагналі з хаты маці з братам.
Яе стары пусціў у хату,
Што над Крэўлянкаю-ракой
Жыў пад гарой...
Ён зваўся Юр'я,
Жыў у хаціне цёмнай, курнай,
Даўно аслеп,
меў лёс сірочы,
Адзін на свеце бедаваў...
Яна пацалавала вочы
Сляпога — i відушчым стаў
Сляпы!
I раптам на парозе
Хаціны, што скрозь дождж плыла,
Любава ўзнікла
i дала
Марыі крыж: «Шчыруй у Бозе...»
I пацягнуліся ў знямозе
Убогія з усіх дарог
Да хаты той...
Марыі Бог
Дапамагаў, i цуд за цудам
Вяршыўся тут, i сотні люду
Збаўляліся ад слепаты,
Ад нематы — i крыж святы
Паўстаў над рэчкай пад гарою,
Названай Юр'явай тарой,
Над хатаю — ужо святою, —
Што стала
Крэўскаю царквой.
I сталі ў ёй маліцца людзі...
I ў нетрах
Кон
прачнуўся ў спудзе:
«Вялес!
Пярун!
Сварог!
Гэй, дзе вы?..
У лес схаваліся ад дзевы?
Дзе гром з агнём?
Дзе ваша сіла?..»
I полымем ускаласіла
Зямля пад сценамі царквы,
Дзе праз імгненне ні травы,
Hi дрэў жывых не засталося,
Адно агністае калоссе,
Якое гнула ветрам голым
Да сцен святых...
Паўсюль вуголле
Ды попел пакідаў Пярун,
Грымеў ад Крэва да Барун,
Сусвет страсаючы...
Гарэла
Царква,
i Крэва ўсё глядзела,
Як небам i зямлёй паміж,
Над попелам з вуголлем горкім
Вісеў, праменіўся, як зорка,
Сам па сабе ў паветры
Крыж!
I ўпала Крэва на калені...
Пярун грувасціў пні, паленні
На папялішча...
Вайдэлоты
Увішна справілі работу
Спрадвечную —
i на касцёр
ахвярны
узвялі Марыю
Жрацы паганскія старыя,
I шугануў
агонь
да зор!..
Быў жар нясцерпны!..
У Крэўлянцы
Вада ўскіпела, i паганцы
Упалі ў ногі Перуну,
Што з неба за адной адну
Слаў за навалаю навалу...
A калі вогненнага шалу
Сцяна апала — як здранцвеў
Народ:
на прысаку стаяла
У белым сярод чорных дрэў
Марыя...
Волас не згарэў!
«Жывая! —
выдыхнула Крэва. —
Ані патоп, ані залева,
Ані агонь яе не ўзяў!
Напэўна, ведзьма!..
Шат, напэўна!..»
Яна ж ішпа,
як каралеўна,
I крыж над ёю плыў i ззяў.
«Святая!» —
выдыхнуў народ...
Над Крэвам
з захаду на ўсход
Маланка неба жыганула,
Зямля напоўнілася гулам —
I ўстаў тарою
Кон над Крэвам,
На вейках
хмыз,
на бровах
дрэвы,
Якімі вочы засціў ён,
Каб ix не асляпіла ззянне,
I крыкнуў на ўсё Крэва Кон:
«Гэй, кат! Ты выракся прызвання?!.»
«О, не, усемагутны Кон! —
Азваўся кат. — I твой закон
Я помню, i наканаванне
Сваё... Але яна — сястра мне,
Адна
у жылах нашых
кроў:
Кроў бацькі...»
«Ката!.. — Кон узроў. —
Ты кат! Нікому ты не брат,
Не сын нікому, толькі кат!»
«I меч!..» — ператварыўшы ката
У меч, Пярун праскрыгатаў
Зубамі, калі меч спытаў:
«А ў чым Марыя вінавата?..»
«Ва ўсім!..» — ускрыліла Бірута
Варонай,
пырснула атрутай
На меч
i крыкнула:
«Сячы!..»
I стала цёмна, бы ўначы,
I ў цемры
Сярод дня
Галовы
Ca свістам меч лятучы сек,
I клаліся на дол, як дровы,
За чалавекам чалавек:
Жанкі, малыя i старыя...
«Даволі!.. — ўкленчыла Марыя. —
Рабі сваю работу, брат...»
I перакінуўся назад
У ката
меч...
Стаяў, крывавы,
Ракі крывавай пасярод...