— Ну што? — нецярпліва крыкнуў сяржант, калі пасыльны падышоў крокаў на дваццаць. Але той толькі махнуў рукой.
— Што, не дайшоў? — запытаў таўстун Пашка.
— Дайшоў. Але што карысці…
— Чаму так?
— Сівага ўзялі! — аб’явіў Салей, падышоўшы, і скінуў вінтоўку прыкладам на снег, ссунуў на патыліцу шапку. Ад яго спатнелага лба ішла пара.
— А гэта… Баба яго? — напомніў сяржант.
— Баба асталася. Ад яе і дазнаўся. Цераз беразнячок не прайсці.
— Ды ну?
— Аблава там. Паліцыя і жандары. Акурат у бярозах заселі.
— А калі правей. Полем?
— А вёска там. З вёскі ўсё на віду. Не пусцяць.
— Дзяла, японскі гарадавы! — паныла сказаў сяржант і павярнуўся назад да раўка. Паўхвіліны ён звузелымі вачмі ўзіраўся ў прытуманеную шэрань прасторы.
— Што ж нам цяпер, дняваць тут? — ціха сказаў да яго Пашка.
— А хрэн яго знае…
— Я так думаю, — пасля паўзы запараным голасам сказаў Салей. — Можна паспрабаваць ля чыгункі. Насыпка там невысокая, але… Якіх паўвярсты.
— А цераз насып не бачна? — усумніўся Пашка.
— Не, не ўбачаць. Калі паўзком…
— Паўзком? З гэтымі во? — злосна кіўнуў сяржант на Антона.
— Калі толькі паўзком, — настойваў Салей.
— Ну і задача, японскі гарадавы! — вылаяўся сяржант і сеў задам у мяккі, неглыбокі тут снег.
Антон насцярожана слухаў, стараючыся нешта ўцяміць з іхняй размовы, але толькі і зразумеў, што прайсці дзесьці нельга, што недзе на іхнім шляху немцы. Цяпер ён нават не ведаў, як аднесціся да гэтай няўдачы. З аднаго боку, ён адчуў міжвольную радасць, што ў гэтых абармотаў штось не заладзілася, і хай — не толькі ж яго спасцігаць няўдачам. Але, разважыўшы, ён адчуў няпэўную яшчэ небяспеку, каб усё гэта не абярнулася для яго яшчэ горшым чынам.
Нядоўга пасядзеўшы на снезе і ўсё хмурачы свае тонкія броўкі, сяржант кіўнуў Пашку, і той апусціўся насупраць на кукішкі, з увагаю ўставіўшыся ў яго востры, па-змоўніцку ажывелы твар. Неўзабаве таўстунок ужо згодна ківаў галавой. Салей, абапёршыся на вінтоўку і стоячы да іх бокам, услухоўваўся ў іхнюю размову. Антон здаля таксама спрабаваў што-небудзь пачуць, але сяржант заўважыў ягоную цікавасць і азірнуўся.
— Ну ты! Ану адыдзі! Адыдзі, адыдзі! На пятнаццаць шагоў марш!
Рабіць не было чаго, Антон паволі адышоўся крыху і спыніўся, коса пазіраючы на партызан. Невыразная трывога пачала ўсё болей тачыць яго і без таго неспакойныя пачуцці. Ён не ўчуў ніводнага слова са сказаных сяржантам дзвюх ці трох фраз, але ён заўважыў, як выпнуўся на хвіліну звычайна дабрадушны і мяккі твар таўстуна Пашкі, які, праўда, хутка зноў стаў ранейшы. Салей трохі паморшчыўся і ўпаўголаса пацвердзіў:
— А што, можна…
Не так зразумеўшы, як здагадаўшыся, Антон спярша амаль памярцвеў ад страху, а пасля ў ягоную свядомасць варам шыбануў спалох, і ён кінуўся да сяржанта.
— Што вы робіце? За што? Я партызан, я з немцамі ад вясны ваюю, а вы? Не маеце права!
— Ты што? Ты што? — марудна падняўся сяржант. — Ану ціха!
— Гэта безабразіе! Я чэсны! Я свой, савецкі, а вы…
— Ціха! — крыкнуў сяржант. — Японскі гарадавы! Ты чаго разышоўся? Ты ж вунь да немцаў дзёру даць збіраўся. Ты ж іхні агент.
— Я не агент! Я партызан з «Сувораўскага». Гэта яна па злосці, — кіўнуў ён на Зоську. — Там паміж намі праізашло… Хай яна пацвердзіць. Зося! — крыкнуў ён Зосьцы з такім роспачным сумам, што, здаецца, камень бы не стаў абыякавы. Зоська, аднак, паўзіралася ў яго, звузіўшы вочы, і прамаўчала.
— Што ж мы, на руках цябе панясём? — з’едліва расцягваючы словы, сказаў сяржант. — Там, можа, з боем прабівацца прыйдзецца. I паўзці трэба?
— Панятна, паўзці, — згодна пацвердзіў Салей.
— Ну што ж, я папаўзу! Я ўмею. Паверце, яй-Богу. Навошта ж губіць бязвіннага? Я ж нічога такога…
У ім усё напружылася і аж дрыжэла ад прадчування таго, што зараз, відаць, усё і рашыцца. Відаць, апошняе слова будзе за гэтым сяржантам. Але чаму б не заступіцца за яго Зосьцы? Чаму яна маўчыць, як набраўшы ў рот вады? Гэтыя ж яго бачаць упершыню і прымаюць за нейкага агента, але ж яна можа сказаць, што ён не агент. Ён партызан! З той самай Ліпічанскай пушчы, з таго ж атрада, што і Зоська. Чаму ж яна не заступіцца за яго? Няўжо яна не разумее, што яны ўдумалі з ім зрабіць?
— Зося, скажы ім: я ж не вораг. Ты ж ведаеш, я чэсна ваяваў і чэсна ваяваць буду. Ці мала што паміж намі здарылася! Пры чым жа тут яны? Скажы, Зося!