Выбрать главу

Ухватаў. Ну, ладна, хай паедзе.

Кудасаў. Тады адпачывайце. Усяго добрага.

Ухватаў. Чакай! Нажы і відэльцы не знясі.

Кудасаў. Ага, даруйце. (Выкладае нажы і відэльцы.) Бывайце здаровы! (Каля парога перад багажом Бусько спыніўся, прынюхаўся раз, другі, трэці.) Кумпяк. Капчопы. Леташні… I сыр. Сялянскі. З корачкай. Падсмажаны на масле.

Бусько ашаломлены.

Бусько. Ён што, калдун?

Ухватаў. Цябе, Кудасаў, нюх пачынае падводзіць. А калі паляўнічага сабаку падводзіць нюх і ён заместа дзічыны ганяецца за жабай, то… Што з такім сабакам робяць? У лепшым выпадку прагоняць са двара. Гэта я ад паляўнічых чуў. Матай на вус.

Кудасаў. Усё. Жабы няхай не хвалююцца. Ганяць іх не будуць. Усяго найлепшага! (Выходзіць.)

Рая. Федзя! З ім гэтак нельга.

Бусько. Ну, брат, і ўюн! Ён табе і гэта, ён табе і «эмку», і катаклізму… Слухай, Хведзька, што такое катаклізма?

Ухватаў. Гэта, разумееш… Калі разбушуецца прырода, дзікая стыхія і ніхто з ёй саўладаць не можа. Бачыў, колькі руін у горадзе? Такое і з чалавекам часам бывае, калі дзікасць прабудзіцца.

Бусько. Бачыў. А ведаеш, і да нас гэтая граза дайшла. Але ў вас нашкодзіла більш. У нас толькі царкву здорава труханула. А так, толькі некаторыя страху нацярпеліся. А некаторыя… як мышы пад венікам. Кажуць, у вас багата людзей пад абломкамі прапала?

Ухватаў. Пытаеш!.. Такая катастрофа! Стыхія!

Бусько. I пасады, канечне, вакантныя… А? А я ўсе чысткі, брат, усе праверкі прайшоў…

Ухватаў. Ну, дык чым жа ты недавольны?

Бусько. Так што ж мені ў тым балоце і сядзець, у глухамані, аж покі рак не свісне? Мая Горпіна выгнала і сказала: «Шукай другое месца! Не хачу жыць у балоце! Адцвітаць!»

Ухватаў. У якім жа балоце? У наш час! Адцвітаць?

Рая. Занялі пакоі графа і адцвітаць.

Ухватаў. У графскіх пакоях з жонкай у чахарду гуляе і — адцвітаць!

Бусько. А пасада якая? Заготжывёла! Цьфу! Та што ж — мені людзей нельга даверыць? Шо, мой бацька ўсю грамадзянскую вайну прайшоў, каб я — сын яго — ізноў хвасты круціў бугаям? (Проста, але катэгарычна.) Мені трэба ўлада над людзьмі! О так! А не райзаготжывёла! Мені соромно!!!

Ухватаў. Так-так…

Бусько. Хведзька! Ты толькі глянь на мене! Шо я, не магу быць фігурай у другім маштабе? (Дэманструе сябе.) Слухай, будзь другам! Пагавары тут з кім трэба, выцягні мяне з глухамані. Век помніць буду! Га? Хведзька!

Ухватаў. Гм… Выцягні… А якая мне радасць?

Бусько (страсна). Хведзька!.. Ды я… Ды мая Горпіна… Ды мы… Эх, Хведзя, якім я другам буду!!!

Ухватаў (думае). А куды ж цябе?.. Ну, куды?

Бусько. Цяпер жа, кажуць, пустых кабінетаў многа. Самы мамент якую-небудзь свабодную пасаду…

Ухватаў. Ведаючы твае таленты, ну куды ж цябе?

Бусько. Ну… Таку… шо б штат буў! Ну… Намеснік, памочнік… Шо б було кому команду даць! Таку… Культурную пасаду…;

Ухватаў. Эць, якія замашкі! Ых-ых-ых… От куды меціць!.. Абавязкова ў атаманы!

Бусько. Ну поймі, Хведзя! Абрыдла з гэтымі рагулямі, козамі. Ме-е, бе-е, му-у! Цьфу! Па культуры занудзіўся.

Ухватаў. Дык што, можа, цябе дырэктарам тэатра?

Бусько. Гэта што? Я сам буду морду крывіць перад публікай? Дурыкі строіць? Не, брат, ты прыдумай што-небудзь другое. Гор-топ, гор-буд, дор-орс, гор-прод, гор-пром… Што-небудзь галантарэйнае.

Ухватаў. Можа, гор-хап?

Бусько. Ха-ха-ха! Калі ёсць гор-хап, давай гор-хап. Падзелімся! Слухай, Хведзька, ён правільна вынюхаў: тут мая Горпіна два кумпякі капчоныя загарнула. Адзін — табе, а другі — каму-небудзь, сам знаеш, для знаёмства…

Ухватаў (з пагрозай). Ну-у, гэта ты дарэмна! Гэта… Як гэта называецца?

Бусько. А што я, з пустымі рукамі прыехаў бы?

Ухватаў. Значыць, хабар прывёз?

Бусько. Які ж цэ хабар? Цэ ўзаемная дапамога.

Ухватаў. Так-так… (Звоніць па тэлефоне.) Цэнтральная?.. Дайце, калі ласка, пракурора горада.

Бусько (спалохаўся). Хведзька! Хведар Паўлавіч! Ды ты што? Я… Я чыстасардэчна! Цэ не хабар! Цэ ж смычка сяла і горада! Цэ брацкі саюз рабочага класа і сялянства… Ты хто? Горад! А я хто? Сяло! Трудавое сялянства! Значыць, што? Не хабар, а саюз! Смычка! Узаемадапамога!