Стэла. Не прапусцяць. Не надрукуюць.
Гарык (плюе цераз левае плячо). Стэла, ты і на гэты раз накаркаеш! (Дыктуе далей.)
Нет. Лучше так:
Стэла. Гарык! Гэта ж — няпраўда! Гэта не сацыялістычны рэалізм. Гэта нейкі дапатопны натуралізм!
Гарык. Гэта — лірыка. Сексуальная. Мая школа. Па Фрэйду. Я шчыра і адкрыта ўскрываю сутнасць любоўнай лірыкі. Я супроць падтэксту, за якім скрывалі сваё ханжанства класікі.
Стэла. Хоць іх і не надрукуюць, але… дай я цябе пацалую. Каб не гас твой творчы аганёк, не гасла твая творчая іскра.
Цалуюцца.
Вось такія творчыя іскры пагражаюць нашай планеце перанасяленнем.
Гарык (млее). Могуць не друкаваць. Я свой ганарар атрымаў. Амаль па самай высокай стаўцы.
Стэла (папраўляе прычоску). Афрыканец ты!
Гарык. Стэла! Ты ведаеш, які сёння дзень?
Стэла. Сёння? Чацвер!
Гарык (драматычна). Сёння — апошні дзень майго месячнага выпрабавальнага тэрміну ў гэтай канторы.
Стэла (разумеючы небяспечнасць яго становішча). Так-так — так-так…
Гарык. Я ізноў на нерэгулюемым перакрыжаванні шляхоў. Без указання дарогі ў заўтрашні дзень. А мне так хацелася замацавацца ў гэтым чароўньш, ціхім, утульным гняздзечку!
Стэла. Але ж ты, спадзяюся, нешта прыдумаў? Не драмаў жа ўвесь гэты месяц?
Гарык. Як жа! Увесь гэты месяц стараўся ўпадабацца ўсім тут. У першую чаргу — табе. Нават цёці Гарпіне. Няўжо не дасяг? У цябе, напрыклад?
Стэла. У гэтай справе галоўная фігура не я, а цётка Гарпіна.
Гарык (філасофствуе). Разумееш, Стэла, у чым складанасць сучаснага моманту? У свінні дзесяць саскоў, а нарадзіла яна адзінаццаць парасят. I адзінаццаты якраз — я! I вось яны сасуць, а пра мяне і клопату мала. Яны нават не падазраюць, што я астаўся без цыцкі, што я з віскам бегаю кругом. Але нічога! Я расштурхаю! Я павінен некага адціснуць! I ўжо калі я дабяруся да саска, то ўжо ніхто мяне не адарве, не адцісне! Не адцягне! Буду заўсёды помніць, што недзе непадалёку бегае адзінаццаты.
Стэла. Вельмі дасціпна! Я гатова табе памагчы.
Гарык. Дарвацца да саска? Тады рыхтуй загад! Пастарайся адзначыць дзелавыя якасці, якія я праявіў за месяц.
Стэла. Дысцыплінаваны… Гарыць па рабоце.
Гарык. Не, гарэць не хачу. Небяспечна. Можна стаць пагарэльцам. Чулы і ўважлівы…
Стэла. Паслухмяны і ініцыятыўны… У калектыве карыстаецца аўтарытэтам.
Гарык. Карыстаюся бескарысліва.
Стэла. Шкада, што беспартыйны.
Гарык. Не падпускаюць, а то б… Прымаюць толькі з мазалямі.
Стэла. А ці падпіша Бусько такі загад? Ты яго прасіў?
Гарык. Цётку Гарпіпу прасіў. Яна яму павінна даць дырэктыву. Бачыш, позніцца на працу. Відаць, усвойвае яе рад цэнных указанняў.
Звоніць тэлефон. Стэла бярэ трубку.
Стэла (у тэлефонную трубку). Прыёмная. Добры дзень. Хведар Паўлавіч… Не, яшчэ не прыйшоў… Таксама яшчэ няма… Павінны быць… Добра, Хведар Паўлавіч, абавязкова скажу. Я зараз запішу і пакладу яму на стол. (Кладзе трубку.) Ну і надакучлівы гэты Ухватаў!
Гарык. Пенсіянер гэты? А што яму трэба?
Стэла. З кватэрай нешта. (Запісаўшы нешта на шматку паперы, выходзіць у кабінет Бусько і хутка вяртаецца.)
Гарык (праводзіць вачыма). Вот адшліфавала яе прырода!..
Уваходзіць Наталля Мікалаеўна.
Наталля Мікалаеўна. Добры дзень. Скажыце, малады чалавек, да каго мне тут звярнуцца, хто мне тут паможа?
Стэла. А па якой вы справе, бабуся?
Наталля Мікалаеўна. А ў мяне справа маленькая, дробязь.
Гарык (засмучона). Калі дробязь, то да мяне. Я тут, бабуся, самы галоўны начальнк па дробязях.
Наталля Мікалаеўна. Такі дробненькі начальнік? Можа, і да цябе. Я тут заяўку напісала. Пра кватэру. (Аддае паперку.)
Гарык (не чытаючы). На кватэру? Вы першы раз тут?