Пакуль я так разважаў, думаў, за сто кіламетраў ад мяне ў адзін і той жа час вырашаўся лёс калгаса. На сцэне занялі месца члены прэзідыума, у зале — калгаснікі. Слова трымаў прадстаўнік з райцэнтра — так ужо вядзецца, бо людзі могуць толькі працаваць, рабіць у дождж і ў снег, з ранку да вечара песціць зямлю, тут ім давяраюць, а калі што адбываецца ў зале, пад дахам, дзе не капае за каўнер і не дзьме, абавязкова на сцэну ўзбіраецца чалавек з раёна, пачынае вучыць, як трэба жыць. Мастакі! Яны, людзі, першы раз таго агітатара бачаць, прозвішча яго і нават пасада ні аб чым не гавораць, затое гладка гаворыць ён сам. Абяцае за- латыя горы. Яны блізка — у суседзяў. Вунь яны. Выйдзіце за вёску, гляньце — вочы разбягуцца. Што, не бачыце? Ну-у, зусім вы, так ска- заць, адсталі ад жыцця, заседзеліся. А перспектывы ж якія перад вамі, таварышы! Хапайце! Хапайце, братцы, а то мы перадумаем — і ўсё прапала! Ну, дык рукі, рукі!.. Не згодны, бачым? Эх, людзі! Не б'ецца ў вашых сэрцах рытм жыцця! А вось калі за рукі возьмецеся з суседзямі — адразу, як з крана, і малако пальецца, і мяса прыбудзе, горад завалім. Пляскайце ў далоні — і разбягайцеся!
Не, недарэмна хвалявалася Галіна Сцяпанаўна: калгас далучылі. Амаль так, як і ў Палках. Праўда, у Іскані прагаласавалі ўсе камуністы «за». Яны, бач ты, інакш не маглі, таму што на кожнага глядзеў прадстаўнік з раёна, боязна, яшчэ на паперку возьме, а той правёў перад сходам кароткую лятучку, напомніў пра месца камуністаў у вялікіх справах, даў зразумець, што чалавек, які носіць партыйны білет, павінен заўсёды падтрымліваць раён. Згодзен ты ці не згодзен, а руку — угору. I вышэй, каб людзі бачылі і таксама паднялі. А людзі-то ім верылі, сваім камуністам, думалі і спадзяваліся, што яны хоць якое слова вымавяць у абарону калгаса. Не вымавілі. Нічога не хачу сказаць кепскага ў адрас камуністаў «Іскры», бо іх адразу не пераломіш — прывыклі жыць па ўказцы зверху, іх так навучылі. I калі б нават што іншае вырашалася, ну, уявім, прапанавалі б зноў жа адтуль, зверху, пакінуць пад снегам бульбу, не збіраць — вясной, маўляў, бліны з яе смачныя будуць, не трэба і цукру дабаўляць, баюся, яны б таксама пагадзіліся...
I калі ў нас кожны навучыцца думаць?!
У Іскань я прыехаў на наступны дзень. I першае, што пачуў ад людзей, было цяжкае, з уздыхам-выдыхам:
— Няма болып нашай «Іскры». Патушылі... Эх-ма!
Далей — болып:
— Не далі і слова сказаць...
— Абрабавалі сярод белага дня...
— А я і зусім не паспеў на той сход: пакуль каня прывязаў да слупа, гляджу, і людзі разыходзяцца.
Як бы там ні было, а «Іскру» ўзяў на буксір «18 партз'езд». Але чаму — на буксір? Раённая газета пастаянна друкавала самыя розныя зводкі, і людзі бачылі, што амаль па ўсіх паказчыках «Іскра» займала прыстойныя месцы, было нават, што і першыя, другія, трэція — у хвасце, адным словам, не плялася. Людзі зараблялі добра. Тэхнікай увесь двор застаўлены. А потым, як пярун,— доўг дзяржаве, ды не маленькі... Вось табе, бабулька, і Юр'еў дзень! Хто ж улез у дзяржаўную кішэшо? Іван Семчанка? Якаў Шчарбакоў? Не, гавораць, не бралі, нічога не ведаем, нават першы раз чуем.
Запазычанасць і стала быццам галоўнай прычынай у вырашэнні лёсу гаспадаркі. Самі калгаснікі нічога змяніць не маглі. Узняў ты руку ці не, а ў залу было кінута: «Будзем лічыць, большасцю галасоў...» Нехта запратэставаў, выгукнуў:
— Дык тут жа і палавіны людзей няма!
Не было пачута.
На наступны дзень па Іскані ездзілі аўтамашыны з абідавіцкімі нумарамі, вазілі цялят на цэнтральную сядзібу — цяпер ужо, падумаць толькі, на цэнтральную за шэсць кіламетраў, міма Іскані! — а людзі глядзелі ўслед, уздыхалі:
— Наша забіраюць!
Яны не маглі звыкнуцца, што цяпер «наша» — і ў Абідавічах. Успомнілі нядобрым словам былога старшыню, усю віну і за мільён, які быццам бы ўзяты быў на нейкае будаўніцтва, а куды падзеўся, ніхто і не ведае, і за ўсе іншыя грахі перакладалі цяпер на яго. Пачакайце, а дзе ж самі былі? Чаму члены праўлення вады ў рот набралі? Ці старшыня ўсё адзін вырашаў? Не, чую, не адзін... таксама рукі падымалі.. Рукі! Рукамі-то іншы раз і галаву варта памацаць — ці на месцы? Не дадумаліся. Не здагадаліся. А цяпер стаяць усе пакрыўджаныя, як сіроты...
Я доўга размаўляў у той дзень з землякамі. Больш слухаў. Гаварылі яны — спяшаліся выказацца, бо па сходзе ім проста-напраста не далі.
А можа, далучэнне гэта і трэба было? Можа, на буксіры далей заедзем? Пабачым. Добра было б, каб праз гадоў пяць — дзесяць успомнілі сход, самі прызналіся, што памыляліся, дарэмна пратэставалі...
— Дабірайся цяпер па рознай дробязі за шэсць кіламетраў! То паперку падпісаць, то папрасіць чаго! Перасялялі б тады і нас усіх... ці як?
— Аўтобус пусцяць, Пятро! Бясплатна вазіць будуць!
— На бясплатным многа не наездзіш... Ага.
— Дык а наша Іскань — што, на супакой? Няхай памірае, гавее? Як Кулага, як Лосеўка? Падбіраецца полымя пад нашы стрэхі.
— Не згарым!
— Табе, бачу, усё роўна...
— Во як у жыцці бывае: смяяліся з абідаўцаў, што яны па святах і выхадных улетку на лавачках сядзяць разадзетыя — як на парадзе. Няхай колас асыпаецца — для іх адпачынак на першым плане. А цяпер нас адной вяроўчынай звязалі. Параднілі. Ці ж першага сорту сноп будзе?..
— Сляпцамі так і звалі нас. Ісканцы — сляпцы, гнуць спіну ў полі ад цямна да цямна, свету белага не бачаць. А які толк, што мы і сапраўды ад цямна да цямна гарбаціліся? Змяшалі ўсіх у адну кучу...
— Самі на пяску сядзяць, а ў нас жа зямелька! На ёй тапарышча ўторкні — расці будзе!
Тут яшчэ такія пагалоскі ходзяць. Перад самым далучэннем старшынёй «Іскры» рэкамендавалі агранома з Абідавіч — Віктара Карпенку. Хлопец малады, разваротлівы. Першай справай паклапаціўся, каб звязаць Іскань з Абідавічамі асфальтам. I звязаў! Нехта з нашых старых назваў яго дыверсантам, маўляў, ён жа спецыяльна падасланы быў не ўзняць калгас, а здаць яго ў палон.
Таксама смешна?
Ну, а Мікола Семчанка цяпер гаворыць сваім былым землякам, седзячы ўсё на той жа лаўцы перад вокнамі:
— А я і не прагадаў! У цэнтры сяджу! А з вашай Ісканню будзе тое ж самае, што і з Кулагай. Пабачыце! Калі што гніе, то з краю...
I Валодзя, наш брат,— хіцёр:
— Не бачу перснектывы ў Іскані. Калі б тут цэнтр калгаса быў... А сярод чужых людзей я і ў горадзе змагу жыць.— Маўчыць, задумваец- ца.— Але пагляджу... Пакуль пабуду ў горадзе.
I — чамадан у рукі. Сашка за ім, у яго ж бацькаў характар, ведаеш: яму ўсюды добра. А Валодзя, бачу, у горадзе месца сабе не знаходзіць, туляецца па інтэрнаце вечарамі, пазней малаток купіў, пілку, цвікі, майструе шпакоўні... А марыў жа развярнуцца ў сваёй вёсцы!
А мо яшчэ і развернецца? I не толькі ён адзін, а і яго таварышы, якія спярша таксама хацелі застацца, але пацягнуліся на гарадскія агні.
Заканчваю. На сёння хопіць. На дварэ гудзе вецер, скуголіць завіруха. Зіма сёлета снежная, пякучая. Пішы, што новага ў Ашхабадзе. Пры- вітанне жонцы, дачцэ, хлопцам, нашым агульным знаёмым — беларусам Пятру Груздову, Валодзю Грачову і Сашу Карлюкевічу.
Ліст другі
Не спіцца. За акном цемра, на гадзінніку — каля шасці раніцы. Маці ўжо ходзіць па падворку, рыпіць сняжком. Мне іншы раз здаецца, што яна зусім не спіць. Так і топчацца круглыя суткі. Шкада. Старая, адпачыць бы, а яна... I не знойдзеш, чым дапамагчы,. Не зразумець, ві- даць, нам старых людзей. У іх свой погляд на жыццё, свае адносіны да яго. А мо пажывём з іхняе, то і самі такімі станем, адчуем, што ўсё самае салодкае, радаснае — у працы, у гэтым вось раннім блуканні па двары.
— Не спіш? — маці заглядвае ў хатку, бярэ вядро.— Паспі яшчэ. На мяне не глядзі.
Маці. Усё жыццё настаўнічала, ты яшчэ, Міхась, малы быў, пехам пад стол нават не хадзіў, а я помню, як цёрся вакол яе, прасіўся ў школу — хацелася пасядзець на сапраўдным уроку. Брала. Аднаго разу нёс сшыткі, зіма не менш завейная была, чым сёлета, нёс і не ўтрымаў, а вецер са снегам падхапіў іх, пачаў гартаць, а потым шпурляў налева і направа, пакуль не прыбіў да прасла. Збіраю сшыткі, а яны ў снежнай крупцы, маці плача — слёзы, як цяпер помню, на шчоках зашорклі. Біць, думаю, будзе. Не біла. Толькі плакала... Сёння яе разумею: як жа ёй было ў вочы вучням глянуць?..