Выбрать главу

Бусько. Та-ак, пляменнічак!.. Ты хто тут такі?

Гарык (патупіў вочы). А што?

Бусько. Не, ты скажы, скажы! Якая ў цябе пасада! Хто ты такі?

Гарык. Інжынер па бягучым рамонце.

Бусько. А што ж ты тут робіш?

Гарык. Нічога я не раблю.

Бусько. Чэсна. Правільна. Нічагусенькі. Скажы, інжынер, а па спецыяльнасці ты хто? Ну? Хто ты?

Гарык (неахвотна). Заатэхнік.

Бусько. А дакладней? Які ты спец?

Гарык маўчыць.

Спец па штучным асемяненні? Так?

Гарык. Ну, так…

Бусько. Як жэ воно так? Што ты — спец па штучным асемяненні, а займаеш пасаду інжынера па бягучым рамонце? А можа, у цябе ёсць яшчэ і дыплом будаўніка, інжынера? Га? Шо маўчыш? Я — твой дыплом! Чаму я цябе сюды ўзяў? За што?

Гарык. За стыль. Прамовы і адказы за вас пісаць. Цётка Гарпіна загадала вам узяць.

Бусько. Правільна. Загадала. Каб ты не здзекаваўся з цёлак, авечак, свінаматак. Кім ты быў і кім ты стаў? Быў штучным бугаём, штучным бараном, штучным кныром. А стаў інжынерам! Дык ты ўсё-такі не кідаеш сваёй прафесіі? Разлагаеш мне апарата? Мой апарат?

Гарык. Я яшчэ нікога не разлажыў.

Бусько. I не разложыш! Не дам! Не мылься, галіцца не будзеш! Не дапушчу!

Стэла. Антон Сцяпанавіч! Дарэмна вы яго… Ён нічога такога… Тут нічога не было…

Бусько. Не было, бо не паспеў. Можа быць. Я яго ведаю. (Гарыку.) Пракурору кватэру адрамантавалі?

Гарык. Заўтра канчаем.

Бусько. Канчай.

Гарык. Канчаем.

Бусько. Ты што крычыш? Ты ў мяне будзеш цішэй вады, ніжэй травы. Запомні! Ясна? Ідзі!

Гарык выходзіць у свой кабінет.

Так, Стэла… I яго спакушаеш?

Стэла (какетліва). Што вы, Антон Сцяпанавіч. Чзснае слова, тут нічога не было. Вы мне ўжо не верыце?

Бусько (уздыхнуўшы). Ладна, паверу. Яшчэ адзін раз.

Стэла. Антон Сцяпанавіч! Званіў Хведар Паўлавіч. Сказаў, што ізноў прыйдзе. Учора прыходзіў, вельмі лаяўся. Сярдзіты…

Бусько. Нават лаяўся?

Стэла. Кажа: «Я ім не абы-хто!» I сёння прыйдзе.

Бусько. Ну і што? Хай прыходзіць. Ён цяпер хто? Ніхто. Пенсіянер. Яму цяпер няма чаго рабіць, вось хай і ходзіць. Быў час, хадзілі да яго, а цяпер хай і ён паходзіць. Не ўсё кату масленіца. Папакруціў ён з мяне вяроўкі. А цяпер…

Стэла. Сказаў, што ў гарком будзе скардзіцца.

Бусько. На каго? На мяне? Хто? Ён? Шо, яго там не знаюць? А вымову ён дзе адхапіў? Не там? За сваю дачу. А цяпер хоча і за абмен кватэры? Ён пагарэў, а я не хачу. Мэні вымова не трэба, мэні пенсія трэба. Персанальная. Сам палучыў? Дай і мне! (Падумаўшы.) I нікуды ён скардзіцца не пойдзе. Мы яму ласкава, ветліва, душэўна… нічога не зробім… Як і ён умеў. Па яго метаду. Культурненька. I ты з ім культурненька… далікатненька… (Хацеў пагладзіць Стэлу, але спахапіўся.) Пошта ёсць?

Стэла. Ёсць.

Бусько. Прынясі. (Выходзіць у свой кабінет.)

Стэла. Стары лавелас. Пошта яму трэба…

Гарык (паяўляецца ў дзвярах). Катапульціраван!

Стэла. I што цяпер?

Гарык. Пайду да дружкоў. Хай памагаюць. З маёй адукацыяй цяпер адно — шукаць шчасця ў ведамстве Міністэрства культуры ці… каля кінастудыі.

Стэла. А там, думаеш, няма адзінаццатых?

Гарык. Ёсць. Мяне чакае ўнутрывідавая барацьба за існаванне. Буду мацней за другіх вішчаць. Учора на вакзале я пазнаёміўся з адным паэтам. У рэстаране. Пасядзелі. Паэт — во!

Стэла. Хто? Хто ён? Ты мяне пазнаёміш з ім? Не, не, не думай! Я за цябе буду прасіць. (Какетліва.) А я ўмею так прасіць, што мне не адмовяць.

Гарык. Прыходзь-ка ты сёння ў рэстаран «Спутнік». Творчую сустрэчу сёння правядзём там. Толькі для гэтага трэба мець…

Стэла. Талент?

Гарык. Не, квіткі на каньяк. Давядзецца клянчыць у цёткі. Крэдыт. У растэрміноўку.

Стэла. Чакай! Можа, яшчэ не ўсё страчана…

Звініць званок. Гэта Бусько званком выклікае да сябе Стэлу.

Гарык. Цябе выклікае.

Стэла. Чую. Дык вось, я зараз пайду туды. А ты пакаравуль тут. I як толькі пачуеш такі званок, адразу заходзь да яго ў кабінет.