Выбрать главу

Сілан. От то-та ж і яно!

Бусько. Ты во хоць раскажы Хведару Паўлавічу, як усё было. (Па-змоўніцку падміргвае Сілану.)

Сілан. Хе, дурня знайшлі! Гэта ўсё разумнік гэты, Кузьмянок. Ну, што інструктарам райкома ў нас быў. Прыехаў і выклікае мяне ў сельсавет. Так і так, кажа, вельмі сур'ёзная справа да цябе. Усіх з сельсавета выправадзіў, кажа: «Сакрэтная справа». Асталіся мы ўдвух, ён і кажа: «Учора да самага рання бюро райкома засядала. Ламалі галаву, кажа, і рашылі — толькі ты, Сілан, можаш справіцца. Дзела такое, што… у Бельгіі кароль, кажа, памёр. Але бельгійцы пакуль што пра гэта не ведаюць. У тайне дзержыцца. Ёсць магчымасць, кажа, падсунуць ім свайго, вернага чалавека. I вот мы на бюро выбралі цябе. Чалавек ты, кажа, стойкі, правераны, рэвалюцыю ў Піцеры рабіў, дый цяпер — калектывізацыю правёў. I — галоўнае, кажа, — з твару ты вельмі змахваеш на таго Леапольда».

Ухватаў. Ну, а ты што?

Сілан. А я пытаю: «А як жа вы мяне туды прыстроіце?»

Бусько. Ну, а він шо?

Сілан. У-у, кажа, там жа камуністы таксама ёсць. А яны, брат, такія хлопцы, што любую добрую аперацыю правернуць.

Ухватаў. Ну, а ты што?

Сілан. Ну, думаю, і праўда. Але ж, кажу, каралева можа не прызнаць.

Ухватаў. Ну, а ён што?

Сілан. Гэта, кажа, не твой клопат. Ты — мужчына яшчэ крэпкі, а той Леапольд быў гнілы, хліпкі. Кажа, каралева нават давольна будзе. Выручай, кажа. Для міравой рэвалюцыі вельмі важна паслаць туды свайго чалавека.

Ухватаў. А ты што?

Сілан (ну і хітры Сілан! Сабе наўме. Бачыць, што расказ яго падабаецца Хведару Паўлавічу, ён і стараецца пацешыць. Ён згодзен і прастачком прыкінуцца!). Я падумаў трохі дый кажу: «Справа сур'ёзная, канечне, але як жа з маёй Пархвенаўнай? Дый двое дзецюкоў у мяне». — «Камсамольцы?» — пытае. «Камсамольцы», — кажу. «Ну, то зразудеюць хлопцы!» — «Не, — кажу, — трэба ўсё-ткі з Пархвенаўнай пагаварыць».

Бусько. Ні ў якім разе, — кажа!

Сілан. Верна! «Ні ў якім разе! — кажа. — Гэта ж сакрэтная справа, і бабе ўводзіць у вушы такое дзела нельга!» Я кажу: «Мая сакрэтаў не выдасць. Каторы год жыву, ведаю. Раскулачванне праводзілі, таксама — тайна, але ж не прагаварылася. Правераная баба». Прыйшоў гэта я дадому, расказаў сваёй. Ну, канечне, агітацыю правёў. «Заданне, — кажу, — паручэнне атвесцвеннае». Ну, а жонка мая — бітая баба. Кажа: «Зноў дурня шукаюць. Як учора рызінавыя боты прывезлі ў сельпо, дык размеркавалі не табе. А як каралём у Бельгію, дык цябе знайшлі. Як затычку. Пад усе бочкі шпунт». Падумалі, дый…

Ухватаў. І што? Адмовіўся?

Сілан. Пайшоў і сказаў: «Не, пе пайду каралём!» Дый яно і праўда. Як што, дык мяне, а калі што мне, дык — пастой, Сілан, на вуліцы…

Ухватаў. Ну, а калі б далі рызінавыя боты, пайшоў бы каралём? Для вялікай мэты?

Сілан. А чаго ж? I пайшоў бы. Папрацаваў бы трохі правадыром. Каб толькі дакументы аформілі, што па заданню райкома. Каб потым не прыдзіраліся. А то… у анкеце запоўніш, а… сам ведаеш, як цяпер… Калі без матывіроўкі.

Бусько. Ось, Хведзя! Якія ў нас ы Дысцыпліна яка! У агонь і воду!!!

Ухватаў. Ну, брат, насмяшыў! Мастак! У пісьменнікі табе трэба падавацца. Цяпер ізноў, кажуць, на камедыі дэфіцыт. А тут жывая камедыя. Ты ж талент, артыст, сатырыст!

Бусько. Была пацеха! Мужыкі і цяпер аж за жываты бяруцца.

Ухватаў. Дык чаго ты хочаш? Ад мяне?

Сілан. Нехарашо пасмяяліся. Праходу няма. Нават ад дзетвары. Аўтарытэт саўсем прапаў. Перацягні мяне ў горад. А? Перавядзі.

Ухватаў. I што ты тут будзеш рабіць?

Сілан. Што загадаеш, тое і буду.

Бусько. Будзе верны, свой чалавек.

Ухватаў. Дык ён жа не падкаваны…

Сілан. Я? Як гэта не падкаваны? На ўсе чатыры.

Ухватаў. Што такое ён? Хто ён такі? Інжынер? Прафесар? Спецыяліст? Дэгустатар? Дэзінфектар?

Сілан. Ды мне такіх пасад і не трэба.

Бусько. Затое — ідэйны. Ух, які ідэйны!

Сілан. Кіраваць папрабую. Як выдзвіжэнец. Ёсць у мяне на гэта спрыт. Другія ж кіруюць, спраўляюцца.

Ухватаў. I ты кіраваць? А я што буду рабіць?

Сілан. Таксама кіраваць.

Бусько. Ты, Хведзька, Хведар Паўлавіч, будзеш намі кіраваць, а мы — другімі!.. Пад тваім кіраўніцтвам. Будзем выконваць тваю жалезную волю і ўказанні.

Ухватаў. Дык ён жа будзе мяне павучаць… А?

Бусько (Сілану). Будзеш?