— Дык дзе ўзяць каня? — строга запытаў ён, спыняючыся перад гаспадаром. Той недаўменна паціснуў плячыма.
— Не вем, пан. Нема коня. Пан бачыў…
— Бачыў! Схаваў, зараза! Цяпер ты во што… Вёска далёка?
— Яку пан мысліць вёску?
— Любую. Якая бліжэй. Колькі кіламетраў? Гаспадар моўчкі зірнуў на жонку.
— Вёска? Вёска ест блізка. Пенць кілёмэтраў, — сказала гаспадыня, і абое яны ўставіліся на Антона, відаць, не разумеючы, што той удумаў.
— А хутар? Хутар ёсць бліжэй?
— Хутор ест.
— Колькі кіламетраў?
— Кілёмэтраў два бэндзе, — адказаў гаспадар. — Блізко ест хутор.
— Ага! Значыць, так! — узрадавана рашыў Антон. — Ты топай на хутар і каб праз гадзіну быў тут з канём. Паняў? Перш чым што-небудзь сказаць, гаспадар цяжка ўздыхнуў.
— Так, пан. Але сасед не бардзо дасць коня. Многа лепш бэндзе, калі пан сам сходзіць на хутор.
— Не, так не выйдзе. Ты пойдзеш, а я астануся. Паняў? А будзеш хітраваць, не прывядзеш каня — спалю хутар. Паняў?
Гаспадар маўчаў, гаспадыня таксама маўчала, затуліўшы фартушком твар, і гаспадар зважліва абняў яе за плечы.
— Не тшэба, кохана. Нех бэндзе, як пан сказаў. Я пшыпрувадза коня, нех пан чэка.
— Гэта другая размова, — спакойней сказаў Антон. — Толькі жыва мне! Даю гадзіну часу.
Зоська паспрабавала зручней сесці доле, але толькі варухнулася, як моцна забалела ў баку, і яна застагнала. Яна зразумела, што гэтая гадзіна часу стане мераю і яе магчымасцей. За гэты час чакання абавязкова трэба нешта зрабіць, пасля, мабыць, ужо будзе позна. Пасля магчымасцей у яе не застанецца, час будзе служыць толькі яму, працуючы супраць яе.
Але што можна было зрабіць?
Гаспадар зашпіліў кажух, надзеў рукавіцы і, нешта ціха сказаўшы жонцы, пайшоў да дзвярэй. Антон прыдзірлівым позіркам праводзіў яго да парога і, як толькі дзверы за ім зачыніліся, крута павярнуўся да гаспадыні.
— Ану марш туды! — паказаў ён на другую палову хаты. — I не шавяліся мне!
Гаспадыня не прымусіла сябе чакаць і адразу знікла за філёнчатымі, абклеенымі шызымі шпалерамі дзвярыма. Антон абвёў позіркам трысцен і, напэўна, не знайшоўшы таго, што шукаў, абедзвюма рукамі схапіў стол, які размашыста, праз усё памяшканне пасунуў да дзвярэй, падпершы іх з гэтага боку.
— Во так! Цяпер хай паспрабуе выйсці. Яны зноў засталіся ўдваіх. Зоська сядзела на трошкі прысветленай земляной падлозе, старалася не пазіраць на Антона — яна і без таго адчувала кожны ягоны рух побач. Сківіца яе балела, напэўна, апухала шчака, і яна ціхенька пагладжвала яе левай рукой. Антон, падпершы дзверы, прысунуў туды ж і лаўку, абмацаў і зачыніў на крук дзверы ў двор, зірнуў у акно з запатнелымі шыбамі і сеў на лаўку. Аднак штось яму замінала, пра нешта ён непакоіўся і, ускочыўшы, намацаў рукой на лапатцы прарэху, прасечаную ў кажусе тапаром.
— Зараза! — сказаў ён і вылаяўся. — Забіць хацела?
— Хацела! — не ўтрымалася Зоська. — Шкада, не ўдалося.
— I не ўдасца, — сказаў ён, распяразваючыся. Аднак яшчэ не расперазаўшыся, выняў з-за пазухі наган і старанна запіхаў яго ў цесную, чымсь напіханую кішэню штаноў. Зоська другі раз ледзьве не застагнала ад роспачы, зразумеўшы, што апошні яе намер спляжаны, што з кішэні нагана не выхапіш. I нашто яна адказвала яму, можа б, ён і не заўважыў гэтай прарэхі, лепш было скіраваць ягоную ўвагу на што-небудзь іншае.
Антон тым часам зняў кажушок і пры скупым святле капцілкі стаў разглядаць касую, праз усю спіну дзірку. «Можа, ён пачне яе зашываць, павернецца бокам, — падумала Зоська. — Можа, паспрабаваць?..» Але ўпэўненасці ў поспеху на гэты раз не было, яна проста магла не паспець.
Не, ён не ўзяўся зашываць прарэху — ён адсунуў стол і расчыніў дзверы.
— Гэй, ты! Ідзі сюды! Во табе заданне — зашыць кажух! Паняла!
— Добжэ, пан, — прамовіла з-за дзвярэй гаспадыня.
— Дзесяць хвілін часу. Паняла?
— Добжэ, пан.
— Давай, шый! — сказаў ён, грукнуў дзвярыма і зноў шчыльна падпёр іх сталом.
Сядзець на падлозе ў нязручнай паставе было пакутна, Зоська паспрабавала сесці зручней і пасунулася, каб прыперціся да сцяны. Але толькі яна варухнулася, як Антон падхапіўся з лаўкі.
— Гэй, куды? Ану стой! Бач, спрытная якая…
Ён груба піхнуў яе зноў на асветленую сярэдзіну падлогі, падняў аднекуль з-пад лаўкі абрэзак, напэўна, усё той жа вяроўкі.