— Рукі! Рукі давай. Звяжам, каб спакойней было. Мне і табе. Паняла?
— Гад ты! — сказала яна, ужо не супраціўляючыся, і ён пачаў туга абкручваць яе рукі вяроўкай. Яна толькі хваравіта моршчылася, ледзьве стрымліваючы ў сабе крыўду і боль.
— Баліць жа…
— Нічога, пацерпіш. Яшчэ не так будзе балюча.
— Болей балюча мне ўжо не будзе.
— Будзе. У паліцыі будзе, — проста паабяцаў ён, туга зацягваючы вузел.
— I ты мяне адвядзеш у паліцыю? — запыталася яна, і голас яе здрыгануўся.
— А куды ж мне цябе адвесці? Я хацеў да маці. Але ж ты — супраць.
— Мала таго, што падлюга, дык ты яшчэ і прадажнік, — сказала яна, зноў не стрымаўшы слёз.
Антон старанна завязаў вузел, памацаў яго, падняўся з кукішак і сеў ля стала. Ён злосна маўчаў. Глытаючы слёзы, каб не расплакацца перад ім, маўчала і Зоська. Ніводнаму з яе намераў, мабыць, не наканована збыцца, мабыць, трэба было рыхтавацца да горшага, што толькі магло здарыцца ў яе становішчы. Тым не менш яна прадаўжала сачыць за Антонам, які, ссунуўшы на патыліцу касматую шапку, адхінуўся спіной да стала і зморана расставіў на падлозе доўгія ногі. Капцілка з пячуркі слаба свяціла на яго туга абцягнутыя світэрам плечы, адзін бок насатага твару, на якім бугрылася цяпер нядобрая злая рашучасць.
— Во ты гаворыш: прадажнік, — з нейкаю нават крыўдай загаварыў ён. — Правільна, можа, нават прыйдзецца і прадаць. Але хто мяне змусіў на гэта?
Зоська кісла ўсміхнулася.
— Табе патрэбны апраўданні? — сказала яна, адчуваючы, аднак, што не трэба пачынаць з ім гаворку — подла ўсё гэта і брыдка. Усе іх размовы даўно перагавораны, цяпер паміж імі — бездаць, у якую вельмі хутка, напэўна, прыйдзецца рынуцца ёй.
— Мне напляваць на апраўданні. Але ты сапсавала мне ўсё жыццё. Я не кажу ўжо, што ты хацела мяне забіць. А я чаго для цябе хацеў? Я хацеў з табой жыць. Як палагаецца, па-людску. А ты? Прадажніка з мяне робіш.
— Ты даўно ўжо прадажнік!
— Памыляешся! Я нікога яшчэ не прадаў. Хіба што пачну з цябе першай. Калі ты мяне на гэта штурхаеш…
— Што ж, прадавай! — злосна сказала яна, адчуўшы, як усё ў ёй затрэслася ад злоснай бяссільнай ярасці. — Прадавай! Не ты першы. Але памятай, нават першы падавіўся сваімі срэбранікамі. I за ім усе астатнія.
Антон, здавалася, нібы і не чуў яе гнеўных слоў, яго мала краналі старыя аналогіі, таксама як і Зосьчыны слёзы. Падобна на тое, што ён сам быў пакрыўджаны не менш за яе і цяпер даў выйсце ўсім сваім крыўдам.
— Ты мне наплявала ў душу. Падняла на мяне тапор!
— А ты не напляваў мне ў душу? Не зганьбіў мяне?
— Я? Не. Я табе памагаў. Без мяне ты б даўно ўжо ўлопалася.
Зоська падумала, што ў гэтым, можа, ён і меў рацыю, але пасля таго, што здарылася, яе ўдзячнасць да яго прапала. Яна ўжо гатова была ўзненавідзець сябе за тое, што прымала гэтую яго некалі неабходную ёй дапамогу.
— Я не прасіла цябе памагаць.
— Мала што не прасіла. Я па сваёй волі. Бо кахаў цябе.
— Сволач ты!
— Во дзякуй! Але цяпер ты мне паможаш. Бо табе ўсё адно прападаць. Дык паслужы мне хоць напаследак.
— Во ўжо не! — выкрыкнула яна, скаланаючыся на цвёрдай падлозе. — Гэта не будзе. Не думай. Я цябе бараніць не буду.
— А я і не прашу мяне бараніць. Ты толькі пацярпі трошкі. Да Скідзеля. Во і ўся твая задача.
Зоська ў роспачы ўся абвяла і сціхла. Значыць, яна не памылялася, адгадаўшы ягоны намер, значыць, ён яе павядзе ў паліцыю. Дзіва толькі, як яна не разумела таго ў самым пачатку. Паддалася яго прывабнасці, наслухалася ягоных прызнанняў, растала ад яго кахання. Во гэта каханне, каб яно спрахла! А яна думала… Колькі яна перачытала пра яго ў кніжках, нагледзелася ў кіно. Колькі марыла пра яго да вайны ды і пасля ў лесе! Якім яно ўяўлялася ёй прыгожым! А выпала горшае за самое жыццё. I хто вінаваты? Немцы? Вайна? Час? Антон лічыць, што ва ўсім вінавата яна. Яна ж упэўнена, што ўсяму віной ён і яго шкурныя планы. На якога д’ябла яны сышліся на адной сцежцы ў той начны час каля незамерзлай Шчары, нашто яна дала выцягнуць сябе з рэчкі? Ці не лепей было ціха і неўпрыкмет булькнуць пад лёд, каб не перажываць столькі перажытых і яшчэ наканованых ёй пакутаў?
14
Антон усё прыслухоўваўся да нямой цішы ночы, чакаў пачуць у двары знаёмы тупат каня, часу ўжо мінула даволі, павінен быў вярнуцца гаспадар. Але той не вяртаўся, хаця, напэўна, ужо было больш як за поўнач. Скурчыўшыся, Зоська ляжала на падлозе, і Антон раз за разам пазіраў на яе, каб не развязалася. ён ужо вынес ёй свой прысуд, і, як ні дзіўна, яму не было яе шкода — хай прападае. Няхай прападае, калі яна такая дурніца, ні д’ябла не разумее ў жыцці, не хоча ацаніць ягонай рэдкай па гэтым часе адвагі. Сапраўды, ці шмат знайшлося б у атрадзе мужчын, якія б дзеля такой смаркачкі адважыліся б рызыкаваць галавой, ратаваць яе ад вайны. А ён вось адважыўся. ён пакінуў атрад, правёў яе скрозь асіныя паліцэйскія гнёзды, аберагаў, саграваў. А яна? Чым за ўсё тое адплаціла яму яна?