Выбрать главу

Сілан. Другіх буду…

Бусько. Без цього нэ можэ!

Сілан. А цябе… Язык адкушу і выплюну.

Бусько. I не пікнем! Ты знаеш, якога прынцыпу мы зараз трымацца будзем? Па дарозе сюды інтэлігент падказаў. Галава! Акулярчыкі проста на носе прыляпіў. Кажа: «Цяпер, кажа, не думай. Падумаў? Маўчы, не гавары. Сказаў? То не пішы. А калі напісаў, то хоць не падпісвай. А падпісаў? То тут жа бяжы і сам кайся, прызнавай памылкі». Так што, калі што якое — прыбяжым. Калі выпадак які,

Ухватаў. Ніякіх выпадкаў не прызнаю.

Бусько. Ясна?

Сілан. Строга!

Ухватаў. Курыш?

Сілан. Куру.

Ухватаў. Кінеш?

Сілан. А навошта?

Бусько. Кіне!

Сілан. Кіну!

Ухватаў. П’еш?

Сілан. П-п-п'ю… Неахвотна!

Ухватаў. Кінеш?

Сілан. Калі будзе такое ўказанне…

Ухватаў. Баб чужых любіш? Толькі не хлусі.

Сілан. Пархвенаўна не дазваляе…

Бусько. Маральна ўстойлівы элемент.

Ухватаў. У гурток па вывучэнню…

Сілан (перапыняе). Хадзіў, хадзіў. А як жа. Не толькі сам, нават Пархвенаўна назубок цэлымі лістамі па памяці чытае. Праўда, апошнім часам карасіну не хапала…

Ухватаў. Ну куды ж цябе? (Доўга разглядае Сілана, як бы ацэньваючы яго вартасці.)

Сілан. А ўжо куды хочаш, куды пашлеш. Старшым куды пашлеш. Буду старацца.

А далей адбываецца такая пантаміма. Хведар Паўлавіч ходзіць па пакоі і мысліць. Раіцца з самім сабой. Зробіць некалькі крокаў і спыняецца. За ім следуюць Бусько і Сілан.

Нарэшце Хведар Паўлавіч спыніўся, азірнуўся на іх, суровы, сярдзіты. Бусько і Сілан жэстамі супакойваюць яго. Хведар Паўлавіч махнуў рукой — загадаў — сядзьце! Яны паслухмяна селі. Як школьнікі.

Ухватаў (ацаніўшы паслухмянасць). Выканаўцы! Глядзіце ў мяне!!!

Бусько. Хведар Паўлавіч! Будзьце ўпэўнены!

Сілан. Не сумнявайся!

Вярнулася Рая. Радасная, узрушаная.

Рая. Федзя! Ты не знаеш, які фурор! Паглядзеў бы ты на Фаню! Якія ў яе былі вочы! Во! Такія вочы! Там на нашым двары быў цэлы мітынг. Яны ўсе хацелі сюды прыехаць. Толькі мама… Ты не знаеш нашу маму? Яна сказала: «I чаго вы паднялі такі вэрхал? Я так і знала: мая Рая радзілася пад зоркай. Ну і што?»

Ухватаў. Пад якой зоркай?

Рая. Адкуль я ведаю. Яна так сказала. Што ты хочаш? Гэта ж мая мама. Відаць, пад чырвонай. Яны так рады. Усе.

Ухватаў. А дачка дзе?

Рая. Яны не аддалі мне Свету. Яны чуць не падзялілі яе на шматкі. Яны ўсе яе так палюбілі!

Ухватаў. Цяпер нас будуць любіць!.. (Бярэ схаваную паўлітэрку, налівае ў шклянку. Звяртаецца да Бусько і Сілана.) Будзеце?

Сілан. Як загадаеце.

Бусько. Да гроба.

Ухватаў. Што? Любіць ці піць?

Бусько. I піць, і любіць! Да гроба.

Ухватаў. Да гроба дык да гроба! А там — напляваць!

Бусько. Малавата…

Ухватаў. Сваю трэба насіць.

Бусько. Ёсць! Носім! (Падміргнуў Сілану, і той дастае з шабеты бутэльку.)

Сілан. Учора самагоншчыка застукалі. Рэквізавалі. Акт саставілі і… (Усміхаецца.) Разбілі… вось.

Бусько. Хай не спекулююць, гады!

Наліваюць, п'юць. Рая прыносіць капчонае на закусь.

Рая. Федзя, а шафёр чакае твайго загаду на вуліцы.

Ухватаў. Кліч яго!

Бусько (выглянуў праз акно). Ну і машына! Аж блішчыць! А шафёр — грамацей. Сядзіць і кніжку чытае. (Крычыць.) Эй! Прафесар кіслых шчэй! Завуць!

Ухватаў. Ну, яшчэ па адной і… (Жэстам як бы змёў са стала і прысвіснуў.)

Сілан (заспяваў). «По рюмочке, по маленькой, чем поят лошадей…»

Рая. Ой, што вы, што вы!!!

Ухватаў. Без мастацкага свісту і танцаў! Пахаваем паціху. (Выпівае.)

Бусько (ціхенька). Вечна-а-я-я памяць. (Таксама перакуліў чарку.)

Сілан (уздыхнуў). Амін. (Выліў чарку, як у халяву.)

Уваходзіць шафёр.

Алёша. Я вас слухаю, Хведар Паўлавіч.

Ухватаў. Значыць, чытаеш? Вучышся?