Выбрать главу

Бусько. А ты ведаеш, што сёння канчаецца твой месячны выпрабавальны тэрмін?

Гарык. Ведаю. Вось загад аб залічэнні на сталую працу.

Бусько (зларадна). А я не падпішу.

Гарык (ласкава). Трэба падпісаць. Пасеяць. У грунт.

Бусько. Не ўжо, выбачай, але не магу. Вырасце пустазелле, бур'ян.

Гарык. Дзядзя! Я ж — сірата.

Бусько. Па вачах сірата, а… на баб разбойнік.

Гарык. Увесь у дзядзю ўдаўся. I кроплі пабраў.

Бусько (строга). Не падпішу!

Гарык. Не настойваю. Толькі… вам цераз год на пенсію. I вы спадзяваліся на персанальную. А тут такая закавыка маральна-бытавая. I без гэтага надзея на валаску, а калі ўжо…

Бусько (доўга думае, жуе аловак, а потым падпісвае). Пераканаў, гад!

Гарык (абражаны, з гонарам). Ах, так? (Не прымае загаду.) Такая ласка мне не трэба.

Бусько. Бяры, пакуль не перадумаў.

Гарык. Не, навошта гада прызначаць?

Бусько (лагодна). Вось што, Гарык, мы з табой мужчыны і… сам разумееш, павінны…

Гарык. Я не злапомны. I я ўсё разумею. Але… я сёння ў цёткі Гарпіны буду пазычаць трыццаць рублёў. Як жа мне ёй у вочы глядзець? Яна па вачах здагадаецца…

Бусько. Трыццаць?

Гарык. Трыццаць.

Бусько. Хопіць і пятнаццаць.

Гарык. Трыццаць.

Бусько. Ну, добра, абыдзешся і дваццаткай.

Гарык. Трыццаць.

Бусько. Ты што? Акрамя трыццаці, другіх лічбаў не знаеш?

Гарык. Трыццаць. Знаю і другія. Толькі яны большыя.

Бусько. Хабарнік! Дваццаць пяць! I даволі!

Гарык. Калі без аддачы…

Бусько. Ты хацеў пазычыць.

Гарык. Калі пазычыць, то ў цёткі.

Уваходзіць Ухватаў.

Ухватаў. Ты што, Бусько? Мяне не хочаш прыняць? (Трымаецца ён важна, з гонарам, як начальнік з падначаленым, нібы ён і не пенсіянер. Інерцыя — вялікая сіла.)

Бусько. Я вельмі заняты.

Гарык. I справа важная. Тэрміновая і нават — сакрэтная.

Бусько. А ты памаўчы. Не з табой размова.

Гарык (пагражае). Я магу пайсці.

Бусько. Пасядзі!

Гарык. У вас тут старыя справы і, відаць, надоўга… Пайду.

Бусько. Сядзі, табе кажуць!

Гарык. Але ж я магу спазніцца, і закрыецца каса.

Бусько. Ну, добра, трыццаць! Сядзь! Я зараз. (Да Хведара Паўлавіча.) Дык ты, Хведар Паўлавіч, усё па той жа справе?

Ухватаў (з папрокам). Усё па той жа. Ужо трэці раз прыйшоў. Валакітчыкі!

Бусько. Не трэба сердзіцца. Во-от бяда. Лішні раз прыйшоў! А што б ты рабіў? Ты ж цяпер на пенсіі. Так сказаць, з кірмашу едзеш.

Ухватаў. Та-ак, на пенсіі. Цяпер бы толькі здароўе.

Бусько. Вот-вот — здароўе трэба берагчы. Не хвалявацца з-за пусцяковін. Прайшоў. Прагуляўся. З людзьмі хоць пагамоніш… Дык, кажаш, з зяцем не паладзіў?

Ухватаў. Хай пажыве самастойна.

Бусько. Правільна. Хай і кватэру шукае самастойна, без нянек.

Ухватаў. Не, тут трэба ўступіць. I жонка, і дачка насядаюць. Пакуль яшчэ мяне не забылі і ўсюды свае хлопцы яшчэ сядзяць.

Бусько. А дарэмна. Хай бы самастойна. Каб цаніў. Толькі б на карысць… (Сярдзіты.) А то звыклі на чужой спіне ў рай. (Зыркнуў на Гарыка.) Цяпер усе яны такія!

Гарык. Дык я свабодны?

Бусько. Сядзі, кажу! (Хведару Паўлавічу.) А як жа твая дача? Стаіць?

Ухватаў. Стаіць дача.

Бусько. Так-так. Памагалі, памагалі ставіць. Ну і колькі ж яна табе каштавала? Дорага?

Ухватаў. Дорага, інфаркт і…

Бусько. А-а, і суровая вымова. Дарагавата…

Ухватаў (з папрокам). Таксама памагалі…

Бусько. Не я, не я… Калі помніш, я сам ледзь не пагарэў тады…

Ухватаў. Ну, ліха з ёй. Не ўспамінай. Лепей скажы: як жа з маёй справай?

Бусько (нібы не чуў). I клубнічка расце на дачы?

Ухватаў. Ды пасадзілі трохі. Падпісана паперка, ці?..

Бусько. I ягадка маліна ёсць? Ах, люблю малінку!

Ухватаў. Усяго патроху ёсць. Ды жонка не хоча калупацца на гародзе.

Бусько. Не прывыкла. Ну, вядома. (Па-свойску, незласліва.) Заўсёды чужой хапае. А свежанькая клубнічка ха-ра-ша!..