Выбрать главу

Гарык. Любая бабуся! Пачакайце два-тры дні. Маё шчасце ў вашых руках. Я аформлю прапіску. Пачакайце. Не спяшайцеся. А то — як ліквідуюць нашу кантору — я прапаў. Вы — мой апошні шанец… Не спяшайцеся!

Наталля Мікалаеўна. А я спяшаюся. Дачка чакае. Унукі чакаюць.

Гарык. О, што за век дваццаты! У выніку нашай спешкі я магу астацца беспрытульным. Я заўтра да вас прыйду. Я прыеду! Я прылячу. Я вам усё растлумачу.

Наталля Мікалаеўна. А вось ты не спяшайся. Не спяшайся, галубок. (Збіраецца пайсці.) Так і галаву дзе-небудзь згубіш.

Гарык. Ды мне зараз ваша кватэра больш патрэбна, чым галава.

Гарык памагае Наталлі Мікалаеўне падняцца, бярэ яе пад руку і стараецца падабацца старой сваім далікатным абыходжаннем. З грукатам і шумам урываецца ўзлахмачаны, ваяўнічы, узрушаны Ухватаў.

Ухватаў. Дзе ён? Дзе гэты падлюга? Я яму зараз… Пусціце мяне! (Спрабуе штурмам прарваць абарону — адпіхнуць Гарыка і Стэлу, якія загарадзілі дзверы к шэфу.) Пусціце мяне туды! Пусціце, вам кажуць!

Гарык і Стэла. Нельга! Прыём закрыт! Загадана не прымаць! Грамадзянін! Грамадзянін! Я дружыннікаў паклічу! Загадана не пускаць!

Ухватаў. Каго? Мяне? Мяне не прымуць? Ах, ён падлюка! Ды я яго… Божа, як павярнулася?! (Заплакаў.) Ды калі я ўладу меў, яны ж былі — такімі вернымі, паслухмянымі, адданымі. I я для іх богам быў! Аднаго позірку баяліся. Богам для іх! Гэта ж я іх вывеў! Я сатварыў! А цяпер… (Плача.)

Гарык (чытае па памяці біблію). «I сатварыў бог чалавека па вобразу і падобію свайму, мужчыну і жанчыну сатварыў. I благаславіў іх бог, і сказаў ім: пладзіцеся і размнажайцеся, і папаўняйце зямлю, і валодайце ёю, і ўладарце над рыбамі марскімі, і над звярамі, і над птахамі нябеснымі, і над усякім скатом, і над усёю зямлёю, і над усякімі жывёламі, і над усімі гадамі паўзучымі на зямлі… I ўбачыў бог усё, што ён стварыў, і вот, хораша вельмі. I быў вечар, і быў ранак: дзень шосты».

Ухватаў (слухаў, слухаў і раптам). Сапляк! Парасёнак!

Гарык. «Хораша вельмі», — пакуль бог не пайшоў на пенсію. А стаў пенсіянерам, спаткаўся са сваім падобіем і… харкнуў ад агіды на сваё падобіе няўдзячнае.

Ухватаў (нібы яго падагрэлі, ідзе на штурм). Пусці мяне да яго. Пусці-і-іце!!! Я павінен! Гэта мой доўг!

Але Гарык і Стэла, як верныя вартавыя, адціснулі Xведара Паўлавіча ў калідор, дзе ўжо даўно сочаць за падзеямі Сілан і Кудасаў.

Наталля Мікалаеўна. А ён верна сказаў: па вобразу і падобію…

Ухватаў. А ты… А ты… (Задыхаецца.) Не суй нос!..

Кудасаў. Не хаміце, Хведар Паўлавіч, не хаміце. Не тыя часы.

Ухватаў. А-а, і ты, нюхала! Д'ябал ты! Нячыстая сіла! Д'яблы вы! Усе вы д'яблы!!

Гарык. Усё лагічна. Сатварыўшы бога, чалавек вымушаны быў сатварыць і д'ябла. Іначай ідэя бога траціць усякі сэнс. (Хоча выправадзіць усіх прысутных.) Пакіньце бога ў спакоі. У адзіноце.

Усе разыходзяцца спакойна і раўнадушна. Толькі Наталля Мікалаеўна нібы прадчувае бяду, затрымліваецца каля дзвярэй. Ухватаў, адчуўшы сябе, як тхор у пастцы, кінуўся да адных дзвярэй, да другіх. Раптам заўважыў дзверы, загароджаныя старой канцылярскай шафай, запоўпенай архіўнымі папкамі.

Ухватаў. Не! Не! Не!!! Я ўсё роўда дабяруся да цябе! Я дастану цябе! Запасныя дзверы як забарыкадзіраваў! Не, не! Не-е! Я цябе выкалупаю! Упярод! На барыкады! (Натужваецца, адсоўвае шафу ад дзвярэй. Робіць гэта з апошніх сіл. Ледзь-ледзь адсунуўшы шафу, ён заўважае на дзвярах бронзавую галаву льва з кальцом. Ухватаў са злосцю хапаецца за кальцо, ірвануў к сабе дзверы, але тыя не паддаюцца. Яшчэ спроба, і ў руках Хведара Паўлавіча — вырванае з зубамі з пашчы льва кальцо. Раптам Ухватаў хапаецца за сэрца і з дзікім перадсмяротным крыкам падае перад дзвярыма бяздыханым.)

Наталля Мікалаеўна. Людзі! Памажыце! Дзе вы?

На яе кліч з'яўляюцца ўсе служкі гэтай установы.

Званіце ў «Хуткую дапамогу»! Хутчэй! Ратаваць трэба! Яму нехарашо!

Сілан падышоў, прыгледзеўся да Хведара Паўлавіча, патрымаў за руку, правяраючы пульс, уздыхнуў і заявіў.

Сілан. Не, яму зараз ужо харашо…

Кудасаў. Здаецца, у нас пахне смаленым…