Выбрать главу

Гарык. Вы не толькі ўранілі, вы яго разбілі. А ён яшчэ не спісаны.

З кабінета выходзіць Бусько.

Бусько. Што тут за грохат?

Гарык. Ды вось тут…

Кудасаў (апярэджвае). Гарык разбіў бюст.

Гарык. Таварыш Кудасаў!..

Бусько. Ладна! Прыбярыце гэтыя чарапкі! Калі трэба — разбяромся. А цяпер… Кудасаў! Прыедзе Аляксей Аляксеевіч… А помніш, кім ён быў?

Гарык выносіць разбіты бюст.

Кудасаў. А як жа, — вадзіцель. Вырас.

Бусько. Дык вось, пагавары з ім замест мяне. А я… Мяне к начальству выклікаюць. Тэрмінова. Дый не магу я… Быў шафёрам, а я цяпер павінен яго ўказанні…

Кудасаў. I верна — замнога гонару.

Бусько. Усё. Я пайшоў. (Ідзе і закрываецца ў кабінеце.)

Кудасаў (шкрабае патыліцу). Стэла! А Сілан тут?

Стэла. Тут.

Кудасаў. Заві!

Стэла выходзіць і праз хвіліну вяртаецца з Сіланам.

Сілан. Каму я трэба?

Кудасаў. Дык вось, Сілан, адказнае табе заданне. Бусько даручыў табе сустрэць Аляксея Аляксеевіча і пагаварыць з ім. За яго. Замяніць яго.

Сілан. Аб чым пагаварыць?

Кудасаў. Аб тым, аб чым захоча гаварыць Аляксей Аляксеевіч.

Сілан. А што яму сказаць?

Кудасаў. Не гавары ні да, ні не. I не пярэч, і не згаджайся. Дзе паддакні, а дзе — у дробязях — выкажы сумненне. Асцярожна. А дзе не ведаеш, што сказаць — перапытай. Хай ён скажа. Сам. А ты паабяцай далажыць, паведаміць, праінфармаваць. Усё жыццё вучу цябе, а ты…

Сілан. Дык гэта я спасціг.

Кудасаў. Спасціг? Ну во, будзеш даўгавечным. Незамянімым. А я… У мяне тэрміновая справа. (Паспешна выходзіць.)

Сілан. Мудры бес. Як павук.

Уваходзіць Аляксей Алякссевіч.

Аляксей Аляксеевіч. Добры дзень. (Вітаецца з усімі за руку. Некалькі затрымаў руку Сілана, але не ўспомніў яго.) А што гэта за ўстанова такая? Гэта што? Адростак гаржылупраўлення? Апендзікс?

Гарык. А вам не здаецца, што, называючы нашу ўстанову апендзіксам, вы абражаеце нас? Крыўдна і сорампа!

Аляксей Аляксеевіч. О-о! Вяртаю гонар. А хто кіраўнік вашай канторы?

Гарык. Во, ён замяняе.

Аляксей Аляксеевіч. Намеснік?

Гарык. Не. Замяніцель. Эрзац. Замяняе Бусько.

Аляксей Аляксеевіч. Ён яшчэ не на пенсіі?

Гарык. Пакуль княжыць. А чаго яму спяшацца на пенсію. Цяпер гэта не модна. Таму што — пенсія меншая за зарплату. А спраў у яго… у пенсіянера больш дзялоў.

Аляксей Аляксеевіч. Ці не меціце вы ў яго крэсла?

Гарык. Мне хоць бы на сваім утрымацца.

Аляксей Аляксеевіч. Дык вось — зносім вас.

Сілан. Як — зносім? Чаму?

Стэла. Як — зносім?

Гарык. Як так — зносім?

Аляксей Аляксеевіч. Проста. Разбурым сцены бабай, зграбём абломкі бульдозерам, расчысцім месца і трохі вышэй збудуем быткамбінат «Новы мір». Па генеральнаму плану.

Сілан. Такую крэпасць — бабай? Будавалі навечна і раптам… бабай.

Аляксей Аляксеевіч. А ў помнікі старыны — не прыгадзілася. I гістарычныя асобы не ўдастоілі гэты склеп сваёй прысутнасцю. Ні Грышка Атрэп'еў, ні Мазепа, ні цар Пётр.

Сілан. А мы?

Гарык. А мы? А мы куды?

Аляксей Аляксеевіч. Па спецыяльнасці.

Гарык. Як? I вы? Вот прывязаліся да маёй спецыяльнасці. Няма яе ў мяне! Няма!!!

Аляксей Аляксеевіч. Тады ідзіце да нас на будоўлю. Авалодайце бульдозерам ці бабай. Рушце сцены да аснавання, а затым — мы наш, мы новы мір збудуем…

Гарык. Хто быў нікім, той стане ўсім?

Сілан. Са мной гэта ўжо было. Я нешта не саўсім… Не зразумеў. Вы растлумачце.

Аляксей Аляксеевіч. А што тут незразумелага?

Сілан (бянтэжыцца). Так-так. Ясна… Усё ясна. Я, канечне, далажу, я праінфармірую. Я далажу Бусько.

Аляксей Аляксеевіч. Перадайце яму, хай рыхтуецца на бюро гаркома. Бывайце здаровы. (Выходзіць.)

Сілан праводзіць Аляксея Аляксеевіча.

Стэла. Злазь, прыехалі.

Уваходзіць Наталля Мікалаеўна.