Можа быць, які кіламетр яны, дужа ўгнуўшыся, беглі ўздоўж невысокага насыпу. Але вось насып нарэшце зраўняўся з полем, а галоўнае, скончыўся хмызнячок прысадаў, сяржант упаў грудзьмі на бераг канавы, і яны ўсе пападалі на яго. Яны не адважваліся зірнуць цераз насып і толькі слухалі, але быццам па той бок чыгункі іх яшчэ не заўважылі. Што ж, наперадзе было самае труднае — трэба было паўзці.
Рыхлы неглыбокі снег заняўся пад ранак тоненькай хрумсткай скарынкай, якая, аднак, балюча рэзала счырванелыя Зосьчыны рукі; яе спаднічка і калені вельмі хутка змакрэлі, але яна не адчувала сцюжы. Ёй нават зрабілася душна пад цёплаю хусткай, дзяўчына ссунула яе на патыліцу і ледзьве спраўлялася за порстка мільгаўшымі ў канаве Антонавымі ботамі, баючыся адстаць і тым парушыць парадак. Зноў жа ззаду ўвесь час на яе насядаў Пашка — яна разы два азірнулася, і яго потны твар аказаўся ля самых яе ног. Далей за ім, валюхаючы аснежаным, у армяку задам, варушыўся Салей.
Так, уткнуўшыся тварам у снег і нічога не бачачы навакол, яны прапаўзлі з паўкіламетра, і Зосьцы пачало ўжо здавацца, што яна болей не вытрывае. У грудзях яе гарэла ад стомы, спіна, плечы і жывот — усё аблівалася ліпкім гарачым потам. Збоку зноў пачаліся рэдзенькія кусцікі, здаецца, ужо недалёка быў хвойнік, калі яна ледзь не налезла ў канаве на нерухомы Антонаў бот і сама знерухомела таксама. Толькі яна ўзрадавалася нечаканаму перапынку, як сяржант, азірнуўшыся, ярасным шэптам кінуў: «Хутка! Упярод!» — і боты Антона замільгалі з такой быстрынёй, што яна адразу адстала. З усяе сілы перабіраючы рукамі і размазваючы каленямі гразь пад снегам, яна кінулася за ім, балюча выцялася каленам аб нейкі камень у снезе, сцяла зубы ад болю. I ўсё ж яна адставала. Яна адчувала блізкую, затоеную да пары небяспеку і разумела, што трэба хутчэй. Але хутчэй яна не магла. Яна толькі закусіла вусны, калі, ткнуўшы ў яе нагой, з нейкай незразумелай паспепшасцю цераз яе перакуліўся Пашка, яна думала: перакуліцца яшчэ і Салей, і падрыхтавалася застацца апошняй. Але Салей не абмінаў яе, ён упарта поўз ззаду. Антона яна ўжо і не бачыла, яна безнадзейна адставала і, каб пераканацца, што гіне, набралася рашучасці і зірнула з канавы.
Яна не магла бачыць управа — усё ж іх затуляў невысокі насып чыгункі, затое аднаго позірку ўлева было даволі, каб схаладнець ад страху. Зусім недалёка наперадзе з папярэчнай дарогі цягнуліся да чыгункі некалькі вазоў з седакамі. Пакуль яны, мабыць, нічога не прыкмячалі ў канаве, але, пад’ехаўшы бліжэй, бясспрэчна ўбачаць усё. Сяржант, напэўна, ірвануўся праскочыць раней, можа, пад носам у гэтых вазоў, але праскочыць ён ужо не паспее. На некалькі кароткіх секунд Зоська абмерла ад убачанага, не маючы сілы дагнаць пярэдніх і не ведаючы, што рабіць. Хапаючы ротам паветра, яна ніцма ляжала ў канаве, пакуль не адчула моцны штуршок у бот.
— Бягом! Бягом, ты, не бачыш?! — крыкнуў на яе Салей, і яна ўскочыла.
Нізка сагнуўшыся, яна пабегла ў канаве за трыма ўжо далекаватымі постацямі, што шыбавалі да хвойніку, — сяржанта, Пашкі і Антона. Самае страшнае было цяпер для яе адстаць, згубіць тых, ад каго яшчэ дзесяць хвілін назад яна гатова была ўцячы. Цяпер яна бачыла ў іх адзіную для сябе абарону, страціўшы якую, ужо не магла ўберагчыся ад пагібелі ў гэтым полі.
Аднак бегчы было не лягчэй, чым паўзці, яна зусім знемагла і немачна дыхала шырока разяўленым ротам. Дужа гнучыся, яна не магла бачыць управа, адкуль неяк пагрозліва гучна бабахнуў першы вінтовачны стрэл. Яна не ведала, ці гэта стралялі па ёй, ці, можа, па тых, што беглі наперадзе, але яна адразу ўпала і тут жа ўскочыла ад злоснага крыку Салея:
— Бягом, ты, разява, туды-т тваю!..
Не ведаючы, каго болей баяцца — тых, што пачалі страляніну за насыпам, ці тых, што зусім блізка пад’ехалі па дарозе, яна, заплятаючыся нагамі, зноў пабегла па здратаванай слядамі канаве. Хлопцаў наперадзе яна ўжо не бачыла, перад яе тварам толькі мільгаў разварочаны нагамі снег, і яна, нізка схіліўшыся, бегла па гэтым снезе. Але стрэлы з-за насыпу загрукалі часта, адна куля, мабыць, трапіла ў рэйку, з шалёным трэскам абдала яе снегам. Праўда, Зоська не ўпала. Яна толькі здзівілася, убачыўшы недалёка ў канаве хлопцаў. Здаецца, аднак, усе былі цэлыя, і Пашка нават страляў цераз насып, астатнія проста ляжалі, знямогшыся. Зоська таксама ўпала каля знаёмых растаптаных ботаў Антона. Некалькі хвілін хапала ротам паветра і слухала. Сяржант усё лаяўся, астатнія маўчалі. Здаецца, наперад праходу ўжо не было, дарога ў лес была адрэзана. Выпусціўшы кудысь абойму, Пашка споўз задам з насыпу і пацягнуў за сабой вінтоўку.